Кастусь Каліноўскі пакінуў даволі вялікую спадчыну. Цяжка пераацаніць значэньне першай беларускай газэты «Мужыцкая праўда». Толькі за яе чытаньне і распаўсюджваньне было пакарана сьмерцю або высылкай мноства беларускіх патрыётаў.
Афіцэраў царскай арміі, беларусаў з паходжаньня, за чытаньне «Мужыцкай праўды» салдатам расстрэльвалі. Так у чэрвені 1863 году каля брамы менскага Пішчалаўскага замку быў расстраляны Міхаіл Цюндзявіцкі з Барысаўскага павету.
Нацыянальны маніфэст
Але па-над усім у спадчыне Каліноўскaга стаяць ягоныя «Лісты з-пад шыбеніцы», першая назва якіх — «Да беларускага народу». Вось да каго ён зьвярнуўся перад сьмерцю!
Ужо ў самым пачатку першага ліста, які Каліноўскі даслаў з турмы ў газэту «Głos z Litwy» як артыкул, ён адмяжоўваецца ад расейцаў і ад палякаў:
«... Пісьмо аддрукуйце, каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае...»
У гэтай і наступных частках «Лістоў з-пад шыбеніцы» ён працягвае выкарыстоўваць уведзенае ім у ранейшай публіцыстыцы паняцьце народнай (мужыцкай) праўды — праўды беларусаў або беларускай праўды:
«...Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім [замежным народам] адкажы».
«Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці...»
«...Но ня жаль згінуць за тваю праўду».
Беларуская праўда (ідэя, рацыя, права, справядлівасьць) выступае ў «Лістах» пад трыма фармулёўкамі — «праўда», «твая праўда», «наша праўда». Пара прыналежных займеньнікаў «твая-наша» паказвае, што Каліноўскі назаўсёды залучыў сябе да ліку беларусаў, ад імя якіх і да якіх ён піша лісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Беларусі — шляхта
Пасьля гэтага маніфэсту абвясьціць Каліноўскага некім іншым проста немагчыма. Гэта поўнае нацыянальнае ўсьведамленьне і атаясамленьне сябе зь беларускім народам. Ён піша ад імя мужыка-беларуса і на ягонай мове — па-беларуску.
Нацыянальная ідэя
У «Лістах з-пад шыбеніцы» ўтрымліваюцца яшчэ не сыстэмна сфармуляваныя, але ўжо дакладна акрэсьленыя пастуляты беларускай нацыянальнай ідэі. Іх дзесяць. І ўсе яны дагэтуль актуальныя:
1. Самы галоўны зь іх: Мы — беларусы. Гэта слуп, на якім стаіць Беларусь. Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе зь беларускім народам, фактычна, называе сябе беларусам і сьцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу:
«...Каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае».
«...Енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш сьпявае».
«... Нам пад рондам польскім не заўсім было добра».
2. Каліноўскі называе першаступеннай каштоўнасьцю сувэрэнітэт народу:
«Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль... гэтак ня робіць».
3. У некалькіх месцах Каліноўскі называе вялікай каштоўнасьцю патрыятызм. Вось адно зь іх:
«...Ты, аднак, народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну».
4. Каліноўскі ставіць пытаньне пра сацыяльную справядлівасьць у будучым беларускім грамадзтве:
«...Ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага за ўсяго карыставаць».
5. Каліноўскі адкідае расейскі тэзіс пра «брацтва» беларускага і расейскага народаў, моцна яго крытыкуе, піша пра рэкруцкія наборы, высылкі ў Сібір і параўноўвае расейскіх чыноўнікаў з саранчой. Паводле Каліноўскага, Расея
«пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаваньне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі і беларуская ідэнтычнасьць. Замоўце новую кнігу Бібліятэкі Свабоды
6. Каліноўскі разумее, што з усіх суседзяў Беларусі менавіта Расея распрацавала найбольш грунтоўны комплекс ідэалягічных і гістарычных аргумэнтаў для асыміляцыі беларусаў. Ён піша пра несправядлівую забарону Ўніяцкай царквы і, фактычна, выказваецца за яе вяртаньне:
«... Каб сьлёзы мужыцкія ня трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху — нашу веру ўніяцкую».
7. Каліноўскі ставіць пытаньне пра адукацыю на роднай мове. Два апошнія тэзісы, відавочна, разумеюцца ім як процівага асыміляцыі:
«... Маскаль... там, дзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску».
8. Каліноўскі высоўвае тэзіс пра разьвіцьцё ў будучай Беларусі ўсеагульнай адукацыі, культуры і навукі як гарантыю ўсеагульнага дабрабыту:
«...Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе».
9. Каліноўскі называе найбуйнейшую геапалітычную пагрозу для існаваньня Беларусі і беларускага народу. Гэта — «маскаль», Расея:
«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».
10. Каліноўскі ставіць пытаньне пра неабходнасьць арыентацыі Беларусі на Польшчу, а значыць — на Захад. Ён відавочна яшчэ ня мае яснага бачаньня далейшага лёсу сваёй краіны, ня ведае, у якой форме будзе захаванае адзінства Польшчы, Літвы і Беларусі — фэдэрацыі, канфэдэрацыі ці нейкай іншай форме дзяржаўнага саюзу — і ці будзе яно захаванае наогул. Але праз увесь тэкст «Лістоў з-пад шыбеніцы» параўноўвае парадкі і падыходы «ронду польскага» з «рондам маскоўскім» і прыходзіць да высновы, што
«... Польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасьці дзела».
«Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду... грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную».
Арыентацыю на Польшчу ХІХ стагодзьдзя ва ўмовах тагачаснага процістаяньня з Расеяй — у ХХІ стагодзьдзі можна сьмела трактаваць як заклік Каліноўскага да празаходняй геапалітычнай арыентацыі Беларусі і жыцьцёвую неабходнасьць такой арыентацыі для народу і краіны ў будучыні.
Апошняя цытата наогул усёабдымная. Яна адна можа быць і палітычным запаветам, і нацыянальнай ідэяй. Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу тэзіс пра «чалавечае права» (захаваньне правоў чалавека), пра «народнае права» (захаваньне нацыянальных правоў), а за заклікам ваяваць «за сваю зямлю радную» зноў стаіць тэзіс пра вялікую каштоўнасьць патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны.
Гэта — клясыка беларускай палітычнай ідэі, яе вытокі.
***
***
Таксама чакаем вас на фэстывалі «Uzajemna», які пройдзе 2 лютага з 17:00 да 22:00 у клюбе «Re: public». У 17:00 Сяргей Абламейка падпіша кнігі першым 100 наведнікам фэсту.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.