Эўразьвяз заклікае Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне як першы крок да яго поўнай адмены, гаворыцца ў заяве Эўрапейскай службы зьнешніх сувязяў, зробленай пасьля вынясеньня ў Беларусі двух новых сьмяротных прысудаў.
ЭЗ зноў заяўляе, што рашуча выступае супраць прымяненьня сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах.
«Сьмяротнае пакараньне парушае неад’емнае права на жыцьцё, замацаванае Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека, і зьяўляецца ў найвышэйшай ступені жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасьць пакараньнем. Сьмяротнае пакараньне таксама ня можа служыць стрымліваючым фактарам для злачыннасьці. Памылкі правасудзьдзя незваротныя», — падкрэсьліваецца ў заяве, якую цытуе БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За жорсткае забойства настаўніцы ў Чэрыкаве двух братоў асудзілі на расстрэл10 студзеня калегія Магілёўскага абласнога суду прысудзіла двух жыхароў Чэрыкава — 21-гадовага Ільлю і 19-гадовага Станіслава Косьцевых — да сьмяротнага пакараньня. Браты прызнаныя вінаватымі ў забойстве 47-гадовай настаўніцы.
Забойства адбылося ў красавіку 2019 году. Па дадзеных сьледзтва, паміж абвінавачанымі і суседкай, настаўніцай у іх школе, адбыўся канфлікт. Нагодай стала тое, што суседка заявіла праваахоўнікам аб неналежным выкананьні бацькоўскіх абавязкаў сястрой абвінавачаных, якая знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Праз гэта сямʼю паставілі на прафіляктычны ўлік як сямʼю, якая знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.
Пасьля застольля дома пʼяныя браты пайшлі да сваёй былой настаўніцы, каб «разабрацца». Яны яе забілі, скралі кампутар і прадукты харчаваньня, а затым, з мэтай схаваць сьляды злачынства, падпалілі дом. Па дадзеных сьледзтва, жанчыне было нанесена больш за 140 удараў нажом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Венядзіктаў разгледзеў у Лукашэнку «хітрага, спрытнага і жорсткага палітыка»Гэтую крымінальную справу згадваў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы»:
«У нас на кантролі прэзыдэнта ёсьць грамадзка значныя справы, — сказаў ён. — Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суду аб разглядзе гэтых спраў. Вось адна зь іх: два падонка, інакш іх не назавеш, — ужо і разбоі былі, і каралі іх — забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра — ніякая, асацыяльны элемэнт, а настаўніца абараніла іх і запатрабавала выключыць з сямʼі. Яны яе рэзалі ўсю ноч, яны забівалі яе ўсю ноч. Яна ўмольвала, прасіла, і ў рэшце яны яе да раніцы дабілі».
Беларусь застаецца адзінай у Эўропе і СНД краінай, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакараньня, памілаваны — адзін чалавек.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2019 годзе было пакарана як мінімум два чалавекі.