Дзясяткі сусьветных лідэраў прымуць удзел у Сусьветным форуме Галакосту, арганізаваным 23 студзеня ў Яд Вашэме, напярэдадні 75-годзьдзя вызваленьня нацысцкага канцлягера Аўшвіц-Біркенаў, піша Rzeczpospolita.
Падчас форуму выступяць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, прэзыдэнт Ізраіля Рэўвэн Рыўлін, а таксама кіраўнікі Францыі і Нямеччыны і брытанскі прынц.
Ва ўрачыстасьці не прымае ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён адмовіўся ехаць у Ерусалім пасьля таго, як арганізатары не прадугледзелі яго прамовы падчас цырымоніі.
Прэзыдэнт Дуда вырашыў байкатаваць цырымонію ў Ізраілі ў сувязі з ранейшымі заявамі Ўладзіміра Пуціна, які абвінаваціў Польшчу ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны.
У сувязі з тым, што арганізатары Сусьветнага форуму Галакосту не прадбачылі, што польскі прэзыдэнт выступіць падчас цырымоніі, узьнікла боязь, што польскаму прэзыдэнту давядзецца пачуць — без права адказу — чарговую атаку расейскага прэзыдэнта на Польшчу.
27 студзеня, у гадавіну вызваленьня нацысцкага канцлягеру, Польшча арганізуе ўласную цырымонію вызваленьня Аўшвіц-Біркэнаў.
Арганізатарам Сусьветнага форуму Галакосту зьяўляецца Мошэ Кантор, алігарх і палітык, які ўспрымаецца як саюзьнік прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, піша Rzeczpospolita.