Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пётар Рудкоўскі адказвае на пытаньне, зь якімі лёзунгамі Лукашэнка зьбіраецца ісьці на прэзыдэнцкія выбары, і тлумачыць, чаму кіраўніка Беларусі ўсё яшчэ цікавяць свае папулярнасьць і электаральны рэйтынг.
Сьцісла
- Традыцыя канкрэтных абяцаньняў ужо не даспадобы Лукашэнку.
- І калі раней былі элегантныя перамогі, то цягам бліжэйшых 5–10 гадоў павінна адбыцца элегантная перадача ўлады.
- Галоўным лёзунгам Лукашэнкі на выбарах стане «Незалежнасьць, стабільнасьць, дабрабыт».
- Ня даць магчымасьці пратэстоўцам падумаць, што наступіла хрушчоўская адліга ці гарбачоўская перабудова. Не, не наступіла.
— Лукашэнка ўжо абвясьціў, што да прэзыдэнцкіх выбараў адбудзецца ўсебеларускі сход. Відавочна, як і на ўсіх папярэдніх, на ім будзе агучана нейкая, умоўна кажучы, стратэгія разьвіцьця краіны. Як яна можа выглядаць?
Нягледзячы на тое, што выбары ў Беларусі фальсыфікуюцца, усё ж улада імкнецца так ці іначай забясьпечыць сабе пэўную электаральную перамогу. Мы ня ведаем, колькі рэальна працэнтаў галасуе за Лукашэнку, але мы бачым, як падчас кожнай кампаніі ён спрабуе забясьпечыць сабе пэўную папулярнасьць. І, як паказвала сацыялёгія (калі яна была) — часам гэта ўдавалася, рэйтынг Лукашэнкі рос у перадвыбарчыя месяцы. Ці ёсьць шанцы на гэта сёлета?
— Што тычыцца спосабаў падвысіць рэйтынг перад прэзыдэнцкімі выбарамі, то — так, такія захады рабіліся адносна пасьпяхова 4 разы, апроч 2015 году. Тады акурат канкрэтных абяцаньняў, кшталту «заробак 500 даляраў», не давалася, акрамя агульных лёзунгаў. Да таго ж тады, на пачатку 2015 году, была зроблена вельмі непапулярная рэч, дэвальвацыя, і тады рэйтынг Лукашэнкі моцна ўпаў.
Як будзе сёлета — складана адгадаць. Невядома, ці сама каманда Лукашэнкі вызначылася са сваёй тактыкай на 2020 год. Мне падаецца, што традыцыя такіх канкрэтных абяцаньняў ужо не даспадобы Лукашэнку. Ён ахвотней ставіць акцэнт на тым, што ён гарант незалежнасьці і стабільнасьці.
Што можа зьявіцца новага сёлета? Гэта спэкуляцыі і здагадкі, але, на маю думку, ёсьць імавернасьць, што зьявіцца нешта кшталту «пераменаў», «навізны». Ня ведаю, ці будзе гэта аформлена ў якасьці лёзунгу. Але тое, што там думаюць пра канстытуцыйныя рэформы ўсур’ёз, і тое, што гэтая тэма, хутчэй за ўсё, будзе прысутнічаць на Ўсебеларускім Сходзе і падчас прэзыдэнцкай кампаніі, — гэта цалкам рэальна.
— Але ці ня будзе гэта пярэчыць усёй папярэдняй філязофіі Лукашэнкі, якая зыходзіла з таго, што галоўнае — гэта стабільнасьць? А перамены заўсёды былі лёзунгам апазыцыі. Ці паспрабуе ён забраць гэты лёзунг сабе?
— У 1994 годзе Лукашэнка падчас свайго самага вялікага электаральнага трыюмфу прыйшоў да ўлады дзякуючы лёзунгу пераменаў. Яны ў значнай ступені азначалі вяртаньне да «добрага мінулага». Але, тым ня менш, у стаўленьні да таго, што было на пачатку 90-х, гэта быў вельмі моцны пасыл, што ўсё трэба мяняць. Нават у стаўленьні да камуністычнай намэнклятуры, якая тады была яшчэ моцная, у іх бок была ад Лукашэнкі зацятая, выкрывальніцкая крытыка. Вядома, як ён прыйшоў да ўлады, то запанаваў інстынкт самазахаваньня ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пойдзе Лукашэнка шляхам Назарбаева і Пуціна?Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Лукашэнка старэе, папулярнасьць яго падае. Дакладных лічбаў мы ня ведаем, але вельмі высокая імавернасьць, што наўрад ці болей за 30 працэнтаў. Ва ўсялякім разе, у 2016 годзе, калі ягоны рэйтынг апошні раз фіксаваўся незалежнымі сацыёлягамі, ён склаў 29 працэнтаў.
Уладзе трэба з гэтым нешта рабіць. І як раней былі «элегантныя перамогі», то цягам бліжэйшых 5–10 гадоў павінна адбыцца элегантная перадача ўлады. Як гэта зрабіць? Няма сумневаў, што над гэтым працуюць.
— А як вы ставіцеся да такіх разважаньняў, што, маўляў, Лукашэнку ўжо ня так і важны рэйтынг, электаральны посьпех? Усё роўна ж перамога яму забясьпечаная, выбарчыя камісіі намалююць тыя лічбы, якія будуць спушчаныя зьверху, з адпаведных структураў. Можа, яму варта найперш клапаціцца пра мэтады захоўваньня ўлады, а народная падтрымка ўжо не такая і важная?
