Нямецкая авіякампанія Lufthansa у пятніцу абвясьціла аб скасаваньні ўсіх сваіх рэйсаў у Тэгеран да 20 студзеня ўключна ў сувязі зь «няпэўнай сытуацыяй» у сфэры бясьпекі паветранай прасторы над іранскай сталіцай.
У заяве кампаніі сказана, што ідзецца пра захады перасьцярогі. Рашэньне, ці адновяцца рэйсы ў сталіцу Ірану, прымуць пазьней з улікам абставінаў.
Рашэньне было абвешчана на наступны дзень пасьля таго, як шэраг СМІ са спасылкай на крыніцы ў выведцы ЗША і іншых краінаў, а затым і лідэры Канады і Вялікай Брытаніі заявілі, што «Боінг» украінскай авіякампаніі, які разьбіўся 8 студзеня неўзабаве пасьля вылету з аэрапорту Тэгерану, як мяркуецца, быў зьбіты іранскай ракетай.
Увечары ў чацьвер, у лічаныя хвіліны пасьля таго, як зьявіліся паведамленьні аб ракеце і відэа яе меркаванага пападаньня ў самалёт, лайнэр Lufthansa, які ляцеў з Франкфурту-на-Майне ў Тэгеран, разьвярнуўся над Румыніяй і вярнуўся ў Нямеччыну.
Адразу пасьля катастрофы ўкраінскага самалёту шэраг авіякампаніяў зьмянілі маршруты рэйсаў, каб унікнуць паветранай прасторы над Іракам і Іранам. Сярод іх Qantas, Singapore Airlines і Air France. Маршруты з Паўднёва-Усходняй Азіі і Аўстраліі ў Эўропу цяпер праходзяць над Аўганістанам, Туркмэністанам і Каўкаскім рэгіёнам. «Росавиация» таксама апублікавала падобную рэкамэндацыю, аднак «Аэрафлот» працягвае лётаць над Іранам, а таксама зьдзяйсьняць рэйсы ў Тэгеран. Над Іранам, у тым ліку ў Эўропу, таксама працягваюць лётаць самалёты авіякампаніяў многіх краін Азіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» не выконвае рэйсаў у Іран і будзе абмінаць яго тэрыторыюУлады Ірану адмаўляюць вэрсію пра тое, што ўкраінскі самалёт, на борце якога загінулі 176 чалавек, быў зьбіты.