Першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне Пятра Садоўскага аштрафавалі на 30 базавых за ўдзел у мітынгу супраць інтэграцыі 7 сьнежня. Матэрыялы па другой адміністрацыйнай справе Садоўскага накіравалі «для ліквідацыі недахопаў» у Савецкі РУУС.
Цэнтральны cуд Менску 9 студзеня разглядаў дзьве аналягічныя адміністрацыйныя справы, заведзеныя супраць Пятра Садоўскага па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях за незалежнасьць Беларусі 7 і 8 сьнежня мінулага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На фота зусім іншы чалавек». Як першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне судзілі за пратэсты супраць інтэграцыі
«Прыкметы ілжэсьведчаньня»
Працэсы пачаліся 30 сьнежня і працягнуліся 9 студзеня. Пятро Садоўскі заявіў у судзе, што ў міліцэйскіх пратаколах ёсьць «ілжэсьведчаньні», якія «ў пэўным сэнсе пачалі пакрываць» судзьдзі.
«Прызвычаіўшыся да беспакаранасьці пры канвэерным разглядзе спраў, ні МУС, ні суд не падрыхтаваліся да працэсу 30 сьнежня, — сказаў Садоўскі. — Савецкі РАУС падаў непрафэсійна складзены пратакол з ілжэсьведчаньнямі малодшага складу службоўцаў пад адміністрацыйным прымусам. Так бы мовіць, „у інтарэсах дзяржавы“».
На першым пасяджэньні судзьдзя Юлія Густыр паказала фота, на якім была выява невядомага чалавека, а не Садоўскага. А судзьдзя Іван Касьцян, які вёў працэс па справе 8 сьнежня, прад’явіў фота Садоўскага з інтэрнэту за 7 сьнежня ў зімовай шапцы. Насамрэч Садоўскі быў 8 сьнежня ў бэйсболцы.
«Падобна, што падчас мітынгу не вялася апэратыўная фіксацыя на камэру. Не было здымкаў з адбіткам даты і часу дзеяньня. „Доказы“ браліся з інтэрнэту і вуснаў „сьведак“», — сказаў Садоўскі.
У пратаколах падаюцца недакладныя зьвесткі і пра асобу падсуднага. Паводле Садоўскага, там пазначана, што ён мае сярэднюю адукацыю, што «прыніжае яго дзелавую рэпутацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры дзясяткі судоў і 33 тысячы рублёў штрафаў за акцыі супраць інтэграцыіСадоўскі яшчэ раз заявіў, што ня бегаў па плошчы са сьцягам, не крычаў лёзунгі, а «працягваў справу свайго жыцьця: вітаў дзяржаўную незалежнасьць 7 сьнежня сьпевамі патрыятычнай песьні на словы Янкі Купалы „А ў бары-бары тры дарожанькі“, якую ён сьпяваў, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету, на плошчы Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году». (У той дзень Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР быў нададзены статус канстытуцыйнага закону).
Садоўскі паведаміў у судзе, што ў сваім выступе прапаноўваў пачаць «кампанію прыцягненьня прэзыдэнта Лукашэнкі да адказнасьці за распальваньне грамадзянскай варожасьці на карысьць „русского мира“ праз ужываньне ў сваім расейскім маўленьні беларускіх фрагмэнтаў з адмоўнай канатацыяй».
Пакараньне штрафам сустрэлі выгукамі «Ганьба!»
Садоўскі заявіў, што зьвернецца да Нямеччыны з просьбай, каб пры далейшым супрацоўніцтве зь беларускім бокам у сфэры дзейнасьці праваахоўных органаў і судовых дачыненьняў «улічваліся агучаныя факты».
Таксама Пятро Садоўскі сказаў, што «маладым судзьдзям варта думаць пра сваю асабістую рэпутацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дэпутат пасол Садоўскі зьвернецца да Нямеччыны ў сувязі зь перасьледам«Вядомыя прыклады, калі ў мінулым у адносінах да некаторых беларускіх судзьдзяў Эўразьвязам уводзіліся санкцыі ў выглядзе забароны на ўезд у Шэнгенскую зону», — згадаў Пятро Садоўскі.
Судзьдзя Іван Касьцян, які вёў працэс на расейскай мове, перабіваў выступ Садоўскага, маўляў, гэта «не адносіцца да прадмету разгляду».
А калі ён зачытаў рашэньне пра штраф у 30 базавых, то прысутныя ў залі сустрэлі гэта выгукамі «Ганьба!» і сьвістам.
Сьведка «ня памятае», што рабіў Садоўскі
Судзьдзя Юлія Густыр разглядала справу за ўдзел у мітынгу 7 сьнежня. Працэс яна вяла на беларускай мове.
У судзе быў апытаны сьведка-міліцыянт Руслан Кавальчук. Ён сказаў, што на мітынг на Кастрычніцкай плошчы сабраліся каля 700 чалавек. Міліцыянт сказаў, што бачыў Садоўскага на плошчы «пэрыядычна з 12 да 15 гадзіны». Ён ня памятае, што рабіў Садоўскі і ці было нешта ў яго ў руках, ня змог апісаць адзеньне. Міліцыянту было «цяжка сказаць», чаму пратаколы нібыта за ўдзел Садоўскага ў мітынгах 7 і 8 сьнежня супадаюць слова ў слова.
Садоўскі заявіў, што прыйшоў на плошчу пасьля 15 гадзіны, выступіў і паехаў дадому, знаходзіўся на плошчы 40 хвілін. Калі Садоўскі пачаў казаць, што ў паказаньнях сьведкі ёсьць прыкметы ілжэсьведчаньня і ён павінен несьці адказнасьць, судзьдзя запярэчыла — маўляў, трэба задаваць пытаньні па справе.
Пасьля гэтага Садоўскі заявіў, што перапыняе ўдзел у працэсе, бо такога міліцыянта «трэба выганяць з працы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6885 рублёў. Суды аштрафавалі за ўдзел у акцыях за незалежнасьць БеларусіНекаторыя з прысутных пачалі выгукваць «Ганьба!», «Колькі можна хлусіць?», «Ня суд, а судзілішча!» і выходзілі з залі.
Судзьдзя перапыніла паседжаньне «для навядзеньня парадку». У залі зьявіўся міліцыянт у форме. Пасьля перапынку Юлія Густыр агучыла рашэньне: накіраваць справу «для ліквідацыі недахопаў» у Савецкі РУУС.
Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.