Браслаўскі райвыканкам ануляваў вынікі інтэрнэт-галасаваньня, у якім 90% выказаліся за беларускамоўныя шыльды ў горадзе. Улады кажуць, што прыслухаліся да думкі расейскамоўных «з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй».
Месяц таму на сайце мясцовай раённай газэты «Браслаўская звязда» было запушчана апытаньне: «На якой мове павінны быць выкананы шыльды з указаньнем найменьняў устаноў, арганізацый, вуліц на Браслаўшчыне?»
Кампанію ініцыяваў Браслаўскі райвыканкамам і па яе выніках мусіў вызначыцца, якая мова будзе пераважаць у афармленьні гораду.
У выніку больш за 90% удзельнікаў галасаваньня выказаліся за беларускую. Аднак лічбы абурылі прарасейскага актывіста Арцёма Агафонава, які напісаў заяву ў райвыканкам пра «фальсыфікацыі».
Сыгнал быў разгледжаны. Як расказаў Свабодзе сам Агафонаў, у адказе яму за подпісам намесьніцы старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольгі Вялічкі гаворыцца, што апытаньне было згорнутае — на той падставе, што ў ім бралі ўдзел ня толькі жыхары Браслаўскага рэгіёну. У рэдакцыі пацьвердзілі, што атрымалі загад дачасна спыніць акцыю.
У сваю чаргу браслаўская чыноўніца падзякавала Агафонаву «за актыўную грамадзянскую пазыцыю» ў абмеркаваньні грамадзка-значных пытаньняў.
Цяпер у горадзе шыльды выкананыя ў двух варыянтах — і па-беларуску, і па-расейску. Якой мове далей будзе давацца перавага, высьветліць не ўдалося, Вольгі Вялічкі на працоўным месцы няма.
Сам Агафонаў, які не жыве ў Браславе, не хавае радасьці ад сваёй «перамогі»:
«Нацыяналістам не ўдалося сфальсыфікаваць апытаньне і навязаць гораду беларусізацыю», — канстатуе ён і кажа, што зьбіраецца і надалей «тармазіць дэрусіфікатараў».