27 студзеня ў судах Менску прайшлі суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі, супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дзьмітрыю Казлову (блогер Шэры Кот) судзьдзя Тацяна Шоцік прысудзіла чарговыя 15 сутак арышту за акцыю ў Менску 8 сьнежня, паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Усе папярэднія суды над Казловым за сьнежаньскія акцыі сканчаліся аднолькава: 7 разоў па 15 сутак, агулам ужо 120 сутак арышту.
Сам Казлоў на пасяджэньне не прыйшоў, яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка. Яна заявіла адвод судзьдзі, які не задаволілі.
Сьведкамі выступілі міліцыянты Андрэй Ціханаў і Дзьмітры Каранеўскі. Ціханаў адмаўляўся сказаць, як ён апазнаў Казлова, бо ў рапарце пазначана, што асобу высьветліў пазьней, а ў судзе ён сказаў, што пазнаў блогера адразу. Шмат на якія пытаньні адказваў: «Ня памятаю». Каранеўскі сказаў у судзе, што ведаў Шэрага Ката як блогера, а пазьней вызначылі, што гэта менавіта Казлоў. Ніхто зь міліцыянтаў ня змог назваць дзеяньні ўдзельнікаў акцыі, якія парушалі б грамадзкі парадак, акрамя таго, што яны там проста знаходзіліся.
Вынікі іншых судоў 27 студзеня:
- Мікалай Статкевіч — штраф 1350 рублёў, паўторнае пасяджэньне суду за ўдзел у акцыі 20 сьнежня, судзьдзя Аляксей Кісьляк, суд Ленінскага раёну.
- Андрэй Кудзік — штраф 1080 рублёў за акцыю 8 сьнежня ў Менску, судзьдзя Аляксей Кісьляк.
- Дзіяна Серадзюк — штраф 1350 рублёў за ўдзел у акцыі 20 сьнежня ў Менску, судзьзя Максім Трусевіч, суд Першамайскага раёну.
- Лявон Баршчэўскі — штраф 810 рублёў, судзьдзя Іван Касцян, суд Цэнтральнага раёну.
- Пётра Садоўскі — штраф 810 рублёў за акцыю 7 сьнежня ў Менску, судзьдзя Тацяна Акавітая, суд Цэнтральнага раёну.
Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. Агульная сума штрафаў за гэты час перавысіла 120 тысяч рублёў, 11 чалавек агулам асудзілі ўжо на 315 сутак арышту.