Вымаганьне грошай, згон аўтамабіля. За што могуць пакараць гэтак жа, як блогера Шэрага Ката за ўдзел у акцыях

Зьміцер Казлоў, вядомы як Шэры Кот

Дзьмітрыя Казлова, якія вядзе блог пад нікам Шэры Кот, асудзілі ўжо на 120 сутак арышту за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі. Гэта абсалютны рэкорд. Свабода паглядзела, каму і за што даюць такое пакараньне.

шэры кот

Дзьмітры Казлоў атрымаў 120 сутак арышту па Адміністрацыйным кодэксе. У Крымінальным кодэксе таксама ёсьць такі панятак, як арышт (да 3 месяцаў). Вось за якія крымінальныя злачынствы могуць пакараць арыштам, які на месяц меншы за атрыманы блогерам тэрмін:

  • Кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага апʼяненьня
  • Вымаганьне грошай
  • Згон аўтамабіля
  • Крадзеж, а таксама крадзеж у складзе злачыннай групы
  • Крадзеж з дапамогай кампутарнай тэхнікі
  • Незаконная здабыча рыбы
  • Незаконнае паляваньне
  • Даваньне хабару
  • Распрацоўка кампутарных вірусаў
  • Забруджваньне паветра
  • Ухіленьне ад выплаты падаткаў
  • Абраза чалавека

15 сутак за акцыю і 15 сутак за заклік да яе

Валянцін Стэфановіч


120 сутак за чатыры акцыі і чатыры заклікі да ўдзелу — гэта па 15 сутак за кожную акцыю і за заклік, або 10 сутак за кожную гадзіну, праведзеную на акцыі. Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, блогера маглі пакараць 25 суткамі арышту на адным судзе.

«Калі на судовым паседжаньні разглядаецца некалькі адміністрацыйных пратаколаў за некалькі парушэньняў, арышт ня можа быць большы за 25 сутак. У выпадку з блогерам суд мог абʼяднаць усе пратаколы, бо тое, што цяпер адбываецца, губляе здаровы сэнс. Адміністрацыйны арышт тут ужо большы, чым арышт за некаторыя крымінальныя злачынствы. А так гэта арышты за рэалізацыю свабодаў, якія гарантаваныя міжнароднымі нормамі. Таму гэта проста парушэньне свабоды чалавека. Ставіцца задача зламаць чалавека, гэта карныя мэты», — гаворыць юрыст Валянцін Стэфановіч.

«Можа, абкатваюць новую схему ціску на актывістаў»

Цяпер блогер Дзьмітры Казлоў на свабодзе. Ён ня ведае, калі яму давядзецца дабываць прысуджаны арышт.

«Агулам гэта 8 эпізодаў — чатыры акцыі і чатыры заклікі. На ўсіх акцыях я быў ад пачатку да канца. Там я вёў стрымы як блогер і ўдзельнічаў. Прычын такога можа быць шмат: удзел у перадвыбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, бо мы выкарыстоўвалі жорсткую рыторыку, казалі пра зьмену ўлады. Таксама я казаў пра лякальны марш у Воршы, магло гэта паўплываць. Таксама гэта можа быць абкатка схемы прэсінгу актывістаў», — кажа Дзьмітры Казлоў.

Нават арганізатары вулічных акцый супраць інтэграцыі з Расеяй атрымалі арышты ў разы меншыя, чым блогер Шэры Кот.

Дзьмітры Казлоў балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яго зарэгістравалі кандыдатам, але пасьля зьнялі з выбараў.

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. Агульная сума штрафаў за гэты час перавысіла 120 тысяч рублёў, 11 чалавек агулам асуджаныя ўжо на 315 сутак арышту.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя 15 сутак Шэраму Кату. Агулам блогеру прысудзілі 120 сутак за менскія пратэсты