У Акадэміі навук выставілі каля 300 новых распрацовак беларускіх навукоўцаў. Свабода выбрала 8 адметных экспанатаў выставы.
Антыснайпэр
Прыбор, якія дазваляе выявіць навядзеньне снайпэрскага прыцэлу на чалавека. Гэта цалкам айчынная распрацоўка, хоць прынцып працы такі самы, як у замежных аналягаў.
Зроблена ў «БелОМА».
Электрасамакат і электрапрыстаўка да інваліднага вазка
- Магутнасьць электрасамаката — 700 Вт.
- Запас ходу — 50 км (абʼём батарэі можна падвоіць).
- Максымальная хуткасьць — 24 км/г.
- Вага — 26 кг.
Электрычная прыстаўка да інваліднага вазка важыць 11 кг.
Вытворца — прыборабудаўнічы завод «Аптрон».
Нітрыдныя гетэраструктуры
Гэта матэрыял новага пакаленьня для вытворчасьці электронікі.
- Устойлівыя да высокіх тэмпэратур (працуюць нават пры 500 градусах).
- Не баяцца радыяцыі (можна выкарыстоўваць у космасе).
- Лягчэйшыя і больш кампактныя за крэмній (на сёньня мікраэлектроніку робяць пераважна на аснове крэмнію).
Гэтую тэхналёгію ўжо чакаюць на «Інтэграле», каб вырабляць датчыкі, сэнсары, мікрасхемы і г.д.
Распрацоўка Інстытуту фізыкі.
Вучэбна-прафэсійны комплекс па дасьледаваньні RFID-сыстэм
Тэхналёгія RFID, або радыёчастотная індэнтыфікацыя, — важны складнік так званага «інтэрнэту рэчаў», сыстэмы электроннага ўзаемадзеяньня паміж фізычнымі прадметамі.
Існуе комплекс пакуль у адным экзэмпляры.
Распрацоўшчыкі кажуць, што ў Расеі такога няма і што ў адкрытых замежных крыніцах зьвестак пра такія комплексы яны не знайшлі.
Распрацоўка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Інавацыйны мэдпрэпарат «Мэтфармін лонг»
Пацыентам з цукровым дыябэтам дастаткова прымаць адну таблетку ў дзень замест дзьвюх.
Выпускае Барысаўскі завод мэдпрэпаратаў.
Экіпіроўка для ратавальнікаў
Распрацоўшчыкі сьцьвярджаюць, што яна лепшая і таньнейшая за замежную.
Напрыклад, у ботах:
- Аўтаматычнае шнураваньне.
- Антыпракольная вусьцілка.
- Нос абутку вытрымлівае нагрузку ў 20 кг.
- Гадзіну можна стаяць у вадзе і не намачыць ногі.
- Пасьля можна перавярнуць мэмбрану ўсярэдзіне, — і абутак зноў сухі.
Распрацоўка НДІ МНС сумесна з «Марко».
Бесьпілётнік «Бусел М40»
Для ратавальнікаў, памежнікаў, міліцыі, войска.
Акрамя звычайнага маніторынгу мясцовасьці, можа знаходзіць выцекі нафты з нафтаправодаў, шукаць людзей у лесе, замяраць узровень радыяцыі.
Распрацоўка НВЦ шматфункцыянальных бесьпілётных комплексаў НАН.
Палімэрныя кампазыты (матэрыялы) для спартыўных бегавых лыжаў
Робяць лыжы больш хуткімі і трывалымі.
Распрацоўка Інстытуту мэханікі мэталяпалімэрных сыстэм у Гомлі, Інстытуту фізіка-арганічнай хіміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штучны інтэлект для акуліста: беларусы ствараюць альгарытм, які зможа ставіць дыягназ па фота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Менску працуе «разумная» майстэрня, дзе ствараюць электраровары і квадракоптэры. ФОТА