Француская паліцыя пачала расьсьледаваньне абвінавачваньняў знакамітага рэжысэра Люка Бэсона ў сэксуальным гвалце, паведамляе француская прэса.
Аўтара фільмаў «Leon», «Пяты элемэнт» і камэдыйнай сагі «Таксі» абвінаваціла 27-гадовая актрыса, чыйго імя паліцыя не называе. Паводле газэты La Figaro, гэта актрыса Санд Ван Рой.
Як кажа акторка, увечары 17 траўня яна сустракалася з рэжысэрам у парыскім гатэлі «Ля Брыстоль». Дзяўчына сьцьвярджае, што страціла прытомнасьць пасьля таго, як выпіла кубак гарбаты, а пазьней рэжысэр згвалціў яе ў сябе ў нумары.
Адвакат 59-гадовага рэжысэра Цьеры Марэмбэр абвяргае ўсе выстаўленыя супраць Бэсона абвінавачваньні. «Люк Бэсон катэгарычна адмаўляе гэтыя надуманыя абвінавачваньні», — заявіў адвакат.
У той жа час Марэмбэр пацьвердзіў, што Бэсон асабіста ведаў дзяўчыну, але, паводле яго, ніколі не паводзіў сябе «недарэчна» у адносінах да яе. Цяпер Бэсон знаходзіцца ў Лос-Анджэлесе, дзе жыве са сваёй жонкай.
Раней у сэксуальных дамаганьнях абвінавацілі знакамітага галівудзкага прад’юсэра Гарві Ванштэйна, актораў Кэвіна Спэйсі, Дастына Гофмана, актора і рэжысэра Джэймса Франка, рэжысэра Лярса фон Трыера.