«Эскадроны сьмерці наносяць удар па Лукашэнку». Расейскія СМІ разьбіраюць прызнаньне Гараўскага

Былая база СОБР каля Бегамлі, меркаванае месца забойства Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Расейскія мэдыя адрэагавалі на рэзанансныя заявы экс-байца спэцпадразьдзяленьня СОБР Юры Гараўскага, які прызнаўся ў датычнасьці да выкраданьня і забойства ў канцы 1999 году апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

News.ru: «Выразны сыгнал Лукашэнку»

«„Эскадроны сьмерці“ наносяць удар па Лукашэнку напярэдадні сустрэчы з Пуціным. Шчыраваньні былога байца СОБР — сыгнал прэзыдэнту рэспублікі (так называюць Беларусь на гэтым сайце. — РС)», піша інфармацыйны рэсурс News.ru.

У якасьці камэнтатара выступае прарасейскі актывіст Арцём Агафонаў. Ён кажа, што нічога новага Гараўскі не сказаў, але тэма забойстваў апазыцыянэраў досыць папулярная ў праціўнікаў Лукашэнкі.

«Паколькі для беларусаў словы Гараўскага навіной не зьяўляюцца, а пасьля згаданых падзеяў мінула 20 гадоў, прыкметнага ўплыву на пазыцыі прэзыдэнта ўнутры краіны матэрыял Deutsche Welle ня зробіць, — упэўнены Агафонаў. — Яго лепш разглядаць як замежнапалітычны фактар. Пэўныя сілы на Захадзе далі беларускаму лідэру напярэдадні перамоваў 20 сьнежня празрысты намёк: калі ня будзе сурʼёзных зрухаў у інтэграцыі, там могуць дастаць і прадʼявіць публіцы ўсіх шкілетаў з шафы „апошняга дыктатара Эўропы“, пра якія ўжо крыху забыліся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскі актывіст Агафонаў спыніў беларусізацыю вуліц у Браславе

«Московский комсомолец»: «Хто вінаваты — Лукашэнка або ягоны „шэры кардынал“?»

Газэта «Московский комсомолец» задаецца пытаньнем: ці ведаў Аляксандар Лукашэнка пра закулісьсе палітычных выкраданьняў, або гэта паводле ўласнага пляну дзейнічаў ягоны «шэры кардынал» Віктар Шэйман?

«У 2011 годзе падчас інтэрвію амэрыканскаму прафэсару Грыгорыю Іофе беларускі прэзыдэнт прызнаў, што ў 2000 годзе затрыманага Паўлічэнку выпусьцілі на ягоны асабісты загад, — згадваецца ў артыкуле. — Навошта ён даваў такі загад і перашкаджаў сьледзтву, ён растлумачыў проста: „Калі нашыя апазыцыянэры зрабілі дэманстрацыю і хацелі скінуць уладу, у Паўлічэнкі была вельмі хуткая рэакцыя. Ён быў ня столькі за прэзыдэнта, ён быў сапраўдным афіцэрам. Вось ёсьць загад — я гэта зраблю“».

Далей Лукашэнка пераказаў, што запатрабаваў ад генпракурора Бажэлкі доказы віны Паўлічэнкі. А калі праслухаў запіс допыту, знайшоў нестыкоўкі і ўзяў адказнасьць на сябе: маўляў, калі ўцячэ, вазьму гэта на сябе... Тады ж Лукашэнка заявіў, што і Захаранка, і Ганчар, і Красоўскі «жывыя і хаваюцца на Захадзе».

Няўжо хоць бы дзеля таго, каб зьняць зь сябе падазрэньні, нельга правесьці паўнавартаснае сьледзтва? А не хаваць галаву ў пясок, спадзеючыся, што «само разыдзецца», — падсумоўваецца ў матэрыяле «Лукашэнку прыгадалі эскадроны сьмерці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За кароткі час памерлі некалькі чалавек, што мелі дачыненьне да расьследаваньня», — сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці»

«Репортёр»: «Бацька даў слабіну — значыць, цяпер яго можна дабіваць»

Аўтар пад псэўданімам «Александр Неукропный» на інтэрнэт-пляцоўцы «Репортёр» разважае, чаму прызнаньні былога СОБРаўца зьявіліся менавіта цяпер.

«Адказ ляжыць на паверхні. З аднаго боку, Захаду неабходна любой цаной сарваць інтэграцыю Расеі і Беларусі, стварэньне сапраўды саюзнай дзяржавы. Але поўнай упэўненасьці, што Лукашэнка канчаткова стаў на антырасейскія пазыцыі, там няма. Таму ў штаб-кватэрах па абодва бакі акіяну не жадаюць рызыкаваць і імкнуцца вырашыць пытаньне канчаткова і беспаваротна. Прычым самым радыкальным чынам: няма Лукашэнкі — няма праблемы. З другога боку, апошні сам вінаваты ва ўсім, што адбываецца».

Чаму тэму «эскадронаў сьмерці» ніхто не спрабаваў раздзьмуць да маштабаў сусьветнага скандалу 15 гадоў таму? — перапытвае аўтар. Таму што на Захадзе бачылі, што зь Менску гэтыя абвінавачаньні як з гусі вада. Кіраўнік Беларусі паказваў, што чхаць хацеў на ўсе санкцыі, і мацаваў дружбу з Масквой. Амэрыканскія дыпляматы вылецелі з краіны як корак з бутэлькі, апазыцыя сядзела як мыш пад венікам.

Але «бацька» даў слабіну, робіць выснову «Няўкропны»:

«Многія як у самой Беларусі, так і за яе межамі вырашылі: „Акела ўжо ня той, цяпер можна“, выкарыстоўваючы ўласных „змагароў“ і „сяброўства з Захадам“ у якасьці страшылкі для Масквы, менскі „Акела“ і напраўду прамахнуўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Новостной фронт»: «Прызнаньні Гараўскага — толькі першая магутная кампанія»

Інфармацыйнае агенцтва «Новостной фронт» інфармуе чытачоў, што на наступны год у Беларусі заплянаваныя прэзыдэнцкія выбары. А таму, маўляў, прызнаньні Гараўскага — толькі першая магутная кампанія, за якой пойдуць іншыя сплянаваныя мэдыякампаніі. Але гэта ня толькі прамацваньне доўгатэрміновай пэрспэктывы, але і куды бліжэйшых падзеяў, перакананы аўтар выданьня Сямён Уралаў.

«Шкілеты з шафы 1990-х выцягнулі акурат пад ялінку і перамовы з Масквой, — піша ён. — Нічога страшнага перавыбарам Лукашэнкі не пагражае — беларуская сыстэма ўлады цалкам ўстойлівая, а грамадзтва досыць апалітычнае. Але з улікам, што ў «новых мэдыя» ў рэспубліцы татальнае засільле замежных агентаў уплыву Польшчы, Нямеччыны, Літвы і ЗША, усе гэтыя блогеры, экспэрты і актывісты будуць ўзмацняць сыгнал. Іх мэтай зьяўляюцца ня выбары, а напампоўваньне маладога пакаленьня беларусаў думкай пра „злачыннасьць рэжыму“ і „амаральнасьць улады“».

Захад гуляе ў доўгую гульню, а выбары і спрэчкі з Масквой — гэта толькі зручны інфармацыйны фон, канстатуе аўтар. На другім этапе да дыскрэдытацыі прэзыдэнта Лукашэнкі будуць прывязваць Расею, каб абʼяднаць два нэгатыўныя вобразы для маладых беларусаў«,— піша «Новостной фронт».

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых