У Купалаўскім тэатры прэм’ера — галоўны рэжысэр Мікалай Пінігін паставіў адну з самых знакавых п’ес Шэкспіра «Кароль Лір».
Сьцісла:
- Спэктакль Пінігіна вучыць — нельга жартаваць са сваёй уладай, ператвараць яе ў гулі.
- Першая дзея — гэта падрыхтоўка да катастрофы (падзеньне тырана), а другая — агонія скінутага дыктатара.
- Спэктакль будзе аднолькава цікавым як найвышэйшаму кіраўніцтву дзяржавы, гэтак і лінгвісту.
Фота прадстаўленыя Купалаўскім тэатрам
Новы спэктакль, безумоўна, будзе мець у нас вялікі посьпех. Бо як жа: адным з галоўных адмоўных герояў тут выступае байструк Эдмунд (бліскучая роля Івана Труса), які робіць усё, каб узяць уладу ў свае рукі, і перад гэтым ня спыніцца ні перад чым.
Назіраеш за тым, як гэты гнюсны гітлерападобны тып набліжаецца крок за крокам да запаветнай мары — і хоцькі-няхоцькі праводзіш адпаведныя аналёгіі з нашай рэчаіснасьцю.
Іван Трус настолькі бліскуча ўвасобіў вобраз нягодніка і злачынцы, што па сутнасьці стаў сапраўдным героем першай дзеі спэктаклю. Дзіва дзіўнае, але нават такі харызматычны артыст, як Віктар Манаеў (Кароль Лір), адыходзіць у цень, калі на сцэне інтрыгуе, забівае, нагаворвае, спакушае і лютуе Іван Трус у вобразе Эдмунда.
Першая дзея нагадвае сапраўдны трылер. Трымае ў напрузе імклівасьць дзеяньня, графічная вастрыня акторскай ігры, нечаканыя рэжысэрскія прыдумкі, як, напрыклад, эпізод, калі кароль Лір дзеліць каралеўства і разрывае пры гэтым, як кавалкі мяса, свой крывавы плашч, часткі якога забіраюць хцівыя дочкі Рэгана і Ганэрылья. Дарэчы, гэтая сцэна, у якой Лір аддае ўладу — ці ня самая ўдалая ў спэктаклі. Усё тут падкрэсьлена і сьвядома найграна, вельмі патасна і нагадвае раздражняльны ранішнік. І Лір, і яго чэлядзь разыгрываюць нейкі фарс, што акурат і адчувае сьціплая Кардэлія (тонкая роля Марты Голубевай), якую бянтэжыць гэткае дзейства.
Сам Кароль Лір у выкананьні любімага артыста Пінігіна Віктара Манаева — гэта яшчэ дастаткова бадзёры, фізычна моцны мужчына. (Праўда, зь вельмі паскудным характарам. Станоўчых герояў тут увогуле, апроч Кардэліі, няма). Не адразу становіцца зразумела, нашто ён захацеў аддаць карону. Калі клясычны расейскі Лір у выкананьні Міхаіла Царова з маскоўскага Малога тэатру быў ужо занадта стары і стомлены, каб кіраваць^; калі ў фільме Рыгора Козінцава актор Юры Ярвет сыграў па-дзіцячаму наіўнае жаданьне скінуць зь сябе нудны абавязак кіраўніка, каб аддацца любімым забавам, кшталту паляваньня^; дык у манаеўскага Ліра зусім іншыя прычыны.
Узьнікае ўражаньне, што жорсткі, зусім не лядашчы, упэўнены ў сабе кароль Лір ставіць... экспэрымэнт. Гэтая аддача ўлады быццам бы не сапраўдная, а ўсяго толькі тэатар. Накшталт таго, як Іван Жахлівы на пэўны час перадаў карону служыламу татарскаму хану Сімяону Бэкбулатавічу і сам езьдзіў па Маскве як звычайны баярын.
Спэктакль Мікалая Пінігіна вучыць — нельга жартаваць са сваёй уладай. Калі хітраму маніпулятару Івану Жахліваму ўдавалася неаднаразова гуляць у «адрачэньне» ад кароны, а затым ізноў яе здабываць, дык іншым дыктатарам гэткае цяжка будзе паўтарыць. Любая тыранія шкодная ў першую чаргу для самога тырана, бо ён з часам можа пачаць думаць, што пры любым раскладзе захавае моц і ўсёмагутнасьць.
Мікалай Пінігін паставіў «Караля Ліра», каб выявіць усю ілюзорнасьць і наіўнасьць гэткіх меркаваньняў.
Паводле аўтара спэктаклю, нельга такую сур’ёзную рэч, як дыктатарская ўлада, ператвараць у гулі — атрымаецца катастрофа і для самога няўдалага рэжысэра гэтага фарсу (у дадзеным выпадку Караля Ліра), і для яго блізкіх, і для самой краіны, якую тады лёгка можа захапіць іншая дзяржава.
У другой дзеі ўзьнікае ўражаньне, што гісторыя часам страчвае цэльнасьць, мізансцэны — выразнасьць, а выканаўцы з аднолькавым патасам на адных клічніках прамаўляюць свае маналёгі.
Але зроблена гэта ізноў жа сьвядома.
Пінігін як бы паказвае, што той дзікі фарс, які пачаў рабіць сам Лір на пачатку дзеі, незаўважна і стаў рэальнасьцю. Героі ператвараюцца ў марыянэтак, і неўзабаве ўжо цяжка адрозьніць — хто тут станоўчы, а хто адмоўны. Узьнікае адчуваньне, што другую дзею рэжысэр спэцыяльна зрабіў менавіта такой вонкава алягічнай, шумнай, расьцягнута-бязьдейнай, дзе ўсё і ўсе зьмешваюцца ў нейкі пякельны д’ябальскі калейдаскоп, бо гэта ўсё мы глядзім праз хворае успрыманьне самога Ліра.
Першая дзея — гэта падрыхтоўка да катастрофы (падзеньне тырана), а другая — доўгая, марудна-невыносная агонія скінутага дыктатара.
Гэткая рэжысэрская задума, вядома ж, спрэчная, рызыкоўная, але творча арыгінальная і адметная. Прынамсі ў іншых клясычных пастаноўках «Караля Ліра» такой трактоўкі не назіралася.
Спэктакль будзе аднолькава цікавым для самай рознай публікі: ад найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы да інтэлігентнага лінгвіста, які атрымае сапраўднае задавальненьне ад бліскучага перакладу былой ахвяры сталінскай тыраніі Юркі Гаўрука.
Спадзяюся, гэтая экспэрымэнтальная пастаноўка дзякуючы сваёй надзённасьці і актуальнасьці атрымае доўгае сцэнічнае жыцьцё ў нашай пакуль яшчэ незалежнай Беларусі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.