Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава — дарадца прэзыдэнта па Менску — сустрэлася сёньня з жыхарамі Маскоўскага раёну, якія пратэстуюць супраць будоўлі на тэрыторыі Грушаўскага сквэру.
«Нечакана адной з жыхарак патэлефанавалі з адміністрацыі прэзыдэнта і запрасілі на сустрэчу з Натальляй Качанавай. Тая сказала, што ёй паступіла даручэньне разабрацца ў сытуацыі. Як мы зразумелі, наш відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі дайшоў да адрасата», — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з чатырох удзельнікаў сустрэчы.
Паводле суразмоўцы, сустрэча была ветлівая. Жыхары паказалі дакумэнты, якія яны маюць, расказалі пра парушэньні, выяўленыя перад пачаткам будаўніцтва.
«Мы паведамілі, што на гэты момант няма праекту дэталёвага плянаваньня, пашпарта на сквэр, а працэс ідзе. Выходзіць, што дакумэнты яны хочуць зрабіць задняй датай. Качанава сказала, што гарадзкія ўлады надзеленыя паўнамоцтвамі нешта зьмяняць. Мы перадалі дакумэнты і будзем пэўны час чакаць рэагаваньня», — сказаў удзельнік сустрэчы.
Натальля Качанава сказала, што наведае Грушаўскі сквэр. Там цяпер прыбіраюць тэрыторыю. Таксама кіраўніца Савету Рэспублікі паабяцала вывучаць сытуацыю і разабрацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам не паказалі ніводнай паперы». Жыхары дабіваюцца праўды пра высечку ў Грушаўскім сквэрыСустрэча з Качанавай цягнулася каля паўгадзіны, у ёй браў удзел таксама першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Фёдар Рымашэўскі.
«Качанава сказала, што хацела паклікаць старшыню Менгарвыканкаму Анатоля Сівака, але пагутарыла зь ім праз тэлефон. Паколькі Рымашэўскі курыруе пытаньні будаўніцтва і ён быў на месцы будоўлі ў Грушаўскім сквэры, то запрасілі яго», — сказаў адзін з абаронцаў Грушаўскага сквэру.
Падчас сустрэчы з Качанавай гаварылі і пра намесьніка кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Ўладзімера Танкевіча, сын якога працуе ў фірме-забудоўшчыку «Датч Стар».
«У Качанавай рэакцыя была досыць нэгатыўная. І калі мы сказалі, што мы з Маскоўскага раёну, то яна сказала прысутным чыноўнікам: што ж гэта такое з Маскоўскім раёнам, што там за праблемы, калі адтуль ідуць і ідуць людзі? Відаць, што наверсе пачаліся сур’ёзныя разборкі», — сказаў мясцовы жыхар, удзельнік сустрэчы з Качанавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі працягваюць пратэст супраць будоўлі ў менскім сквэрыАбаронцы Грушаўскага сквэру спадзяюцца, што ўлады спыняць будоўлю і сквэр удасца захаваць.
Сёньня ў сярэдняй школе № 3 намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Ўладзімер Танкевіч прызначыў сустрэчу з жыхарамі «па пытаньнях разьвіцьця тэрыторыі мікрараёну „Грушаўка“».
Чаму людзі супраць?
Грушаўскі сквэр — паміж шматпавярховікамі каля станцыі мэтро «Грушаўка». Кампанія «Датч Стар», паводле мясцовых жыхароў, насуперак праекту дэталёвага плянаваньня вырашыла дабудаваць жылы комплекс «Гранд Хаўс». Новая будоўля закране частку Грушаўскага сквэру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будаўнікі ў цемры ставяць плот вакол Грушаўскага сквэру. Жыхары выклікаюць міліцыю. ФОТАУ відэазвароце да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі мясцовыя жыхары кажуць, што без абмеркаваньня з жыхарамі раёну ўлады аддалі ўчастак сквэру дзеля «асабістых, карысьлівых інтарэсаў».
Два з паловай гады яны зьвярталіся ў Менгарвыканкам, адміністрацыю Маскоўскага раёну, пракуратуру, Міністэрства прыродных рэсурсаў.
У відэазвароце да Лукашэнкі яны просяць захаваць «адзіны зялёны астравок гістарычнай Грушаўкі». Кампанію «Датч Стар» яны заклікалі выконваць законы, а не асабістыя інтарэсы.
За апошнія два гады сквэр урэзалі амаль на чвэрць: з 2,16 га да 1,72 га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцы Грушаўскага сквэру ў Менску зьвярнуліся да Лукашэнкі. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грушаўцы камунальнікі зьнялі з дрэваў шалікі, якія навязалі мясцовыя жыхары. Фота