Ультыматум Пуціна

Уладзімір Пуцін

Сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі як ніколі ясна і недвухсэнсоўна выклаў сваю пазыцыю наконт паглыбленьня інтэграцыі зь Беларусьсю.

Сьцісла:

  • Няма нават гульні ў «добрага» і «злога» сьледчых, Пуцін на працягу ўсяго году быў проста маўклівым сьледчым
  • Пазыцыя Расеі: Калі Беларусь хоча цэны на газ, як у Смаленскай вобласьці, то хай і робіцца Смаленскай вобласьцю
  • Пуцін канстатаваў, што ніякага жаданьня паглыбляць інтэграцыю ў Менску няма
  • Паводле яго, пэрспэктывы паглыбленьня «незразумелыя»

Што сказаў Пуцін

Сёньня прэзыдэнт Расеі як ніколі ясна і недвухсэнсоўна выклаў сваю пазыцыю наконт паглыбленьня інтэграцыі зь Беларусьсю.

Сэнсацыйныя тут былі хіба толькі гэтая яснасьць і недвухсэнсоўнасьць зь яго вуснаў. Насамрэч дакладна тое самае гавораць ужо год усе высокія расейскія чыноўнікі, пачынаючы з заявы прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева 13 сьнежня летась.

Тую заяву ў друку ахрысьцілі ўльтыматумам Мядзьведзева. Цяпер прэзыдэнт Расеі паказаў, што ўльтыматум насамрэч яго, а зусім не Мядзьведзева.

Пуцін паказаў, што няма нават гульні ў «добрага» і «злога» сьледчых. Калі карыстацца гэтай мэтафарай, то Пуцін на працягу ўсяго году быў проста маўклівым сьледчым, за яго гаварылі расейскія чыноўнікі іншага рангу.

Гэтую насамрэч адзіную расейскую пазыцыю трапна сфармуляваў нядаўна Віталь Цыганкоў: Калі Беларусь хоча цэны на газ, як у Смаленскай вобласьці, то хай і робіцца Смаленскай вобласьцю.

Пуцін сёньня амаль літаральна гэтак і сказаў. Палітычна можа і не, але эканамічна — менавіта так.

Але, як і летась Мядзьведзеў, Пуцін сфармуляваў сваю пазыцыю як прапанаваны выбар, як ростані.

Ці ў сэнсе эканомікі (прынамсі, у гэтай сфэры) Беларусь робіцца Смаленскай вобласьцю ці...

Альтэрнатыву расейскі прэзыдэнт не абмаляваў, але можна здагадацца — дабротаў па мінімуму.

Тады і пра газ па цане Смаленшчыны, і пра кампэнсацыю падатковага манэўру Беларусі давядзецца забыць. І гэта гаворыць не Мядзьведзеў, не страшны Бабіч, ні злыя Сілуанаў і Арэшкін. Гэта гаворыць Пуцін, іх усіх начальнік.

«Калі ёсьць палітычная воля і жаданьне з абодвух бакоў»

У сёньняшніх заявах Пуціна цікавае ня толькі недвухсэнсоўнае выкладаньне непахіснай пазыцыі, але і канстатацыя цяперашняга стану перамоваў пра паглыбленьне інтэграцыі:

«Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзеная толькі ў тым выпадку, калі ёсьць палітычная воля і жаданьне з абодвух бакоў. У нас такое жаданьне ёсьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэма «пагрозы незалежнасьці» выгадная найперш Лукашэнку, — расейскі палітоляг

Калі пра паглыбленьне інтэграцыі гаворыцца ў будучым часе, калі ўмовай яе называецца жаданьне абодвух бакоў, калі пры гэтым адзначаецца, што ў Масквы такое жаданьне ёсьць — выснова напрошваецца. Значыць, у афіцыйнага Менску такога жаданьня няма, няма жаданьня рабіцца Смаленшчынай хоць бы і эканамічна.

«Мы абмяркоўваем з нашымі беларускімі партнэрамі гэта, рухаемся наперад у значнай ступені, — працягваў Пуцін. — Але на што мы зможам выйсьці, пакуль незразумела».

