Спэйсі запісаў новае відэа ад імя героя «Картачнага доміка»

Кевін Спэйсі

Амэрыканскі актор Кевін Спэйсі апублікаваў відэазварот ад імя галоўнага героя сэрыялу «Картачны домік» Фрэнка Андэрвуда.


«Вы ж на самай справе ня думалі, што я не скарыстаюся магчымасьцю пажадаць вам шчасьлівага Раства? Гэта быў досыць добры год і я паправіў сваё здароўе. Таму ўнёс некалькі зьмен у сваё жыцьцё і хачу, каб вы зь імі азнаёміліся», — сказаў артыст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двухразоваму ляўрэату «Оскара» афіцыйна прад’явілі абвінавачваньні ў дамаганьні

Спэйсі адзначыў, што ў надыходзячым 2020 годзе ён хацеў бы прыўнесьці ў сьвет больш дабра. І пажадаў гледачам «забіваць дабрынёй» тых, хто вырашыць зрабіць нешта непрыемнае.

У мінулым годзе актор таксама выпусьціў калядны відэаролік ад імя Андэрвуда. Ён абыграў сцэну з шостага сэзону «Картачнага доміку», у якой Клэр Андэрвуд (у выкананьні Робін Райт) стаіць каля магілы мужа і апранае яго пярсьцёнак.

Гучны скандал вакол выканаўцы галоўнай ролі «Картачнага доміку» разгарэўся ў кастрычніку 2017 году. Тады актор Энтані Рэп абвінаваціў Спэйсі ў сэксуальных дамаганьнях 30-гадовай даўніны. Рэпу ў гэты час было 14 гадоў. Спэйсі заявіў, што не памятае такога выпадку, але прынёс Рэпу свае прабачэньні. Неўзабаве аналягічныя абвінавачваньні супраць Спэйсі вылучылі яшчэ дзясяткі чалавек.

У ліпені пракуратура Масачусетса закрыла крымінальную справу супраць актора пасьля таго, як меркаваны пацярпелы адмовіўся даць паказаньні. Па вэрсіі абвінавачваньня, у 2016 годзе ў бары гораду Нантакет Спэйсі дамагаўся 18-гадовага маладога чалавека.

Пасьля сэксуальнага скандалу са Спэйсі кампанія Netflix спыніла супрацоўніцтва зь ім у сэрыяле «Картачны домік». Яму таксама адмовіліся ўручаць прэмію «Эмі», а з фільму «Усе грошы сьвету» выразалі сцэны зь яго удзелам і перазьнялі зь іншым акторам. Кевін Спэйсі зьняўся ў дзесятках фільмаў. Ён двойчы станавіўся ляўрэатам прэміі «Оскар».