Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суворы турыст» ідзе ў прэзыдэнты. Пачытайце, што ён думае пра інтэграцыю, Зяленскага і Лукашэнку


Віталь Зялкоўскі ў Эўрапарлямэнце, травень 2019
Віталь Зялкоўскі ў Эўрапарлямэнце, травень 2019

Віталь Зялкоўскі стаў папулярным інтэрнэт-мэмам некалькі гадоў таму. Яго празвалі «суворым турыстам» за асаблівую манеру фатаграфавацца з аднолькавым сур’ёзным тварам. У канцы 2019 году Віталь Зялкоўскі заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Свабода распытала яго аб праграме і дэбатах з Лукашэнкам.

Віталь Зялкоўскі родам з Маладэчна, цяпер жыве ў Менску і рыхтуецца ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Ён часта параўноўвае сябе з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і называе сабе кандыдатам праэўрапейскіх поглядаў. Цяпер Віталь працуе, займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю ў сфэры ІТ, часта бывае ў Эўропе. Ён стаў папулярны як інтэрнэт-мэм у 2013 годзе, бо фатаграфаваўся на фоне прыкметнасьцяў зь вельмі сур’ёзным выразам твару.

Спыталі Віталя Зялкоўскага пра ягоныя пляны на прэзыдэнцкія выбары і атрымалі вось такія адказы. Адказваў Віталь Зялкоўскі па-расейску.

«Я не баюся рэпрэсіяў»

— Ці не перадумалі вы ісьці на выбары?

— Я пляную ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, цяпер актыўна рыхтуюся. У мяне таксама ідуць перамовы з рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі аб падтрымцы маёй кандыдатуры, але канкрэтны спосаб вылучэньня будзе вызначаны пазьней.

— Ці не адгаворвалі вас сябры і блізкія ад удзелу?

— Мяне ніхто не адгаворваў, гэта мой выбар, але ў дзень, калі я абвясьціў свае пляны, ува ўсіх маіх родных абрываліся тэлефоны, жартавалі пра 500 званкоў і СМС за дзень.

— Многія кандыдаты на пост прэзыдэнта ў Беларусі пасьля траплялі пад рэпрэсіі. Ці не баіцеся гэтага?

— Я не баюся рэпрэсіяў, Лукашэнка сядзіць апошнія паўгода ў аўтарытарнай уладзе, а далей мы будзем ператвараць дзяржаву ў дэмакратычную парлямэнцкую рэспубліку, і ў ягоных інтарэсах нам у гэтым дапамагчы.

«Гатовы выказаць Лукашэнку незадаволенасьць»

— Ці гатовы вы ўдзельнічаць у дэбатах з Лукашэнкам?

— Так, я гатовы ўдзельнічаць у дэбатах зь ім і выказаць яму незадаволенасьць, як ён, чалавек зь веданьнем адной замежнай мовы (беларускай), вучыць жыцьцю Аўстрыю, якой я вельмі сымпатызую, і гатовы яму расказаць пра выгады эўрапейскага супрацоўніцтва.

Проста ён, мяркуючы з усяго, так і не засвоіў беларускую мову, дый сам ня раз казаў, што ягоныя карані ва Ўкраіне.

— Ці маеце ўжо выбарчую праграму, якія там тры асноўныя пункты?

Я працую над праграмай, асноўныя пункты якой — мадэрнізацыя эканомікі, рэформы ў палітычнай сыстэме і паляпшэньне працоўнага і сацыяльнага заканадаўства. Набор у каманду будзе празрысты. Прызначэньне сяброў у парлямэнт і сваякоў у адміністрацыю прэзыдэнта будзе спынена.

— Што думаеце наконт пагрозы ад інтэграцыі з Расеяй і пратэстах супраць гэтага?

— З Расеяй у нас шмат агульнага, але там вельмі шмат праблемаў. Гэта тычыцца карупцыі, крыміналу, наркотыкаў, праблемаў у мэдыцыне, гэта санкцыі і ваенныя канфлікты. Фінансавыя складанасьці ў Расеі ствараюць вялікую імавернасьць, што пасьля працяглай інтэграцыі пачнецца зноў распад. Я лічу, што цяпер няма сэнсу абʼядноўвацца, пратэсты, лічу, лягічныя.

«У Беларусі закінулі выбарчы працэс, а старшыня ЦВК кажа ўсё, што ёй стрэльне ў галаву».

— Чаму вы часта праводзіце паралелі паміж сабой і Зяленскім, чым вы, на вашую думку, падобныя?

— Мы зь Зяленскім вельмі розныя людзі, ён мяккі чалавек зь несамастойнымі палітычнымі поглядамі. У мяне ёсьць складаны, унікальны досьвед і ўласная думка. Але нас аб’ядноўваюць погляды на супрацоўніцтва з ЭЗ і пэрспэктывы парлямэнцкай рэспублікі. А таксама ў нас падобныя прозьвішчы і вельмі прыгожыя гісторыі папулярнасьці.

— Хто быў наймацнейшым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі за апошнія 25 гадоў?

— Цяжка зрабіць выбар паміж кандыдатамі. Гатовы толькі прапанаваць кандыдатуру ад новага пакаленьня з праэўрапейскімі поглядамі.

Я сымпатызую бундэсканцлеру Мэркель, дый наагул за апошні год я ў Нямеччыне ўбачыў шмат цікавых рэчаў.

— Зь якіх СМІ пачынаеце ранак?

— Чытаю tut.by и mail.ru.

— Што трэба зрабіць у Беларусі, каб палепшыць эканамічную сытуацыю і жыцьцё людзей?

— Трэба наладжваць адносіны з ЭЗ, укараняць новыя тэхналёгіі, менш гаварыць аб ілжэ- ІТ-краіне, а ўкараняць рэальна ІТ-тэхналёгіі ў вытворчасьці і ў жыцьці.

— Колькі мусіць зарабляць беларус у сярэднім?

— Думаю, што сямʼя з 2 чалавек у Менску са здымнай кватэрай павінна мець мінімум 1000 даляраў. Тыя, хто мае менш, ёсьць ахвярамі ілжээканомікі сацыяльнай дзяржавы.

— Як думаеце, ці сапраўды ў Беларусі лічаць галасы выбарнікаў?

У Беларусі закінулі выбарчы працэс, людзі ня хочуць хадзіць на выбары, там і фальсыфікацыя, і старшыня ЦВК кажа ўсё, што ёй стрэльне ў галаву. Трэба зрабіць абавязковую яўку, як у Бэльгіі: не прыйшоў на галасаваньне — атрымаў штраф 80 эўра. Адразу стане ясна, хто ходзіць і хто галасуе.

Віталь Зялкоўскі некалі быў памочнікам намесьніка старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча, балятаваўся ад ЛДПБ на мясцовых выбарах 2014 году.

Ён заяўляе, што ў ягоным пляне «важную ролю» будуць выконваць ягоныя «кантакты ў Эўразьвязе і Расеі».

У шэрагу СМІ ня раз паведамлялася, што Зялкоўскі жыў і працаваў у Бэльгіі і ў 2013 годзе, калі стаў мэмам, і пасьля таго, і прынамсі летась. Хоць на выбарах у 2014 годзе пазначалася, што жыве ён у Маладэчне.

Артыкул 80 Канстытуцыі Беларусі вызначае, што прэзыдэнтам Беларусі можа быць толькі чалавек, які «пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі». На гэта Зялкоўскі адказвае, што «заўсёды пражываў у Беларусі за выняткам кароткіх камандзіровак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG