Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас за 2019 год на 1,2%, вынікае зь першай ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Гэта ніжэй і за патрабаваньні Аляксандра Лукашэнкі, і за пляны ўраду, і за прагноз МВФ, але крыху лепей за прагноз Сусьветнага банку.
Паводле першай ацэнкі, аб’ём валавага ўнутранага прадукту за 2019 год склаў у бягучых цэнах 132 млрд беларускіх рублёў.
У першай палове году ВУП вырас усяго на 1,4%, пасьля тэмпы росту зьнізіліся яшчэ больш.
Міністэрства фінансаў Беларусі ў пачатку лістапада прагназавала, што па выніках 2019 году чакае росту аб’ёмаў рэальнага валавага ўнутранага прадукту на 2,9% да мінулага году. Гэта істотна менш, чым задача, якую ставіў на 2019 год Аляксандар Лукашэнка — плянаваўся рост ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах. Бюджэт краіны на 2019 год фармавалі зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%.
У 2018 годзе ВУП Беларусі вырас на 3%, у 2017–м — на 2,4%. У 2015 і 2016 годзе ВУП падаў на 3,8% і 2,5% адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Румас незадаволены беларускай эканомікай. Што зь ёй ня так і як гэта адаб’ецца на людзяхМіжнародны валютны фонд прагназаваў рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе спачатку на 2,4%, пасьля на 1,8% і ўрэшце на 1,5%. Сусьветны банк апусьціў прагноз яшчэ ніжэй, да 1%.
Пагаршэньне прагнозаў зьвязвалі з адсутнасьцю кампэнсацыі расейскага падатковага манэўру. Сусьветны банк таксама адзначаў у беларускай эканоміцы:
- абмежаваныя магчымасьці стымуляваньня ўнутранага попыту;
- захаваньне структурных праблемаў;
- аслабленьне зьнешняга попыту;
- пагаршэньне ўмоваў гандлю пры захаваньні цяпершаняга ўзроўню дзярждоўгу.
Для параўнаньня. ВУП Расеі за 2019 год вырас, паводле Сусьветнага банку, прыблізна на 1,2% (афіцыйных лічбаў расейскія ўлады пакуль не публікавалі), Украіне на 2019 год у Сусьветным банку прагназуюць рост на 3,5%, ад Польшчы чакаюць росту ВУП на 4,2%, ад Літвы — на 3,7%, ад Латвіі — 3,2%.
Што кажуць пра 2020
На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9% — гэта «базавы» сцэнар эканамічнага разьвіцьця.
Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе на ўсяго 0,3%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад палепшыў эканамічны прагноз на загад Лукашэнкі. Што зьмянілася