Незвычайна чырвоныя, апечаныя рукі — гэта, бадай, адзінае, што нагадвае пра 20 гадоў «наркаманскага» стажу Натальлі. Яна «завязала» пяць гадоў таму, адседзела і пачала новае жыцьцё.
«Іх ацанілі ў нулявы ацэначны кошт»
Натальлі 43 гады. Усё жыцьцё яна жыве ў вёсцы пад Горадняй. Цяпер хату зь ёй дзеляць маці, кот-сьфінкс Ватсан і двое былых асуджаных, якіх жанчына запрасіла часова да сябе, бо «яна так можа».
Гераіня доўга разважала, ці пагаджацца на размову. Маўляў, нічога незвычайнага яна ня робіць.
Чатыры месяцы таму вяскоўка выйшла на волю пасьля пятага тэрміну. Агулам у калёніях правяла каля сямі гадоў. Апошні раз адбывала пакараньне ў рэчыцкай калёніі. Там і захапілася мастацтвам. Вучылася маляваць паўгода. У іх выкладала тэатральная рэжысэрка і кіраўніца студыі мастацтва Натальля Дземідовіч. У студыі спачатку займаліся 12 жанчын, засталіся шасьцёра.
«Я працавала ноччу ў калёніі днявальнай, сачыла за парадкам, за захаваньнем рэжыму. Паўтара года па начах ня спала і малявала. Удзень спала па чатыры гадзіны», — расказвае Натальля.
Праўда, дзесяць карцін Натальлі засталіся на зоне — яны належаць калёніі.
«У мяне няма такіх правоў. Усе напісалі адмову [ад правоў на карціны]... Іх ацанілі ў нулявы ацэначны кошт», — узгадвае Натальля.
«Ватсан вельмі любіць пастэль»
У яе засталася фатаграфія ейных твораў, якія нават удзельнічалі ў выставе. Усе яны — копіі вядомых карцін. Тут Ван Гог, Пікаса, Рэрых, Сяроў.
На волі Натальля пасьпела ўжо намаляваць новае. На століку ляжыць недакончаны малюнак пастэльлю — выява каня, копія карціны аднаго брытанскага мастака.
«Гэтая фарба — як крэйда. Яны ня вельмі дарагія, даступныя мне па кошце. Іх можна набываць па адной. Яна каштуе 90 капеек», — тлумачыць Натальля.
Настольнай кнігай для яе стаў падручнік па мастацтве. Часам яна перамалёўвае карціны па клетачках, іншым разам на вока. Цяпер ужо бывае, што малюе не з чужых карцін, а з натуры.
Раптам на карціну з канём заскоквае кот Ватсан і ўцякае. Гаспадыня злуецца на ката і хавае твор. Пастэль добра раскоўзваецца — выява псуецца, а па хаце потым бягуць дзясяткі каціных сьлядоў.
«Ватсан вельмі любіць пастэль і вельмі любіць карціны. Пахуліганіць мы вельмі любім, і камэру мы таксама любім. Калі моцна хуліганіць, тады ён Вася», — цёпла кажа пра гадаванца вяскоўка.
Кот у хаце зьявіўся, пакуль Натальля была ў калёніі. У гэты час памёр ейны тата, і жывёліна дапамагала маці ня так моцна сумаваць і дачакацца дачкі.
«Ён абсалютна не агрэсіўны. Ніколі ня будзе драпацца. Ён вельмі пяшчотны. Любіць быць на руках», — кажа гаспадыня пра Ватсана.
«Якое стаўленьне да асуджаных? Асьцярога. Страх»
Цяпер Натальля працуе прыбіральшчыцай у адным з гандлёвых цэнтраў Горадні. Кажа, што прэтэнзій да яе няма, бо яна гаруе, «як конь». Але ня ўпэўненая, што яе ўзялі б на працу, калі б ведалі пра ейнае мінулае.
«Грамадзкая думка ня моцна добрая. Якое стаўленьне да асуджаных? Асьцярога. Страх. Куды яго падзець нармальнаму чалавеку, які ніколі не сутыкаўся [з такім]? Яму будзе страшна мець падначаленага асуджанага. Вы б хацелі, каб пад вашым кіраўніцтвам працавала зэчка? Гэта вялікая рызыка. Гэта вам мяне судзіць», — шчыра кажа жанчына.
— Вы пастаянна адчуваеце асуджэньне?
— Не. Я хутка адаптуюся. Я адкрытая, шчырая і камунікабэльная, таму мне ня цяжка.
Натальля расказвае пра сябе вельмі спакойна, нібыта без эмоцый. Кажа, што прыняла сябе такую.
«Калі б не залежнасьць, была б выдатнай мэдсястрой»
Ужываць опіюм яна пачала яшчэ ў школе.
«Я ж у вёсцы жыву. Тут колькі заўгодна расло [маку] на той момант. Канечне, я ўмела гатаваць», — кажа яна.
Чаму пачала ўжываць, памятае кепска. Мабыць, таму, што хацелася паспытаць незвычайнага.
Пасьля школы вывучылася на мэдсястру, бо хацела дапамагаць людзям. Працавала ў рэанімацыі, потым масажыстам. Агулам у мэдыцыне два гады.
«Мне мэдыцына падабалася... Як асоба я сабой нешта ўяўляла. Я працавала зь вялікай любоўю. Калі б не мая залежнасьць, думаю, я была б выдатнай мэдсястрой. Мы ратавалі людзей ад сьмерці», — кажа яна.
Працаваць мэдыкам доўга не змагла, бо мела спакусу ўзяць на працы моцныя лекавыя сродкі і ўжываць як наркотыкі.
Потым перавучылася і пайшла на будоўлю маляром.
«Я не шкадую! Што вы? Калі я буду шкадаваць, я буду жыць учорашнім днём ці будучым. А я жыву сёньняшнім. Малюю, працую», — усьміхаецца жанчына.
Яна кажа, што асобы, залежныя ад цяжкіх рэчываў, як алькаголь і наркотыкі, дэградуюць. Маральныя прынцыпы ў іх сьціраюцца амаль цалкам.
«Прыняцьце сябе адбываецца, калі ты цалкам адмаўляесься [ад наркотыкаў і алькаголю] насамрэч. Прыняцьце сябе як чалавека залежнага. Тады прыходзіць пакора», — кажа Натальля.
Раней, яшчэ да апошняга зьняволеньня, яна хадзіла ў групу ананімных наркаманаў. Думае, што гэты спосаб барацьбы з залежнасьцю працуе.
«На першы час, калі ў цябе не застаецца сяброў, у адзіноце заставацца вельмі ня хочацца. Для залежнага чалавека адзінота — гэта правакацыя [каб ужыць], таксама правакуе голад, стомленасьць, злосьць. Зьмяняюцца сябры — зьмяняецца лад жыцьця», — тлумачыць былая наркаманка.
«Адчуваць сябе тою, якая адбылася»
Цяпер група падтрымкі ёй ужо ня так патрэбная.
«У пэўны час я перабудавала сваё жыцьцё. Малюнак быў апошняй кропляй, якая дазваляе мне жыць досыць гарманічна. Адчуваць сябе ўнутры тою, якая адбылася», — кажа Натальля.
Чаму менавіта перастала ўжываць, суразмоўніца пакуль ня хоча агучваць. Кажа, што гэта надта асабістая прычына. «Завязала» за год да калёніі. Потым на тыдзень сарвалася. У гэты час яе затрымалі. З таго моманту 4,5 года не ўжывае наркотыкі.
«Цяпер я не разумею, што гэта такое, навошта яно. Я адчуваю сябе досыць гарманічна. Гэта бессэнсоўна, гэта абсурд», — кажа яна.
— Чаму тады іншыя людзі застаюцца залежнымі?
— Бо гэта наймацнейшая залежнасьць. Навучыцца жыць зь ёй, як я, вельмі няпроста. Гэта тытанічныя высілкі.
Натальля цяпер чытае кнігі па псыхалёгіі, «Падарожжа на Ўсход» Германа Гесэ, «Плянэту людзей» Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. На тумбачцы ляжыць Біблія.
«Біблію як мастацкую кнігу зь цікаўнасьці, канечне, чытала не ў калёніі, і не адзін раз. Чытаць зь верай — гэта абсалютна інакш, нешта адкладаючы ў сваім сэрцы», — кажа Натальля.
— Што паўплывала на тое, што вы пачалі маляваць, чытаць сур’ёзныя кнігі?
— Жаданьне жыць. Але не калёнія.
— Дзеля гэтага трэба было прайсьці ўвесь ваш шлях?
— Гэта зусім не абавязкова, — пачынае сьмяяцца суразмоўніца. — Можна жыць і так, цалкам сабе прыстойна і шчасьліва. Каштоўнасьць роднага голасу, калі вы ня бачыце чалавека, праяўленьне любой кветачкі, паветра я бачу цалкам, у паўнаце. Вы так не перажывяце — гэта дакладна.
«Мы жывём не на тое, каб есьці»
Яна мяркуе, што калёнія не выпраўляе, а хутчэй псуе людзей. Самае цяжкое там, на ейную думку, — захаваць саму сябе. Асяродзьдзе вельмі агрэсіўнае, асабліва для тых, хто неаднаразова асуджаны.
«Не ў фізычным сэнсе, хоць і ў жанчын бываюць бойкі... Лад думак і жыцьця асуджаных іншы. Гэта свае правілы, законы. Белай і пушыстай ты, канечне, ня будзеш. Але варта ня стаць здольнай на подласьці, зусім гнілыя ўчынкі. Трэба мець мужнасьць, каб застацца чалавекам. Захоўваць свае прынцыпы цяжка, бо лягчэй выжываць, калі іх не захоўваць. На жывёльным інстынкце ты пракоціш хутчэй», — разважае Натальля.
Натальля мяркуе, што ёй удалося захаваць сябе. Аднак у яе засталіся не зусім адэкватныя рэакцыі, прыкладам, надта рэзка адказаць на непрыязнасьць у краме.
«Часам я магу крыкнуць там, дзе ня трэба», — прызнаецца яна.
Што да сваёй дапамогі іншым, Натальля саромеецца шмат пра гэта казаць. З жанчынай, якую яна запрасіла да сябе, вяскоўка адбывала разам пакараньне. Мужчына, таксама былы зьняволены, жыве ў частцы дома з асобным уваходам.
«Я думаю, мы жывём не на тое, каб есьці. Калі мы можам зрабіць нешта добрае, дык чаму яго не зрабіць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Двое трымаюцца, двое сарваліся». Як у Менску былых зьняволеных прывучаюць хадзіць на працу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Трэнэрка фэйсфітнэсу: «Нашым жанчынам не хапае амэрыканскай усьмешкі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Натхняю не зважаць на ўзрост». 70-гадовая мадэль тлумачыць, як жыць і не старэць