Афіцыйны тыднёвік адміністрацыі Кубадзіенскага раёну Хатлонской вобласьці Таджыкістану «Тахти Кубод» выйшаў з пустой першай паласой на знак пратэсту супраць дзеяньняў мясцовых чыноўнікаў, паведамляе таджыкская служба Радыё Свабода. Гэта першы выпадак, калі ў Таджыкістане з такім пратэстам выступіла дзяржаўнае выданьне.
Галоўная рэдактарка тыднёвіка Алалат Сайфулоева патлумачыла ў рэдакцыйным артыкуле, што «першая паласа — гэта люстэрка, у якім кожны чыноўнік павінен убачыць сваё аблічча». «Гэта пратэст супраць адсутнасьці аб’ектыўнай інфармацыі», — сказала Сайфулоева і паскардзілася, што ніхто зь мясцовых чыноўнікаў за год не напісаў для газэты ні радку.
Штотыднёвік выходзіць на васьмі палосах і зьяўляецца адзіным мясцовым СМІ. Яго абслугоўваюць двое настаўнікаў, якія працуюць на паўстаўкі.
Недаступнасьць чыноўнікаў — агульная праблема для СМІ Таджыкістану. Дзяржаўныя структуры і іншыя ўстановы рэдка своечасова адказваюць на запыты журналістаў, а часьцей наогул ігнаруюць іх, нягледзячы на наяўнасьць прэс-службаў або дэпартамэнтаў па сувязях з грамадзкасьцю. Паводле апытаньня Нацыянальнай асацыяцыі незалежных СМІ Таджыкістану, цяперашняя сытуацыя з доступам да інфармацыі ў краіне не задавальняе 96% таджыкскіх журналістаў.
У Беларусі ў сьнежні 1994 году газэты таксама выйшлі зь белымі плямамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму плакаў Лукашэнка. Даклад аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта25 гадоў таму, 20 сьнежня 1994 году Аляксандар Лукашэнка разрыдаўся падчас антыкарупцыйнага дакладу дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, аднаго з арганізатараў і лідэраў рабочага руху Беларусі Сяргея Антончыка. Менавіта тады была ўведзеная цэнзура, а газэты выйшлі з белымі плямамі на тым месцы, дзе павінен быў друкавацца тэкст Антончыка. Крыху менш за паўгоду прайшло з часу, як Аляксандр Лукашэнка стаў прэзыдэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі