Чальцы грамадзкай назіральнай камісіі змаглі 15 студзеня паразмаўляць зь Пятром Кучурам, зьняволеным у Магілёве, расказаў Mspring.online праваабаронца Барыс Бухель.
Сустрэча праходзіла ў прысутнасьці прадстаўнікоў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і кіраўніцтва магілёўскай турмы № 4, дзе Кучура адбывае пакараньне — 18 гадоў за забойства. Нягледзячы на прысутнасьць турэмшчыкаў, зьняволены «паступова разгаварыўся».
Цяперашнюю сустрэчу дазволілі пасьля таго, як жонка зьняволенага Людміла Кучура дамаглася сустрэчы зь міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым. Да таго яна шмат гадоў зьвярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку да Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыць мужа невінаватым, ягоную віну — недаказанай, а абыходжаньне зь вязьнем — празьмерна жорсткім.
«Падакаралі, што ня ўмее рэзаць вены»
Паводле Барыса Бухеля, цяпер пачалося расьсьледаваньне па факце прымусу да суіцыду. Пётар Кучура скардзіўся, што ў магілёўскай калёніі № 15, дзе ён адбываў пакараньне да нядаўняга часу, прадстаўнік адміністрацыі калёніі раіў яму рэзаць вены — «давалі зразумець, што прасьцей учыніць самагубства, чым чакаць выхаду на волю».
Зьняволены сьцьвярджае, як расказвае Бухель, што «калі спроба суіцыду не ўдалася, яго там яшчэ і падакаралі, што ня ўмее рэзаць вены».
На руцэ ў Кучуры, кажа Бухель, 9 парэзаў.
Як могуць падоўжыць зьняволеньне вязьня
Кучура адбыў 16 з 18 гадоў зьняволеньня, але яму казалі, што тэрмін могуць і падоўжыць. Паводле артыкула 411 КК РБ, за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» могуць пакараць дадатковым годам пазбаўленьня волі, а калі чалавек асуджаны за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, то на тэрмін да двух гадоў.
Як пішуць праваабаронцы, заяву на справу паводле арт. 411 адміністрацыя можа падаць за некалькі дысцыплінарных спагнаньняў і зьмяшчэньняў у штрафны ізалятар (Кучуру адпраўлялі ў ШЫЗА ўжо тройчы).
«411-ы артыкул небясьпечны тым, што адміністрацыя папраўчай установы можа колькі заўгодна прызнаваць зьняволенага парушальнікам і падаваць заявы на ўзбуджэньне крымінальнай справы зноў і зноў, — абураецца праваабаронца Бухель. — Тэарэтычна так можна сядзець хоць усё жыцьцё».
Знайшлі лязо ў толькі што выдадзенай целагрэйцы
Як кажа праваабаронца са словаў Кучуры, вязьню спачатку намякнулі, што яго можа чакаць дадатковы тэрмін. Калі Кучура адказаў «Хочаце — давайце», то яму «навесілі» некалькі дысцыплінарных спагнаньняў і накіравалі яго ў штрафны ізалятар.
Першы раз Кучура трапіў у ШЫЗА яшчэ ў калёніі № 15. Ён не пасьпеў адбыць тэрмін у ізалятары, як яго перавялі ў «крытую» турму № 4, дзе давялося даадбыць тэрмін у ШЫЗА. Жонка зьняволенага Людміла Кучура расказвала Свабодзе, што пра суд, які пастанавіў зрабіць больш жорсткімі ўмовы адбыцьця пакараньня для асуджанага, ёй не паведамлялі. Да гэтага мужу не давалі магчымасьці сустрэцца з адвакатам і перашкаджалі абскардзіць вынесеныя яму дысцыплінарныя спагнаньні. Акрамя таго, да жонкі зьняволенага не даходзілі ягоныя лісты.
Другі раз, пішуць праваабаронцы, Кучура трапіў у ШЫЗА за тое, што ў ягонай целагрэйцы знайшлі лязо — але праваабаронцы адзначаюць, што ў толькі што выдадзенай яму целагрэйцы. Трэці раз Кучуру адправілі ў ШЫЗА пасьля лекцыі пра артыкул 411.
Інваліднасьць, хворае сэрца, ледзяны душ, сусед-курыльшчык...
За час зьняволеньня 62-гадовы Пётар Кучура займеў шэраг хранічных захворваньняў, у тым ліку інваліднасьць праз хваробу сэрца. Праваабаронца, які сустрэўся зь ім, кажа, што зьнешні стан зьняволенага «сярэдні».
«У яго былі сінія рукі, — расказаў Бухель. — Ён скардзіўся на скразьнякі і холад. Распавёў, што яму цяжка прымаць турэмны душ, бо вада ледзяная».
Памяшканьне штрафнога ізалятара ў турме, казаў зьняволены, мае дзірку проста на вуліцу дыямэтрам 15 см — у ШЫЗА халодна, а на просьбу, каб далі ўзяць цёплую вопратку, яму адказалі адмовай.
«Ён пасьпеў расказаць і пра недахоп гародніны і садавіны, і пра праблемы з атрыманьнем мэдычнай дапамогі і прэпаратаў, — перадае праваабаронца. — Калі верыць ягоным словам, то быў нават дзікі выпадак, калі ў камэру да Пятра пасадзілі чалавека, далі яму цыгарэты і параілі, каб той больш курыў, бо сам Кучура не выносіць цыгарэтнага дыму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маё цела выкіньце ля будынку, дзе сядзіць высокае кіраўніцтва»Кучура яшчэ сем гадоў таму пісаў жонцы, што празь ціск на яго з боку адміністрацыі калёніі ў яго можа не застацца выйсьця, акрамя самагубства. Ён, казала жонка, ужо трапляў пад ціск, у тым ліку за нелегальную перадачу інфармацыі пра сытуацыю ў гэтай установе: пра неаказаньне мэдычнай дапамогі зьняволеным, што прывяло да іх сьмерцяў, пра спробы суіцыду за кратамі.
Барыс Бухель кажа, што цяпер грамадзкая назіральная камісія рыхтуе справаздачу пра парушэньне правоў Кучуры. Праваабаронцу цешыць, што міністар Караеў зьвярнуў увагу на гэтую справу. Маўляў, Караеў казаў, што хоча «ачалавечыць» імідж міністэрства, таму праваабаронцы будуць чакаць паўнавартаснага і аб’ектыўнага разгляду справы Кучуры.
За што пасадзілі Кучуру
Пятра Кучуру асудзілі на 18 гадоў за наўмыснае забойства дзяржінспэктара па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету. Кучуру затрымалі ў 2004 годзе, выйсьці на волю ён мае ў 2021-м. У 2016 годзе асуджаны зьвяртаўся з просьбай аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, але яму адмовілі. Жонка асуджанага ня верыць у вінаватасьць мужа.
Забойства, за якое пасадзілі Кучуру, адбылося ў сьнежні 2004 году, калі зьняволенаму не было і 50. Раней ён ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, лічыўся добрым сем’янінам ды выдатным работнікам — кіроўцам-дальнабойшчыкам.
Пётар Кучура, заўзяты паляўнічы, быў у лесе каля вёскі Масьцішча, што ў Дзяржынскім раёне. Менавіта там падчас паляваньня Пятра быў некім застрэлены дзяржаўны інспэктар аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Мікалай Гурын.
Як вынікае з крымінальнай справы Пятра Кучуры, чыноўнік быў у лесе не адзін, а са знаёмымі яму людзьмі. Напачатку некаторыя нават былі ў ліку падазраваных. Але сьледзтва ды суд прызналі вінаватым менавіта Пятра — у наўмысным забойстве. Маўляў, Кучура меў матыў забіць дзяржінспэктара, каб пазьбегнуць затрыманьня і прыцягненьня да адказнасьці за незаконнае паляваньне.
Адвакат ды экспэрты ўбачылі нямала нестыковак у доказах сьледчых. Напрыклад, што тычыцца фатальнага стрэлу. Калі зыходзіць з траекторыі палёту сьмяротнай кулі, то абвінавачанаму Пятру Кучуру ў мэтах забойства канкрэтнай асобы трэба было б у цемры залезьці на верхавіну дрэва і толькі адтуль страляць па жывой мішэні.
Акрамя таго, з матэрыялаў крымінальнай справы зьніклі знойдзеныя на месцы здарэньня кулі, а таксама розныя прызначэньні на судова-балістычную ды судова-крыміналістычную экспэртызу. Гэтыя і іншыя довады не былі ўлічаныя.