Узгадненьне 31-й «дарожнай мапы» па інтэграцыі Расеі і Беларусі, якая прапануе стварэньне наднацыянальных органаў, адкладзена на наступны этап абмеркаваньня, піша РБК са спасылкай на свае крыніцы. Іншыя мапы ўзгодненыя.
Падпісаньне 31-й «дарожнай мапы» па інтэграцыі адкладзена на наступны этап абмеркаваньня, распавялі РБК дзьве крыніцы, знаёмыя з хадой перамоваў. Адказваючы на пытаньне РБК, прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што ўзгоднены ўсе карты, акрамя адной, але і без яе ўзгадненьня можна пачынаць працу па іншых пытаньнях. «Безумоўна, можна (пачаць рэалізацыю ўзгодненых дарожных мапаў. — РБК), і відавочна, што праца ўжо будзе весьціся», — сказаў Пяскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія беларускія законы парушае «паглыбленая інтэграцыя» паводле сцэнара Мядзьведзева23 сьнежня на сустрэчы з журналістамі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў абвясьціў аб тым, што Масква і Менск узгаднілі праграму паглыбленай эканамічнай інтэграцыі, прапісанай у адпаведных мапах. Да гэтага было вядома, што ўсяго іх 31. Аднак перайсьці да выкананьня апошняй мапы, па словах Мядзьведзева, можна будзе пасьля выкананьня ўсіх папярэдніх. Яна прадугледжвае стварэньне наднацыянальных органаў, адзінага эмісійнага цэнтра і ўвядзеньне адзінай валюты, паведаміў прэмʼер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма нічога падобнага». Нацбанк Беларусі пракамэнтаваў словы Мядзьведзева пра адзіную валюту і эмісійны цэнтарГэта не супадае з публічнай пазыцыяй Менску, які катэгарычна адмаўляўся абмяркоўваць стварэньне наднацыянальных структур, хоць яны і прадугледжаны дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы ад 1999 году, якая ляжыць у аснове цяперашніх перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі, адзначае РБК.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»