Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат пасол Садоўскі зьвернецца да Нямеччыны ў сувязі зь перасьледам


Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і член Прэзыдыюму ВС, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі распаўсюдзіў заяву, якую мае намер зачытаць на заключным пасяджэньні суда ў ягонай справе за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасьці Беларусі. Паседжаньне адбудзецца 9 студзеня а 12-й гадзіне ў Цэнтральным судзе г. Менску.

Адміністрацыйная справа разглядалася 30 сьнежня 2019 у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Яго судзяць паводле артыкулу 23.34 КаАП за выступы на мітынгах 7–8 сьнежня з прыступак Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы. Калі высьветлілася, што на далучаным да міліцэйскага пратаколу фотаздымку іншы чалавек, паседжаньне суду было перанесена на 9 студзеня.

Пётра Садоўскі зьвяртае ўвагу, што «судовы працэс адбываўся ва ўмовах моцнага ціску дзяржаўных СМІ, якія тыражавалі канстатацыю Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію з карэспандэнтам расейскага канала „Эхо Москвы“ 24.12.2019 г., у якім (яшчэ да вынікаў судовага сьледзтва!) заяўлялася, што ўдзельнікамі недазволенага мітынгу былі „нябедныя“ грамадзяне, прыкормленыя невядомымі сіламі, зацікаўленымі ў дэстабілізацыі становішча ў краіне».

Садоўскі сьцьвярджае, што судзьдзі Іван Касьцян і Юлія Густыр «пачалі пакрываць ілжэсведчаньні, якія ўтрымліваюцца ў пратаколах», і абвяргае паказаньні супрацоўнікаў міліцыі:

«Гр. Садоўскі П. В. ня бегаў па плошчы са сьцягам, не крычаў лёзунгі. Ён працягваў справу свайго жыцьця: вітаў дзяржаўную незалежнасьць 7-га сьнежня 2019 г. сьпевамі патрыятычнай песьні на словы Янкі Купалы „А ў бары-бары тры дарожанькі“, якую ён сьпяваў, будучы дэпутатам ВС, на плошчы Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году. У той дзень Дэклярацыі аб незалежнасьці быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону».

Адносна абвінавачваньня за ўдзел у другой акцыі, Садоўскі адзначае, што 8-га сьнежня ён «таксама ня бегаў па плошчы са сьцягам і нічога не крычаў. Ён выступіў з кароткай прамовай.

З улікам таго, што цяпер перад пагрозай так званай паглыбленай інтэграцыі фактар нацыянальнай мовы становіцца выразным палітычным чыньнікам, ён прапаноўваў пачаць кампанію прыцягненьня прэзыдэнта Лукашэнкі да адказнасьці за распальваньне грамадзянскай варожасьці на карысьць „рускага міру“ праз ужываньне ў сваім расейскім маўленьні беларускіх фрагмэнтаў з адмоўнай канатацыяй: зьдзеклівая інтанацыя, перакрыўлены твар, гіпэр-імітацыя тыповых беларускіх зычных гукаў, перакручваньне сэнсу асобных „пазытыўных“ слоў на злачынна-процілеглы („сьвядомыя“), азначэньне беларускай мовы як дэфэктыўнай і непаўнацэннай („Пишыте на нормальном языке“).

Да таго ж гэта — зьдзек з роднай мовы сваёй маці. Гэта пацьвердзіць любая лінгвістычная экспэртыза», — перакананы Пётра Садоўскі.

У сваёй заяве былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, чалец Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, старшыня парлямэнцкай Камісіі па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях канстатуе:

«Выкладзеныя факты прымушаюць падсуднага, як першага амбасадара РБ у ФРГ, незалежна ад меры пакараньня зьвярнуцца да нямецкага боку з просьбай пры складаньні далейшых плянаў супрацоўніцтва з беларускім бокам у сфэры дзейнасьці праваахоўных органаў, практыкі правапрымяненьня і судовых дачыненьняў улічваць агучаныя факты. Пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя Германія аказвала вялікую дапамогу Беларусі ў межах праграмы TACIS і ў юрыдычнай сфэры».

Таксама Пятро Садоўскі папярэджвае, што «маладым судзьдзям варта думаць пра сваю асабістую рэпутацыю як членам паважанага супольніцтва сваіх эўрапейскіх калегаў. Яшчэ з пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў складзе СССР Беларусь, як член ААН, стала членам шматлікіх міжнародных арганізацый, якія займаюцца праблемай правоў грамадзян.

Вядомыя прыклады, калі ў мінулым у адносінах да некаторых беларускіх судзьдзяў Эўрапейскім Зьвязам уводзіліся санкцыі ў выглядзе забароны на ўезд у Шэнгенскую зону».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG