У лідэраў 5 палітычных арганізацыяў, якія абвясьцілі пра працэдуру ўзгадненьня адзінага кандыдата ад іх на прэзыдэнцкія выбары, ня кінуў камень, здаецца, толькі лянівы.
Сьцісла:
- Ідэю праймэрыз варта ацэньваць праз параўнаньне з рэальнымі альтэрнатывамі: удзелам у выбарах усіх магчымых апазыцыйных лідэраў і байкотам
- Удзел усіх створыць камічны эфэкт, многія ці ўсе не зьбяруць подпісы
- Байкот не атрымаецца, Гайдукевіч і «Гавары праўду» на выбары пойдуць
- Дэманстраваць здольнасьць да кансалідацыі карысна нават калі сапраўдных выбараў няма
- Грамадзтва не прад’яўляе запыту на іншых лідэраў
Мяркую, што варта сказаць слова ў абарону праймэрыз. І ня тое, каб яны былі такія ўжо палітычныя тытаны, і працэдура вылучэньня адзінага заслугоўвае крытыкі, і шанцаў на нейкі посьпех, ня кажучы пра перамогу, у адзінага, калі ён будзе вылучаны, мякка кажучы, няшмат.
Але, здаецца, плённы спосаб ацэнкі — параўнаньне з рэальнымі альтэрнатывамі. А якія яны? Іх уласна дзьве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня факт, што адзінага кандыдата ад апазыцыі зарэгіструюць, — БыкоўскіУсе лідэры гэтых 5 арганізацыяў ідуць на выбары. Выглядала гэта б даволі сьмешна. Да таго ж са зборам подпісаў шмат у каго зь іх (ці ва ўсіх разам) былі б вялікія праблемы. У выніку сярод іх адзінага вызначыла б імавернасьць. Ці ўлада. Хіба гэта лепш, чым калі прынамсі гэтыя 5 арганізацыяў вылучаць аднаго і можа і назьбіраюць разам подпісы за яго?
І іншая альтэрнатыва — ніхто з 5-ці на выбары не ідзе. І што? Пойдзе на выбары, зразумела, Лукашэнка, пойдзе на выбары Гайдукевіч (старэйшы ці малодшы), пойдзе на выбары прадстаўнік «Гавары праўду», будзе там можа яшчэ які новы Ўлаховіч (ці той самы), можа Анісім перадумае і пойдзе на выбары. Словам, паўторыцца сытуацыя выбараў 2015 году.
Выбары прынамсі фармальна будуць канкурэнтнымі. Захад асабліва ня будзе пераймацца адсутнасьцю ў бюлетэні прынцыповай апазыцыі. Ён ня надта пераймаўся і калі на апошніх выбарах апазыцыйных кандыдатаў масава не рэгістравалі. А калі кандыдаты самі ня пойдуць на выбары, то якая нагода пераймацца?
Наконт таго, што ў адказ на адмову прынцыповай апазыцыі ісьці на выбары на іх ня пойдзе і апазыцыйны электарат — а наколькі ён вялікі, менавіта прынцыповы апазыцыйны электарат, які пайшоў бы галасаваць за Севярынца, Губарэвіча ці Статкевіча, але ніколі ня пойдзе галасаваць за Караткевіч, Дзьмітрыева ці Анісім?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пытаньні выклікае ідэя апазыцыі вызначыць адзінага кандыдата шляхам праймэрыз?Калі пяцёрцы палітыкаў закідаюць, што яны малавядомыя і малаўплывовыя, то трэба быць пасьлядоўнымі ў папроках. Калі яны сапраўды малавядомыя і малаўплывовыя, то пойдуць іх прыхільнікі да выбарчых скрыняў ці не — на яўку гэта ніяк істотна не паўплывае.
Мэдыі Беларусі і сьвету ўсё роўна пару месяцаў выбарчай кампаніі будуць распавядаць пра Лукашэнку і тых, хто ў выбарчай кампаніі ўдзельнічае. А не пра тых, хто вырашыў у ёй ня ўдзельнічаць.
Дык вось у параўнаньні з гэтымі дзьвюма альтэрнатывамі — плюс 5 кандыдатаў і ніводнага зь пяці — праймэрыз горш ці лепш? Калі вымяраць гэтымі альтэрнатывамі, то на мой погляд лепш.
Тое, што і праймэрыз, і ўдзел іх пераможцы ў прэзыдэнцкай кампаніі не павядзе Беларусь новым шляхам, гэта няцяжка і зараз прадказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя прапанавала праймэрыз для выбараў адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарахАле хоць нехта абʼяднае свае высілкі, прадэманструе здольнасьць да супольнай працы, да кансалідацыі (узоры чаго варта даваць і да таго, як Беларусь стане свабоднай). Прагучыць з экранаў тэлевізараў на ўсю краіну альтэрнатыўны пункт гледжаньня. Прагучыць па БТ, а не ў ФБ-бурбалцы.
Гэтага мала? Ну так, хацелася б большага. Але ці дасягальнае яно ў цяперашніх канкрэтных беларускіх умовах? Існавала б у Беларусі зараз нешта падобнае польскай «Салідарнасьці» канца 80-х ці хаця б БНФ таго ж пэрыяду — дык і сапраўды недарэчна выглядалі б тыя праймэрыз.
Ну а так — з чым параўноўваць? Ну вось ёсьць тройка палітыкаў новага кшталту Белавус-Матолька-Пальчыс, ёсьць NEXTA, парлямэнцкія выбары прадэманстравалі твары шэрагу новых маладых актывістаў.
Цікава было б, каб нехта зь іх прадʼявіў свае прэтэнзіі на прэзыдэнцтва. Ну вось не прадʼявілі. І грамадзтва не прадʼявіла на іх належнага запыту.
А прадʼявіла на пяцёрку зь іх праймэрыз. І ці адно пяцёрку дакараць за гэта?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.