Пад Бранскам 5 лютага зьнішчылі 24 скрынкі з замарожанымі цвыркунамі невядомага паходжаньня агульнай вагой 480 кг, піша Рассельгаснагляд.
Машыну з кузуркамі спынілі на мінулых выходных на тэрыторыі Расеі па дарозе з Касьцюковіч (Беларусь) у Сураж (Бранская вобласьць Расеі). За рулём быў грамадзянін Беларусі. Вэтэрынарных дакумэнтаў на груз, а таксама этыкетак з маркаваньнем і датай вырабу не было.
Кіроўцу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Цвыркуноў утылізавалі неназваным спосабам ва Ўнецкім вэтсанутыльзаводзе.
У мінулым сакавіку Бранскі Рассельгаснагляд ужо зьнішчаў цвыркуноў зь Беларусі — тады 640 кг насякомых невядомага паходжаньня у 39 скрынках без этыкетак спалілі на тым самым заводзе. Летась адзначалася, што такі экзатычны груз бачылі ўпершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Менскам гадуюць цвыркуноў, каб прадаваць іх за мільёны даляраў. ВІДЭАЦвыркуноў ужываюць ня толькі як корм для іншых жывёлаў, але і як страву для людзей. Для гэтага кузурак разводзяць у тым ліку ў Беларусі; пакаштаваць смажаных цвыркуноў можна ў некаторых барах Менску.