У сюжэце Беларускай тэлевізіі ўсіх дырэктараў буйных цукровых камбінатаў Беларусі, а таксама некалькіх іншых кампаній, абвінавацілі ў карупцыі шляхам продажу ўпакоўкі для цукру. Свабода паглядзела, што з кампаніямі, пра якія ішла гаворка, і ў чым магла быць карупцыйная схэма.
Што сказалі па БТ, коратка:
- Дробны расейскі бізнэсовец даваў хабар усім чатыром дырэктарам цукровых заводаў.
- Дырэктары адкрылі ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», каб рабіць упакоўку для цукру.
- Фірма набывала дарагую сыравіну з расейскай фірмы «Полимер».
- Абедзьве фірмы «не сьвяцілі» свае даходы, а «дзялілі паміж сабой».
- Злачынную схему пакрываў былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня.
- Прыбыткі «цукровых кіраўнікоў» складалі мільёны даляраў, па іх яны езьдзілі ў офіс расейскай кампаніі «Полимер».
Фірма, якую нібыта стваралі знарок пад «цукровую афэру», дзейнічае 20 гадоў
У сюжэце БТ гаворыцца пра фірму «Еўратарэкс», якую нібыта стварылі ў Беларусі адмыслова пад злачынную схему, пра што ў эфіры расказаў сьледчы Канстанцін Бычак. Згодна зь дзяржаўным рэестрам, гэтая фірма зьявілася 20 гадоў таму. Яе кіраўнік Дзьмітры Сямашка. Свабода засьпела яго на працоўным месцы, у Гарадзеі, дзе зарэгістравана прадпрыемства.
«Пакуль нашая арганізацыя працуе, як і працавала. А ўсё астатняе, думаю, будзе камэнтаваць сьледзтва», — сказаў Дзьмітры Сямашка.
З сайту арганізацыі вынікае, што яна займаецца вытворчасьцю поліпрапіленавых мяхоў, мае дзьве тэхналягічныя лініі, магутнасьці дазваляюць выпускаць да 22 мільёнаў адзінак прадукцыі на год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цукровая справа». Беларусь набывала сыравіну для цукру ў Расеі, хоць мела сваюУ партнэрах арганізацыі прапісаныя ўсе цукровыя заводы і яшчэ з тры дзясяткі розных дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў.
Сыравіну, апроч згаданага ў сюжэце БТ расейскага «Полимера», на прадпрыемства пастаўляюць яшчэ 5 арганізацый, у тым ліку беларускае «Белхім» — адно з самых старых прадпрыемстваў краіны.
«Еўратарэкс» не зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, мае сумесную форму ўласнасьці з доляй замежнага капіталу.
Арганізацыя мела некалькі судоў аб вяртаньні грошай зь дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не расплаціліся за прадукцыю. Напрыклад, Глыбоцкі камбікормавы завод быў вінен прадпрыемству 24 тысячы рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры з чатырох цукровых камбінатаў, кіраўнікоў якіх нібыта затрымалі, працуюць са стратаміРэгулярна «Еўратарэкс» правяралі, у тым ліку Міністэрства падаткаў і збораў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пра парушэньні не паведамляецца.
Расейскі «Полимер», у якога, як паказалі па БТ, куплялі сыравіну па завышаных цэнах, зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры Расеі. Заснавальнік — Сяргей Кананенка, які, паводле БТ, цяпер затрыманы.
Гэтая кампанія чым толькі не займаецца: ад продажу прамысловых хімікатаў да рэклямы, жыльля, фатаграфіі і перакладу.
Зарэгістравана арганізацыя ў цэнтры Масквы.
Даходы яе за 2018 год — 1,6 мільёна даляраў. Але чысты прыбытак 92 тысячы даляраў, ці 5,8 мільёна расейскіх рублёў.
Вэрсіі Лукашэнкі і КДБ разышліся
У сюжэце, які паказалі па БТ, уся схема круціцца вакол упакоўкі для цукру і сыравіны для яе. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка дагэтуль казаў зусім пра іншую схэму.
«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў», — казаў Лукашэнка перад выхадам сюжэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскі цукар маглі завозіць, каб пагасіць страты». Пра якую махлярскую схему з цукрам казаў ЛукашэнкаТут вядзецца пра цукар, а не ўпакоўку. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, схема, за якую затрымалі цукровых кіраўнікоў, выглядала так: продаж беларускага цукру ў Расею па заніжаных цэнах, продаж яго там праз кампанію ў Маскве ўжо па высокіх цэнах і пасьля продаж лішку ў Беларусь таксама па высокіх цэнах.
Экспэрты, блізкія да харчовай галіны, казалі Свабодзе, што расейскі цукар маглі завозіць у Беларусь, бо ён таньнейшы, каб пакрыць страты цукровых прадпрыемстваў. Тры з чатырох прадпрыемстваў, кіраўнікоў якіх затрымалі, — стратныя. Расея падвысіла вытворчасьць цукру, цэны на яго ўпалі. А Беларусі папросту няма куды яго прадаваць, бо ўвесь экспарт апошнія гады быў арыентаваны на ўсходнюю суседку.
Што вядома пра «цукровую справу»
КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» да бізнэсоўцаў. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.
Расьсьледаваньне працягваецца. Сьледчы Канстанцін Бычак сьцьвярджае, што фігуранты даюць паказаньні з прызнаньнямі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
Цяпер затрыманыя:
- дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
- дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
- дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
- дырэктар Скідальскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
- Былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня,
- дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
- Заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.