Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 16 студзеня пакараў яшчэ двух удзельнікаў пікету супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй, які адбыўся ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году, паведамляе праваабарончы сайт «Віцебская Вясна».
Паводле суду, пікетоўцы парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).
- Натальля Трошчанка аштрафаваная на 648 рублёў, судзьдзя Алена Грабянчук,
- Юры Мазкоў — на 594 рублі, судзьдзя Сьвятлана Варатынская.
Днём раней суд аштрафаваў на 675 рублёў актывіста Алега Паўлава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За пратэст віцябляніна аштрафавалі на 675 рублёў, менчука не змаглі асудзіць зь першага разуНатальля Трошчанка на суд не прыйшла, але напісала заяву, у якой прасіла спыніць адміністрацыйную справу супраць яе, спасылаючыся на міжнароднае права, якое гарантуе грамадзянам публічна выказваць сваё меркаваньне і браць удзел у масавых мерапрыемствах. Сьведкі ў судзе не выступалі, не паказвалі і відэазапісы з пікету.
Юры Мазкоў на судзе сьцьвярджаў, што апынуўся ў той час на плошчы амаль выпадкова, ня ведаў, ці была акцыя дазволеная ўладамі, і трымаў у руках дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг. Нягледзячы на гэта судзьдзя Сьвятлана Варатынская вырашыла аштрафаваць Мазкова, які мае дваіх малалетніх дзяцей, на 594 рублі.
Суды над удзельнікамі акцыі 29 сьнежня ў Віцебску працягнуцца. 17 студзеня будуць разглядацца адміністрацыйныя справы яшчэ двух пікетоўцаў — Уладзімера Кійко і Міколы Качурца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Судовы канвэер» працягнуўся: 60 сутак і звыш 14 000 рублёў за акцыі супраць інтэграцыіЦягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі прайшлі суды за акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Агульная сума штрафаў, прысуджаных пратэстоўцам, ужо складае каля 70 тысяч рублёў.
Кампанія #BY_help 10 студзеня абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. На момант публікацыі толькі на плятформе MolaMola і Facebook сабралі больш за 17,8 тысячы даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры дзясяткі судоў і 33 тысячы рублёў штрафаў за акцыі супраць інтэграцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 сутак арышту і 2625 рублёў штрафу. Але Павал Севярынец «здавацца» не зьбіраецца«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»