Міністэрства юстыцыі Расеі прызнала сур’ёзнасьць і актуальнасьць праблемы хатняга гвалту ў краіне. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце ведамства сваякам чатырох грамадзянак Расеі, якія загінулі з прычыны хатняга гвалту.
Яны патрабавалі ў кіраўніка Мінюсту праверыць намесьніка міністра, упаўнаважанага Расеі пры Эўрапейскім судзе правоў чалавека Міхаіла Гальперына на прафэсійную прыдатнасьць. Раней ён сьцьвярджаў, што маштабы праблемы хатняга гвалту ў Расеі «дастаткова перабольшаныя», таму няма неабходнасьці прымаць асобны закон па гэтай тэме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без закону аб хатнім гвалце: «Шмат жанчын у Расеі сядзяць за забойства свайго тырана»Цяпер жа ў афіцыйным адказе ведамства падначалены Гальперына падкрэсьліў, што праект фэдэральнага закону аб прафіляктыцы сямейна-бытавога гвалту «цалкам падтрымліваецца Мінюстам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шчасьлівая бяз рук»: што пыталіся і як адказвалі на прэзэнтацыі аўтабіяграфічнай кнігі жанчыны, якой муж адсек рукіАднак, як адзначае расейскае выданьне «Коммерсант», гэтая заява супярэчыць дакумэнтам, якія Гальперын накіраваў у Эўрапейскі суд правоў чалавека. Акрамя таго, піша выданьне, у Мінюсце не ўдакладнілі, пра якую вэрсію дакумэнта ідзе размова.
- Праект закону аб прафіляктыцы хатняга гвалту быў апублікаваны 29 лістапада Савета Фэдэрацыі Расеі. Згодна з дакумэнтам, пад «сямейна-бытавым» гвалтам маюцца на ўвазе фізычныя дзеі, якія ня маюць прыкметаў адміністрацыйнага правапарушэньня або крымінальнага злачынства. Пры гэтым у якасьці пакараньняў гвалтаўнікам прапануюцца «прафіляктычныя гутаркі» і «ахоўныя прадпісаньні».
- Законапраект раскрытыкавалі як прыхільнікі прыняцьця дакумэнта, якія лічаць яго зьмест выхалашчаным, так і яго праціўнікі, якія мяркуюць, што праблема хатняга гвалту перабольшаная, а закон разбурыць інстытут сямʼі.
- Паводле зьвестак МУС Расеі, са студзеня па верасень 2019 года ў Расеі было зьдзейсьнена больш 15 тысяч злачынстваў супраць жанчын у сфэры сямейна-бытавых адносін.
- Паводле зьвестак рэсурсу femicid.net, з пачатку 2019 году ад рук партнэраў або мужоў у Расеі загінулі не менш 1198 жанчын.
У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Макей даў слушныя парады, як працаваць на дзяржаўным узроўні з тэмай хатняга гвалту»Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.