Мэмарыял памяці ахвяраў Галакосту «Яд Вашэм» у Ерусаліме прынёс прабачэньні за тое, што матэрыялы, прадстаўленыя на Сусьветным форуме, прысьвечаным 75-й гадавіне вызваленьня нацысцкага лягеру сьмерці Аўшвіц-Біркенаў, скажалі гістарычныя факты пра ролю СССР у Другой сусьветнай вайне.
У лісьце «Яд Вашэм», накіраваным у газэту Haaretz, гаворыцца, што інфармацыя, прадстаўленая на форуме, у якім узялі ўдзел дзясяткі сусьветных лідэраў, мела «недакладнасьці» і «частковае выкладаньне фактаў», што «стварыла незбалянсаванае ўражаньне».
Гэта выклікала крытыку з боку гісторыкаў, палітыкаў і іншых грамадзкіх дзеячоў, прычым некаторыя з заўваг былі накіраваныя непасрэдна на «Яд Вашэм».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вызвалілі, але не прынесьлі свабоды». У чым сутнасьць вайны слоў паміж Польшчай і РасеяйНа форуме ня згадвалі ні злачынстваў Савецкага Саюзу падчас Другой сусьветнай вайны, ні яго адказнасьці за яе пачатак. У іх нічога не гаварылася аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж СССР і Нямеччынай у 1939 годзе, на паказаных мапах няслушна былі пазначаныя межы Польшчы і яе суседзяў, не было ніякіх адсылак да Ўкраіны, якая знаходзіцца ў канфлікце зь цяперашнімі расейскімі ўладамі, адзначаецца ў лісьце «Яд Вашэм».
Як піша выданьне, вядучую ролю ў арганізацыі форуму адыгрываў Мошэ Кантар, прэзыдэнт Эўрапейскага габрэйскага кангрэсу, бізнэсовец і мільярдэр, якога лічаць блізкім да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
У лісьце «Яд Вашэм» фактычна прызнае, што дапусьціў скажэньне гістарычных фактаў на форуме ва ўгоду палітычным і дыпляматычным інтарэсам Пуціна, піша Haaretz.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар: Польшча ў даўгу перад СССР за вызваленьне ад фашызмуРаней стала вядома, што ад удзелу ў падзеі адмовіўся прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, бо адным з галоўных гасьцей форуму стаў Пуцін. Як пісалі польскія СМІ, для Варшавы непрымальная сытуацыя, калі кіраўнік польскай дзяржавы будзе вымушаны слухаць, як расейскі лідэр «працягне выказваць ілжывыя тэзісы пра Другую сусьветную вайну».
Пуцін у апошнія дні 2019 году некалькі разоў выказаўся аб прычынах пачатку Другой сусьветнай вайны, палітыцы Польшчы і СССР у перадваенныя гады, аб так званым пакце Молатава — Рыбэнтропа. Пуцін, у прыватнасьці, абвінаваціў Польшчу ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай пры падзеле Чэхаславакіі, назваў польскага амбасадара ў Бэрліне «антысэміцкай сьвіньнёй» і фактычна апраўдаў савецкае ўварваньне ў Польшчу ў верасьні 1939 году, паўтарыўшы тэзісы савецкай прапаганды пра тое, што польскі ўрад тады не кіраваў краінай. Выказваньні Пуціна выклікалі рэзкую рэакцыю Польшчы і спрэчкі ў расейскім грамадзтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі прэзыдэнт байкатаваў Сусьветны форум Галакосту ў Ерусаліме. Тлумачым, чамуАўшвіц-Біркенаў быў вызвалены савецкімі войскамі 27 студзеня 1945 году. Цяпер на тэрыторыі былога лягера адкрыты музэй, унесены ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO.