Сёлета мэмарыяльныя мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў Галакосту ўпершыню праходзяць на дзяржаўным узроўні. Гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь «сапраўды стала прызнаваць яго днём трагедыі габрэйскага народу». Пра гэта заявіў у Менску намесьнік старшыні Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх абʼяднаньняў і супольнасьцяў Барыс Герстэн, піша БелаПАН.
Прадстаўнік саюза выступіў на форуме «Праблемы талерантнасьці ў сучасных грамадзтвах», прымеркаваным да дня памяці ахвяр Галакосту, які па ініцыятыве ААН адзначаецца 27 студзеня — у дзень вызваленьня ў 1945 годзе вязьняў нацысцкага канцэнтрацыйнага лягера Асьвенцім.
Паводле слоў Герстэна, войны зьяўляюцца «трагедыямі любога народа і любых дзяржаў». Ён падкрэсьліў, што для Беларусі вайна «таксама асобная, асобная старонка гісторыі, у якой пацярпелі ўсе — габрэі, беларусы, рускія, палякі». Разуменьне таго, што «ў кожнага была свая трагедыя, што гэта наша агульная трагедыя», зьяўляецца тым, «дзеля чаго і праводзіцца сёньняшні форум».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі і сьвеце ўшаноўваюць памяць ахвяр Галакосту«Слова талерантнасьць спачатку азначала цярпеньне, потым зьявiлася больш шырокае значэньне — памяркоўнасьць, потым — прыняцьце, — сказаў прадстаўнік саюза габрэйскіх абшчын. — Прыняцьце асаблівасьцяў іншага народа, людзей з іншымі звычкамі, іншым колерам скуры, якія будуць размаўляць на іншай мове, людзей з фізычнымі і псыхічнымі расстройствамі. Усё гэта ёсьць разуменьне і ўзаемаразуменьне. Мы павінны разумець і паважаць адзін аднаго, у гэтым таксама мэта сёньняшняга форуму».
Прадстаўнік саюза падкрэсьліў, што «навучыцца цярпімасьці значна складаней, чым навучыцца ненавідзець». «Паглядзіце, як хутка народ адной краіны зразумеў, што „вораг“ побач, жыве ў яго дзяржаве, і проста стаў зьнішчаць людзей, у якіх у пашпартах была напісаная іншая нацыянальнасьць, — зьвярнуў увагу ён. — На розных мовах была напісаная — на нямецкай, польскай, літоўскай, рускай. Гэтае слова азначала адно — яўрэй. Гэтых людзей сталі проста зьнішчаць. Нам трэба зразумець, што выраз „трагедыя шасьці мільёнаў“ няправільны. Гэта шэсьць мільёнаў трагедый — трагедыі кожнага забітага, кожнага, хто страціў сваю сямʼю, не нарадзіўся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Сьмілавіцкі: «Галакост — неад’емная частка трагедыі ўсёй Беларусі»«Я проста зьдзіўляюся таму, як хутка габрэйскае пытаньне стала сёньня прычынай ідэалягічнага супрацьстаяньня розных дзяржаў. Амаль 80 гадоў прайшло ад пачатку Галакосту, а сёньня мы зноў вярнуліся да таго, што вінавацім адзін народ, іншы, лічым страты, мільёны загінулых. Прайшлі пакаленьні. Вінаваціць сёньняшніх хлопцаў і дзяўчат у тым, што зьдзейсьнілі некалі іх продкі, напэўна, бессэнсоўна. Але памятаць кожнага забітага, загінулага — наш абавязак. Мы абавязаныя памятаць тое, што было, разумець тых, хто змагаўся, аддаў сваё жыцьцё за тое, каб мы, будучыя пакаленьні, разумелі, што адбылося, і шанавалі тых, хто змагаўся, загінуў», — падсумаваў Герстэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я і цяпер сьню вайну». Вусьцішная гісторыя Клары Альтшулер, якая перажыла Галакост