Чальцы і валянтэры «Аховы птушак Бацькаўшчыны» ў сьнежні 2019 году зладзілі экспэдыцыю ў Гарадоцкі лясгас, расказалі лесьнікам пра рэдкага грызуна палятуху, паставілі фатапасткі і ўпершыню ў Беларусі зьнялі палятуху на відэа.
Палятуху цяжка знайсьці, адзначаюць эколягі, бо гэта начны і вельмі асьцярожны зьвярок. Апошні раз яе змаглі сфатаграфаваць актывісты «Аховы птушак» у 2017 годзе — ужылі новую мэтодыку, каб знайсьці ўчасткі, дзе жывуць грызуны. А да таго палятуху ў Беларусі навукоўцы і эколягі бачылі аж у 1996 годзе.
У экспэдыцыі бралі ўдзел экспэрт «Аховы птушак» Дзяніс Кіцель, валянтэры Анастасія Кузьмянкова і Дзьмітры Шамовіч, а супрацоўнік Сураскага лясгасу Аляксандар Рубанькоў пасьля інфармацыйнай сустрэчы змог нават сфатаграфаваць палятуху сьветлай парой.
Летась «Ахова птушак» паставіла задачу выявіць як найбольш участкаў, дзе жывуць палятухі, і перадаць месцы пражываньня пад ахову лясгасам. Яны робяць гэта ў межах ініцыятывы «Хамяк, сусьлік і палятуха: выратаваць супэргрызуноў». Гэтая ініцыятыва ўваходзіць у праект, які фінансуецца Эўразьвязам, а рэалізуецца Праграмай разьвіцьця ААН супольна зь Міністэрствам прыроды.
* * *
Палятуха звычайная — начны грызун зь сямейства палятухавых, таксама вядомы як сыбірская лятучая вавёрка. Зьнешне нагадвае звычайную вавёрку, толькі вельмі малую, зь вялізнымі вачыма. Між заднімі і пярэднімі лапамі мае скураныя складкі, пакрытыя поўсьцю — з дапамогай іх можа пляніраваць з дрэва на дрэва. Жыве ў лясах Эўразіі ад Карэліі да самага Ціхага акіяну і Японіі, але паўсюль памалу. Уключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі пад ІІІ катэгорыяй аховы (уразьлівы від).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Капыльшчыне побач з калёніяй чырванакніжных сусьлікаў вывалілі кучу гною