Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы і беларусы — амаль адзін народ» — заявіў Пуцін напярэдадні перамоваў з Лукашэнкам

абноўлена

Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласьці, магчымы пры стварэньні наднацыянальных органаў, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве 19 сьнежня. Сваю пазыцыю ён абазначыў за суткі да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Прыбытковасьць ад продажу ў Эўропу і Беларусь для „Газпрома“ адрозьніваецца ў чатыры разы», — адзначыў Пуцін, прэс-канфэрэнцыю якога трансьлююць вядучыя тэлеканалы РФ.

«Мы ж прадаём усё ў Беларусь бяспошлінна, — сказаў ён. — Што датычыцца нашых продажаў энэрганосьбітаў, у тым ліку газу, у Эўропу і ў Беларусь, то ў Беларусі самыя нізкія цэны, якія толькі магчымыя для нашых замежных партнэраў. Гэта 127 даляраў за тысячу кубоў. У Эўропу за 200 мы прадаём. У нас сярэднеўзважаная цана цяпер па Расеі на газ — 70 даляраў за тысячу кубоў. 70 — сярэднеўзважаная, 75 — для прамысловасьці і 62 даляры — для насельніцтва».

Пуцін адзначыў, што чым далей ад месцаў здабычы пастаўляецца газ у расейскія рэгіёны, тым больш датуецца цана з бюджэту. «Смаленск адносіцца да такой зоны, дзе датаваньне самае высокае, — сказаў ён. — Смаленск спажывае недзе 2 млрд [кубамэтраў] прыкладна. У Беларусь мы прадаём 20 млрд. І калі мы будзем датаваць усю беларускую эканоміку, то гэта значыць, што мы, Расея, датуем цалкам такі першасны энэрганосьбіт, як газ, для ўсёй краіны. Ну, гэта пытаньне, пагадзіцеся, вельмі дзіўнае».

Паводле слоў Пуціна, магчымы варыянт, калі Расея будзе датаваць кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласьці. «Але што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбныя агульныя правілы ў выглядзе законаў, у тым ліку ў сфэры падатковага абкладаньня, у сфэры датацыйнай палітыкі, у сфэры падтрымкі зь бюджэтаў розных узроўняў тых ці іншых галін. Для гэтага нават патрэбныя агульныя наднацыянальныя органы — кантрольны і эмісійны. Павінны агульныя правілы ў сфэры антыманапольнай палітыкі працаваць, а можа быць, і агульны орган. Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзена толькі ў тым выпадку, калі ёсьць палітычная воля і жаданьне з абодвух бакоў», — заявіў расейскі кіраўнік.

«У нас такое жаданьне ёсьць», — падкрэсьліў Пуцін. «Мы абмяркоўваем з нашымі беларускімі партнэрамі гэта, рухаемся наперад у значнай ступені, — сказаў ён. — Але на што мы зможам выйсьці, пакуль незразумела. Забягаць наперад і пачынаць датаваць для Беларусі тое, што мы цяпер не гатовыя рабіць, ва ўмовах недавырашанасьці пытаньня саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылковым».

Уладзімір Пуцін падчас прэсавай канфэрэнцыі
Уладзімір Пуцін падчас прэсавай канфэрэнцыі

Кіраўнік Расеі лічыць, што цяпер інтэграцыя ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу нават глыбейшая, чым у «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі.

«Стварэньне саюзнай дзяржавы было б правільным рашэньнем, але ў пераважнай большасьці пастаўленыя задачы не рэалізаваныя», — лічыць Пуцін. Паводле яго расейцы і беларусы — амаль адзін народ.

«Але рашэньне па будаўніцтве саюзнай дзяржавы на 90 працэнтаў ня выкананае, — лічыць Пуцін — Менску вылучана сем мільярдаў даляраў крэдытаў. Расея падтрымлівае Беларусь па многіх каналах. У нас ідзе спакойная ўраўнаважаная праца».

20 сьнежня адбудуцца чарговы перамовы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў пытаньнях «паглыбленай інтэграцыі».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG