Беларусь перад альтэрнатывай. І ня толькі нафтавай

Перад Беларусьсю паўстае задача пошуку больш глябальнай альтэрнатывы, чым проста альтэрнатыўныя крыніцы нафты.

Сьцісла

  • Відавочна, што нарвэская нафта абыдзецца Беларусі даражэй за расейскую. Гэта робіцца дзеля шантажу Расеі, а таксама каб спраўдзіць, ці ўдасца спрацаваць з прыбыткам пры імпарце нафты па ўсясьветных коштах.
  • Пошук энэргетычнай альтэрнатывы — гэта праблема ўжо ня толькі эканамічная, але і палітычная. Размова тут ня толькі пра грошы, а і пра незалежнасьць.
  • Дасюль у Беларусі існавала сыстэма эканомікі, якую ў значнай ступені можна назваць рэнтнай. Цяпер пад ціскам Расеі яна падлягае дэмантажу.
  • Але дэмантаж рэнтнай эканомікі пацягне за сабой адмову ад беларускай сацыяльнай мадэлі.

Нарвэская нафта

Інфармацыя пра імпарт нафты з Нарвэгіі, патрабаваньне Лукашэнкі на нарадзе 21 студзеня давесьці ўзровень расейскай нафты да 30–40% паставілі на парадак дня задачу пошуку альтэрнатывы, дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў, каб пазбавіцца залежнасьці ад аднаго пастаўшчыка.

Відавочна, што нарвэская нафта абыдзецца Беларусі даражэй за расейскую. Яна куплена па ўсясьветных цэнах, у той час як цана нафты з Расеі сёньня складае 83% ад цэнаў на свабодным рынку. Плюс дастаўка ў Беларусь. Высьвятляецца, што толькі перавалка і транспартаваньне ад Клайпедзкага порту да беларускага заводу па чыгунцы будуць каштаваць больш як 20 даляраў за тону. (Нагадаю, спрэчка паміж Менскам і расейскімі нафтавымі кампаніямі ідзе за прэмію ў 10 даляраў за тону).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: Беларусь мае амаль гатовыя кантракты на пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц

Тады ў чым сэнс гэтай гісторыі з нарвэскай нафтай?

Зьвярнуў бы ўвагу на словы Лукашэнкі на нарадзе 21 студзеня:

«Мы павінны на практыцы паглядзець, у што гэта выльецца. А так браты з усходу палохаюць, што гэта будзе вельмі дорага. Мы таксама, не палічыўшы, не пакаштаваўшы, думаем, што мы ня справімся. Таму прынята рашэньне закупіць, няхай гэта будзе азэрбайджанскую, саудаўскую, нарвэскую, амэрыканскую, — ня важна, якую нафту, — па ўсясветных цэнах».

Такім чынам, Беларусь робіць пробныя закупы, ладзіць своеасаблівы экспэрымэнт, каб паглядзець, як будзе з прыбыткам пры імпарце нафты па ўсясьветных цэнах.

А зь іншага боку, гэта шантаж Расеі. Маўляў, паглядзіце, на Маскве сьвет клінам не сышоўся. Некалькі дзён таму першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзьмітры Круты патлумачыў лёгіку афіцыйнага Менску ў спрэчках пра цэны з Масквой. Маўляў, ня толькі беларускі бок, але і расейскія нафтавыя кампаніі зацікаўленыя ў тым, каб хутчэй вырашыць гэты канфлікт і пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь, бо трэба ж некуды падзець ужо здабытую нафту. То бок абодва бакі бяруць адзін другога на змор, адбываецца гульня, хто ня вытрывае першы. І нарвэская нафта — крок у гэтай гульні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар: чаму праект БНФ мог пазбавіць залежнасьці ад Расеі

Канец рэнтнай эканомікі

Але праблема з альтэрнатывай тут выглядае яшчэ глыбейшай. Справа ў тым, што дасюль у Беларусі існавала мадэль эканомікі, якую ў значнай ступені можна назваць рэнтнай. Была нафтавая рэнта. Напрыклад, у 2018 годзе Беларусь купіла ў Расеі нафты на 6,8 мільярда даляраў, а прадала нафтапрадуктаў на 12,8 мільярда. Паводле справаздачы Мінфіну, ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў атрымалі 10% даходаў беларускага бюджэту.

А ёсьць жа яшчэ газавая рэнта. Бо беларускі ўрад перапрадае расейскі газ беларускім суб’ектам гаспадараньня па вышэйшай цане, а даход ідзе ў бюджэт. Цяпер, пры падвышэньні кошту газу да 152 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў (такую цану, паводле Лукашэнкі, хоча навязаць Расея), гэтую маржу атрымліваць будзе складаней, бо цана для прадпрыемстваў можа аказацца непад’ёмнай.

А яшчэ ж экспарт калію — гэта ўжо клясычная рэнта.

Ва ўмовах існаваньня рэнтнай эканомікі палітычнаму кіраўніцтву ня трэба было асабліва тлуміць сабе галаву тым, каб рабіць эканамічную сыстэму больш эфэктыўнай. Можна было «пілаваць» рэнту, і грошы цяклі ў бюджэт.

Неабходнасьць зьмены мадэлі

Але хутка ўсё мяняецца. У любым выпадку, з 2024 году расейская нафта будзе паступаць у Беларусь па ўсясьветных цэнах. Надзеі на нейкую кампэнсацыю падатковага манэўру, здаецца, канчаткова зьніклі. Гэта значыць, маржа паміж цаною нафты і нафтапрадуктаў будзе мінімальная. А можа, яна і зусім зьнікне. То бок перапрацоўка нафты можа зрабіцца нават стратнай. У такім выпадку Беларусі ўвогуле непатрэбна будзе імпартаваць ні 24, ні 18 млн т нафты. Дастаткова будзе 7 млн т, каб забясьпечыць краіну сваім бэнзінам.

Але дэмантаж рэнтнай эканомікі пацягне за сабой адмову ад беларускай сацыяльнай мадэлі. Таму перад краінай паўстае задача пошуку больш глябальнай альтэрнатывы, чым проста нафтавая. Але да гэтага, здаецца, не гатовыя ні Лукашэнка, ні ўрад, ні ўвогуле беларускае грамадзтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі