Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, паведамляе Голас Амэрыкі са спасылкай на Reuters.
Злучаныя Штаты «вельмі занепакоеныя» узмацненьнем канфлікту ў Лібіі і ростам колькасьці расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць сілы Халіфы Хафтара, што вядзе да павелічэньня ахвяраў. Пра гэта ў суботу заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
ЗША па-ранейшаму прызнаюць урад нацыянальнай згоды на чале з Фаезам аль-Сераджэм, паведаміла крыніца, дадаўшы, што Вашынгтон не падтрымлівае ў гэтым канфлікце ніводзін з бакоў, маючы стасункі з усімі ўдзельнікамі, якія могуць паўплываць на заключэньне пагадненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЧВК Вагнера» супраць «Гвардыі султана». Як Расея і Турэччына могуць сутыкнуцца ў Лібіі«Мы вельмі занепакоеныя абвастрэньнем ваеннага супрацьстаяньня. Мы бачым, што расейцы выкарыстоўваюць гібрыдныя сродкі, выкарыстоўваюць беспілётнікі і самалёты... Гэта дрэнна», — сказаў суразмоўца Reuters.
«У сувязі з ростам колькасьці паведамленьняў аб сілах «ЧВК Вагнера» і наёмнікаў на месцах, мы думаем, што гэта мяняе агульны выгляд канфлікту і ўзмацняе яго», — сказаў суразмоўца, які гаварыў на ўмовах ананімнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвінавацілі расейскія войскі ў Лібіі ў дэстабілізацыі сытуацыі
Так званую Лібійскую нацыянальную армію, якую ўзначальвае маршал Халіфа Хафтар, падтрымліваюць Эгіпет, ААЭ і, зь нядаўніх часоў, расейскія найміты. Пра гэта кажуць дыпляматы і прадстаўнікі Трыпалі. Гэта пытаньне абмяркоўвалася падчас нядаўніх перамоваў дзяржсакратара Майка Пампэа і яго расейскага калегі Сяргея Лаўрова.
Пампэа заявіў, што ваеннага вырашэньня гэтага канфлікту не існуе, і што Вашынгтон заклікаў іншыя краіны не пасылаць зброю ў Лібію. Дзяржсакратар нагадаў Сяргею Лаўрову аб эмбарга РБ ААН на пастаўку зброі ў Лібію.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту дадаў, што ўдзел «вагнераўцаў» не зьмяніў расстаноўку сіл на карысьць Хафтара. «Гэта спрыяе канфлікту, які вядзе да гібелі большай колькасьці чалавек, да павелічэньня шкоды для грамадзянскага насельніцтва, для інфраструктуры, аэрапортаў, бальніц... Але ў той жа час, мы ня бачым, што Хафтар перамагае», — дадала крыніца.