Насамрэч
Чыстая праўда. Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу на практыцы ўжываецца сьмяротнае пакараньне.
Па стане на 2018 год сьмяротнае пакараньне дазволенае ў 56 краінах сьвету. Першае месца ў сьвеце паводле колькасьці сьмяротных выракаў займае Кітай, даей ідуць Іран, Саўдаўская Арабія, Віетнам і ЗША.
У 1978 годзе сьмяротнае пакараньне было скасаванае ў Гішпаніі, у 1981 годзе — у Францыі. З 1990 году сьмяротную кару адмянілі цалкам каля 40 краінаў і тэрыторый, у тым ліку Азэрбайджан, Альбанія, Ангола, Армэнія, Баўгарыя, Вялікабрытанія, Вугоршчына, Ганконг, Грэцыя, Грузія, Ірляндыя, Італія, Канада, Кіпр, Кот-д’Івуар, Кіргізстан, Латвія, Літва, Маўрыкій, Мальта, Мэксыка, Мазамбік, Малдова, Нэпал, Парагвай, Польшча, Румынія, Сэрбія, Славакія, Славенія, Туркмэністан, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швайцарыя, Эстонія, Паўднёвая Афрыканская рэспубліка.
Усяго ў сьвеце 28 краін не прымяняюць сьмяротную кару на практыцы, хоць у крымінальным заканадаўстве яна захоўваецца ў якасьці вышэйшай меры пакараньня. У гэтым сьпісе Расея і Таджыкістан. Там нікога не прысуджалі да сьмерці і не пакаралі сьмерцю больш за 10 гадоў, але туды не трапіў Казахстан, таму што, хоць апошні сьмяротны прысуд у краіне быў выкананы ў 2003 годзе, такія прысуды выносіліся і ў наступныя гады (апошні — у 2016 годзе), гаворыцца ў апошняй справаздачы праваабарончай арганізацыі Amnesty International.
Адсутнасьць сьмяротнай кары зьяўляецца абавязковай умовай для сяброўства ў Радзе Эўропы. Менавіта з гэтай прычыны Беларусь і не зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі