Ежу прывозяць курʼеры, усім раяць не выходзіць у грамадзкія месцы. Мы распыталі беларуску ў закрытым на карантын Ухані, як там засьцерагаюцца ад каранавірусу.
Беларуска Крысьціна жыве ў 11-мільённым кітайскім Ухані, які цяпер закрылі на карантын з прычыны эпідэміі каранавірусу. Яна расказвае, што ўжо трое сутак не выходзіць з дома, каб не заразіцца.
«Горад закрылі для ўезду і выезду. Усе спосабы перасоўваньня заблякаваныя. Я пазаўчора выходзіла на вуліцу, каб забраць у курʼера замоўленую садавіну, дык не сустрэла ніводнага чалавека ў навакольлі. А гэта 7 гадзінаў вечара», — кажа Крысьціна.
Дзяўчына кажа, што ўлады настойліва рэкамендуюць пазьбягаць грамадзкіх месцаў.
«Але ў Кітаі любое месца грамадзкае, — кажа яна. Можна выйсьці проста па ваду і сустрэць у адным месцы 30 чалавек. Цяпер гэта, безумоўна, небясьпечна».
Каб засьцерагчыся ад вірусу, людзі носяць маскі. Крысьціна кажа, што іх у аптэках хапае, хаця ўдакладняе, што абышла 5 аптэк, каб набыць патрэбную.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: у Кітаі закрылі мэгаполіс, у Расеі першае падазрэньне на хваробу не пацьвердзілася«Звычайныя маскі не дапамагаюць. Патрэбны адмысловыя, са шчыльнага валакна № 95. Вось іх нерэальна знайсьці. Я замаўляла праз інтэрнэт», — тлумачыць Крысьціна.
«Ніводзін від транспарту не працуе: ні мэтро, ні аўтобусы, ні таксі. Нічога, — кажа беларуска. — Школы закрытыя, палова крамаў таксама не працуе. Дзяржаўныя ўстановы закрытыя. Працуюць толькі шпіталі і клінікі».
«Цяпер па гучнай сувязі абвясьцілі, што будуць зь верталёта распыляць хімікаты над горадам ад вірусу. І лепш не зьяўляцца на дварэ з трох да дзевяці гадзін вечара», — апавядае Крысьціна.
Яна дадае, што думае, і пасьля дзевяці будзе небясьпечна гэтым дыхаць.
«Магу сказаць, што людзі напалоханыя, паніка ёсьць нават сярод мясцовых», — сама дзяўчына кажа, што да апошняга старалася не паддавацца эмоцыям і разважліва глядзець на абставіны.
«Але дзень таму ў мяне была жудасная паніка. Ад безвыходнасьці, — апісвае дзяўчына тое, што адчувае. — Выехаць немагчыма. І вялізная рызыка захварэць менавіта на вакзалах, у аэрапортах».
Цяпер, кажа Крысьціна, яна зразумела, што сытуацыію зьмяніць ня можа.
«Адзінае, што я магу зрабіць, — гэта паклапаціцца пра сябе і зрабіць усё магчымае, каб не захварэць, — кажа Крысьціна. — Пакуль выхаду з сытуацыі няма. Застаецца толькі чакаць і верыць у лепшае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Папярэдні дыягназ — грып». Мінздароўя пра дзяўчыну, шпіталізаваную з падазрэньнем на кітайскі каранавірус ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі атрымалі рэактывы для выяўленьня кітайскага каранавірусу,— міністар здароўя
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