Не наракай, што вакол дыктатура, бо ты сам дыктатар. Пра што новы спэктакль Купалаўскага «Першы»

Ёсьць людзі, якія лічаць сьвет дзяцінства ружова-прыемным, радасна-бесклапотным. Рэжысэр і актор Купалаўскага тэатра Раман Падаляка сьцьвярджае, што гэта мана. 8-га студзеня ён прэзэнтаваў на Камэрнай сцэне спэктакль «Першы».

Акторы, занятыя ў гэтай пастаноўцы (Іван Кушнярук, Крысьціна Дробыш, Валянціна Гарцуева, Павал Астравух), носяць жалобныя чорныя касьцюмы. Прамаўляючы балючыя і шчымлівыя маналёгі дзяцей, яны падкрэсьліваюць усю беспрасьветную трагічнасьць жыцьця іх маленькіх герояў.

Дзеці, паводле рэжысэра Падалякі, існуюць у жорсткім таталітарным сьвеце, дзе пануюць адно толькі забароны, запалохваньні, шантаж, гвалт, самыя розныя страхі, дзе любога дзетсадаўца вучаць перш-наперш бяздумнай пакоры і страху перад вышэйшай уладай — выхавальнікамі, настаўнікамі, бацькамі.

Сцэна, дзе героі задумваюць уцёкі зь дзіцячага садка (ён успрымаецца тут, безь ніякай іроніі, адназначна як турма альбо канцэнтрацыйны лягер) — адна з самых шчымлівых, эмацыйна-праўдзівых і балючых. На сэкунду здаецца, што перад табой эпізод зь якой-небудзь малавядомай экзыстэнцыяльнай аповесьці Васіля Быкава. Маналёг аднаго з пэрсанажаў пра тое, як яго мучылі малаком зь пенкамі і брыдкімі рыбнымі катлетамі, міжволі прымушае ўспомніць уласнае дзяцінства, дзе ты праходзіў тыя ж самыя гастранамічныя і ня толькі пакуты.

Дзяцінства, паводле стваральнікаў спэктаклю, атулена беспрасьветным няўменьнем дарослых любіць.

Час ад часу нашы маленькія героі залазяць на зэдлік і з кранальнай бездапаможнасьцю, узіраючыся ў чорнае неба, зьвяртаюцца да нябачных татаў, мамаў... Просяць іх не злавацца, не прымушаць выкідаць любімыя цацкі; каб ня білі, не палохалі, што іх кінуць, не пагражалі...

Але падобныя наіўныя просьбы марныя.

Дарослыя тут выступаюць як сапраўдныя садысты.

Пры тым падобная жорсткасьць — ад уласнай слабасьці, ад таго, што сам жывеш і падпарадкоўваесься, скажам, такому ж тырану-начальніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кароль Лір» як агонія скінутага дыктатара. Чаму вас зацікавіць прэм’ера Купалаўскага

Падаляка сьцьвярджае простую, быццам бы зразумелую, але мала кім з нас усьвядомленую ісьціну: не наракай, што вакол цябе дыктатура, што ты знаходзісься ў несвабоднай краіне, бо менавіта ты, зрабіўшыся дыктатарам для ўласных дзяцей, — адзін з аўтараў падобнай суцэльнай несвабоды.

Спэктакль сваёй драматургіяй, маральлю, філязофскім пасылам дастаткова традыцыйны.

Раман Падаляка ўвогуле рэжысэр, які ня любіць экспэрымэнтатарскіх вычварэнстваў.

Ён не імкнецца ў сваіх пастаноўках адкрываць нешта новае, а на манэр такіх клясыкаў, як Іржы Менцэль альбо Акіра Курасава, па-донкіхотаўску палка жадае, каб яго сучасьнікі не забылі самага простага і быццам кожнаму такога зразумелага і нават банальнага: непадманна любіць самае дарагое, што ў вас ёсьць — дзяцей.

Як і папярэдні спэктакль Падалякі «Радзіва „Прудок“», гэтая пастаноўка ўражвае сваёй вытанчанай, арыгінальнай і выдатна распрацаванай сцэнаграфіяй (мастак — Тацяна Дзівакова). І калі знойдуцца гледачы, якіх не ўразяць школьна-гуманістычныя ісьціны Падалякі, дык вонкавы бок спэктакля, яго колеры (тонкая гульня чорнага, асьляпляльна белага, зялёнага і сіняга), нечаканае абыгрываньне прадметаў не пакінуць абыякавымі.

Напрыклад, белае палатно на заднім пляне, якое сьпярша выконвае ролю кінаэкрана, затым зь лёгкасьцю ператвараецца ў каток, пасьля ў вялікую коўдру, пад якой сьпяць бедныя, замучаныя выхавальніцай дзетсадаўцы, потым — у подыюм, дзе, на хвіліну здабыўшы сабе свабоду, дзеці ўсяляк дурэюць...

Безумоўна, ёсьць у спэктаклі і недахопы.

Аўтарам п’есы (Раман Падаляка і Міхась Зуй) варта папрацаваць над беларускай мовай. Бо замест «рашотка» лепей казаць «краты», замест «ж*па» — «срака», а бясконцае ўжываньне слова «круты» пачынае раздражняць — няўжо нельга было пашукаць сынонімаў?

Драматургічна «Першы» зроблены добра, але думаю, чыста сэнсава варта было спыніцца на гісторыях, якія адбываюцца толькі зь дзетсадаўцамі (якіх тут большасьць), бо калі раптам нам пачынаюць расказваць пра першае спатканьне падлеткаў, то гэта ўспрымаецца, як фрагмэнт нейкай іншай пастаноўкі.

Увогуле, Раман Падаляка зрабіў вельмі важны спэктакль.

Нам, беларусам, збольшага змрочным, эгацэнтрычным, пакрыўджаным неспрыяльнымі сацыяльнымі ды палітычнымі абставінамі, варта навучыцца ня толькі патрабаваць, ціснуць, але і даваць самім.

Даваць хаця б крыху любові ды разуменьня сваім дзецям.

Бо калі будзе зьнікаць аўтарытарызм у нашых сем’ях, хто ведае, мо нейкія зьмены напаткаюць і ўсю нашу краіну.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.