І гэта гаворыцца за дзень да чарговага раўнду яго перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, за дзень да восьмай сустрэчы двух лідэраў сёлета. Калі за дзень да "лёсавызначальнай" сустрэчы гаворыцца, што з пэрспэктывамі «пакуль незразумела» — практычна выключана, што заўтра раптам стане зразумела.

Бессаюзная Расея

Цікава, што кіраўнік Расеі апісваў сытуацыю так, нібыта размова ідзе аб стасунках з краінай, зь якой Расея ня мае ніякіх асаблівых адносінаў, акрамя хіба сантымэнтаў.

Ёсьць сувэрэнная, самадастатковая Расея зь яе багацьцямі, на якія квапяцца нейкія чужакі. Чаму Расея мусіць зь імі дзяліцца?

Не, пра саюзную дзяржаву Пуцін казаў, але, фактычна, як пра ідэал. І пра Эўразійскі саюз прыгадаў, сказаўшы нават, што ён у нечым больш шчыльны, чым існая саюзная дзяржава.

Але тое, што гэтыя саюзы накладаюць на Расею нейкія абавязаньні — гэта не разумелася нават у падтэксьце. Расея проста такая добрая, вось прадае Беларусі газ таньней за ўсе іншыя замежныя дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы і беларусы — амаль адзін народ» — заявіў Пуцін напярэдадні перамоваў з Лукашэнкам

Між тым аргумэнтацыя беларускага боку грунтуецца якраз на тым, што ў Расеі ёсьць абавязаньні ў межах саюзаў, якія яна прапаноўвала і ініцыявала. Беларускі бок апэлюе да пунктаў саюзных дамоваў пра роўнасьць умоваў гаспадараньня.

Тут нельга сказаць, што расейцам на гэта няма чаго адказаць. У дыскусіях на ўзроўні ўрадаў, ды і паміж Лукашэнкам і Пуціным за зачыненымі дзьвярыма, гаворыцца, што ў дамове пра саюзную дзяржаву ёсьць ня толькі роўнасьць умоваў, але і шмат розных гарманізацыяў і наднацыянальных інстытутаў. Няма інстытутаў — няма і роўнасьці ўмоваў — кажуць расейцы.

Што да ЭАЭС, то ў ім пераход да свабоднага рынку газу і нафты прадугледжаны толькі ў 2024 годзе.

Але сёньня, для народу, Пуцін нават паленаваўся прыводзіць гэтыя аргумэнты. Ёсьць сувэрэнная Расея і беларусы, якія лезуць да яе са сваімі недарэчнымі патрабаваньнямі.

Толькі пасьля вас — што спачатку, а што потым?

У плашчыні юрыдычнага дужаньня спрэчка зводзіцца да высьвятленьня, што павінна быць спачатку — роўныя ўмовы ці паглыбленьне інтэграцыі. Напачатку роўныя ўмовы — кажа Менск.

«Забягаць наперад і пачынаць датаваць для Беларусі тое, што мы цяпер не гатовыя рабіць, ва ўмовах недавырашанасьці пытаньня саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылковым», — адказвае Пуцін на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

У зусім іншых варунках, зь іншай ступеньню канфліктнасьці, але ў нечым падобна на спрэчку паміж Масквой і Кіевам наконт урэгуляваньня ў Данбасе. Спачатку ўкраінскі кантроль над мяжой, і толькі потым выбары — кажа Кіеў. Не, спачатку выбары, а ўжо потым перадача вам кантролю над мяжой — адказвае Масква.

І па коле. Ва Ўкраіне ўсё больш людзей мяркуюць, што выйсьце з гэтага пату — разьмежаваньне з сэпаратысцкімі тэрыторыямі.

Паўтаруся, што гэта толькі аналёгія, а не тоеснасьць. Але выглядае, што і ў беларуска-расейскіх адносінах «сэрца супакоіцца» на «нулявым» варыянце. Беларусь ня стане ў эканамічным сэнсе Смаленшчынай, Расея ня дасьць Беларусі ня толькі таго, што дае Смаленшчыне, але ня дасьць і сёе-тое з таго, што давала сувэрэннаму саюзьніку.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»