Падсудная мае падзяку за працу ад Аляксандра Лукашэнкі. Была на раённай дошцы гонару і старшынявала ў выбарчых камісіях. І, паводле сьледзтва, арганізавала схему пабораў — «даніну» ёй плацілі 16 падначаленых.
4 гады калёніі агульнага рэжыму запатрабаваў пракурор для былой загадчыцы дзіцячага садку № 19 Алы Пастуховай з Крычава. Яе судзяць за злоўжываньне ўладаю, перавышэньне службовых паўнамоцтваў з карысьлівых інтарэсаў, а таксама спробу крадзяжу дзяржаўнай маёмасьці.
Сваёй віны падсудная не прызнае і кажа, што на яе ціснулі, каб яна пагадзілася з высновамі сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На „Арыфлэйм“ здаём, на корм кацянятам здаём!» Навучэнцы пэдагагічнага каледжу ўзбунтаваліся супраць пэдагогаПрацэс праходзіць у Чэрыкаўскім судзе. Чакаецца, што прысуд абвесьцяць 30 студзеня.
У чым вінавацяць Пастухову
Паводле матэрыялаў справы, адно з найбольш цяжкіх злачынстваў Пастуховай — зьбіраньне на «пастаяннай сыстэмнай аснове» грошай ад падначаленых. У схему пабораў, якая дзейнічала з 2015 па 2018 год, былі ўцягнутыя 16 супрацоўнікаў садку. Усіх іх прызналі пацярпелымі.
Яны атрымлівалі матэрыяльную дапамогу, большую частку якой аддавалі загадчыцы. Сума вагалася ад 25 да 120 рублёў. Як падлічыла сьледзтва, Пастухова нанесла шкоду грамадзкім і дзяржаўным інтарэсам больш як на 10 тысяч рублёў.
Пра парадкі ў садку ў Крычаўскім райвыканкаме даведаліся ў 2018 годзе з ананімнага ліста. Пазьней імі заняліся праваахоўныя органы.
«Толькі дзякуючы сьмеласьці гэтых жанчын удалося выкрыць Пастухову, якая доўгі час зьдзяйсьняла супрацьпраўныя дзеяньні», — заявіў у судзе 28 студзеня крычаўскі пракурор Мікалай Розанцаў.
Абвінавачаная: «На мяне ціснулі, каб я прызнала віну»
Пра затрыманьне Алы Пастуховай стала вядома 1 красавіка 2019 году. Некалькі месяцаў яна правяла ў сьледчым ізалятары. Цяпер пад хатнім арыштам.
Пастухова ня лічыць сябе вінаватай. У апошнім слове сказала, што падчас сьледзтва на яе чынілі псыхалягічны ціск, каб яна прызнала віну. Раілі зьвярнуцца па памілаваньне да Аляксандра Лукашэнкі.
Як вынікала з выступу Пастуховай, грошы, якія яна зьбірала з падначаленых, ішлі на «падтрыманьне перадавога статусу» дзіцячай установы. Бюджэтных сродкаў на гэта не хапала. Паводле абвінавачанай, для сябе яна «прымала столькі грашовых сродкаў», колькі ўкладала ў садок уласных. Мэты нажыцца ў яе не было.
Некаторых супрацоўнікаў садку Пастухова абвінаваціла ў «ілжывых паказаньнях» — казала, што тыя ўзводзілі на яе паклёп з помсты і зайздрасьці.
Пра садок і яго былую загадчыцу
Ала Пастухова стала загадчыцай дзіцячага садку ў 2002 годзе. За час працы ў сфэры адукацыі яе 35 разоў адзначалі граматамі і дыплёмамі. Мае таксама падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі. У 2014 годзе ёй прысудзілі званьне «Чалавек году» і ўшанавалі партрэтам на раённай дошцы гонару. Нязьменна старшынявала ва ўчастковых камісіях падчас выбарчых кампаній.
Падначаленыя характарызуюць Пастухову як уладную, жорсткую і патрабавальную кіраўніцу. Ня выканаць яе патрабаваньні азначала сустрэцца зь ціскам, перадузятым стаўленьнем ды пагрозай, што не працягнуць працоўны кантракт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога дырэктара прадпрыемства «Мілкавіта» асудзілі за хабар на 5 гадоў калёніі