— Лукашэнка зацікаўлены ў народнай папулярнасьці, але рэч у тым, што тут ён мае вельмі абмежаваныя магчымасьці. Ён мае палітычную харызму, яна доўгі час дзейнічала. Але цяпер кардынальна іншая сытуацыя, чым у 90-я альбо ў другую палову нулявых, калі харызма ўжо менш дапамагала, але затое дзякуючы нафтадалярам быў рост дабрабыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман vs Фядута: «З прычыны падзей у Расеі Лукашэнка адкладзе свой адыход ад улады»Папулярнасьць і рэйтынг яго цікавяць, бо апарат і сілавыя структуры пакуль надзейныя, але гэта да пэўнай ступені. Але калі папулярнасьць сярод народу моцна падае, то сыстэма пачынае хістацца. Пачынаюць нараджацца сумневы ў чыноўнікаў і сілавікоў, яны пачынаюць шаптацца, хто б мог прыйсьці на зьмену. Ім даводзіцца дзяліць лёс непапулярнага лідэра, і гэта некамфортная сытуацыя для іх.
— Што Лукашэнка можа прапанаваць беларускаму грамадзтву ў якасьці галоўных лёзунгаў сваёй выбарчай кампаніі? Якія прынцыпы ці хаця б якія матэрыяльныя пернікі і абяцаньні? Тое, пра што вы раней сказалі — нейкае абяцаньне пераменаў. Гэта можна ўспрымаць як прынаду для электарату — глядзіце, я ня вечны, я рыхтую зьмены. Але ці не адчуе народ тут пэўную падманку, спробу маніпуляваць?
— Адразу агаваруся, што калі і зьявіцца нейкі такі лёзунг пераменаў, то ня ў якасьці асноўнага. Перакананы, што асноўны будзе — «Незалежнасьць, стабільнасьць, дабрабыт». Ня ведаю, у якім парадку, але магчыма, што менавіта Незалежнасьць будзе фігураваць як асноўны пасыл. Але ў якасьці нечага новага дадатковым матывам кампаніі можа стаць нешта кшталту «пераменаў».
Ці паспрыяе гэта ягонай папулярнасьці і электаральнай падтрымцы? Як мінімум, нэгатыўнага ўплыву не акажа. Пазытыўны ж уплыў можа быць. Па-першае, гэта абнадзейвальны пасыл для прадстаўнікоў сыстэмы. Па-другое, для значнай часткі насельніцтва гэта таксама будзе гучаць пазытыўна. Большасьць беларусаў адчувае патрэбу ў пераменах, але і баіцца «варыянту Ўкраіны» ці варыянту 90-х гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку патрэбен Усебеларускі народны сходАле такі кантраляваны, спакойны пераход да нечага новага многія могуць успрыняць пазытыўна. Калі нават пад кантролем Лукашэнкі адбудзецца ўзмацненьне ролі парлямэнту, судоў, зьявяцца элемэнты самакіраваньня — і ўсё гэта паступова, эвалюцыйна, — думаю, што значная частка беларусаў з разуменьнем і пазытыўна да гэтага паставяцца.
— У гэтай трыядзе — незалежнасьць, стабільнасьць, дабрабыт — наколькі «ваяўніча» будзе гучаць лёзунг незалежнасьці? Ён будзе падавацца камандай Лукашэнкі толькі ў якасьці ўстаноўчага тэзісу ці, магчыма, будзе разгорнута больш канфліктная вэрсія «пагрозы незалежнасьці»? Наколькі рызыкоўна падчас выбарчай кампаніі актуалізаваць тэму «пагрозы незалежнасьці»?
— Ваяўнічасьць альбо стрыманасьць рыторыкі Лукашэнкі вельмі зьменлівая і сытуацыйная. Гэта можа залежаць ад чарговай тэлефоннай размовы з Пуціным і гэтак далей. Але сталым матывам, найхутчэй, будзе момант пагрозы незалежнасьці — без удакладненьня, хто нясе тую пагрозу. «І нам трэба быць адзінымі — і ясна, што адзіны гарант — гэта акурат Лукашэнка».
— У якой форме пройдзе кампанія-2020 з пункту гледжаньня стаўленьня да апанэнтаў? Ці будзе гэта даволі жорсткае стаўленьне, спыненьне ўсялякай рэальнай альтэрнатывы, нерэгістрацыя сур’ёзных кандыдатаў? Апошнія парлямэнцкія выбары, насуперак чаканьню некаторых аналітыкаў, прайшлі вельмі жорстка, і ніводзін апазыцыйны кандыдат у Палату прадстаўнікоў ня быў прапушчаны. Пасьля гэтага Лукашэнка прызначыў на пасаду кіраўніка Адміністрацыі намесьніка старшыні КДБ Сергеенка. Ці кажа гэта, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць па даволі брутальным варыянце?
— Што тычыцца парлямэнцкіх выбараў, то галоўным аб’ектам для рэпрэсій сталі назіральнікі, а ня ўласна кандыдаты. Асноўная тактыка, якая ўсталявалася цягам апошніх 2–3 гадоў, — дзейнічаць мякка, але пасьля перакрочваньня нейкіх межаў вельмі выразна даць адчуць, што нельга так рабіць.
Вельмі цікавы прыклад — апошнія акцыі ў абарону незалежнасьці. Улады далі магчымасьць правесьці некалькі такіх акцый, каб даць сыгнал Расеі і людзям унутры сыстэмы. Але пасьля гэтага далі па руках арганізатарам. Гэтыя дэманстрацыі былі ў нейкай ступені на руку Лукашэнку падчас перамоваў з Пуціным, таму было дазволена іх правесьці. Так што тактыка — ня даць магчымасьці пратэстоўцам падумаць, што тут ужо наступіла хрушчоўская адліга ці гарбачоўская перабудова. Не, не наступіла.