15 сьнежня споўнілася 85 гадоў аднаму з самых вядомых палітыкаў Беларусі. Узначаліўшы ў 1991 годзе Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, Станіслаў Шушкевіч стаў фактычным першым кіраўніком незалежнай Беларусі. А ў 1994 годзе ў гэтай якасьці вітаў у Менску Біла Клінтана. Ён даў вялікае інтэрвію ў праекце «Морква». Свабода прапануе самыя яскравыя фрагмэнты размовы ў тэкставай вэрсіі.
«Падчас акупацыі тры гады захоўвалася таямніца, што ў нас жыў габрэйскі хлопчык»
Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 сьнежня 1934 году і за сваё жыцьцё пажыў у рознай Беларусі — ваеннай, паваеннай, камуністычнай, часу аднаўленьня незалежнасьці, часу кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Палітык асабліва прыгадвае пэрыяд нямецкай акупацыі, і вось чаму.
«Я цяпер вельмі часта ўзгадваю Сьляпянскую вуліцу, якая раней знаходзілася, дзе цяпер стаіць філярмонія. Там усе мы гаварылі па-беларуску. І такіх добрых адносін паміж людзьмі, як былі на той беднай Сьляпянскай вуліцы, я больш ня ведаю. Тры гады захоўвалася таямніца, што ў нас жыў габрэйскі хлопчык. Пра гэта ведала ўся вуліца, а пакараньне за неданос — расстрэл. Гэты час я ўспамінаю, як адзін з самых лепшых, калі людзі згуртаваліся і абʼядналіся адной ідэяй — дажыць да лепшага жыцьця».
«Ельцын шмат разоў быў пʼяным у маёй прысутнасьці, але не ў Віскулях»
Станіслаў Шушкевіч чытае шмат лекцыяў — як за мяжой, так і ў Беларусі. Ён прызнаецца, што яшчэ ніводная не абышлася без пытаньня пра ўзровень алькагольнага апʼяненьня Барыса Ельцына падчас падпісаньня Белавескага пагадненьня ў Віскулях 8 сьнежня 1991 году.
«Ельцын шмат разоў быў пʼяным у маёй прысутнасьці, але ў Белавескай пушчы ўсе падпісанты былі цьвярозыя, і Ельцын у першую чаргу».
У VIP-залю запрасіў Калякіна
Некалькі гадоў таму, калі Станіслаў Шушкевіч вельмі актыўна вандраваў самалётамі, ён атрымаў картку пастаяннага пасажыра, якая дае прывілей запрашаць з сабой сябра VIP-залю аэрапорту.
«Восем гадоў я меў картку Senator ад кампаніі Lufthansa. І вось я аднойчы ў паездцы апынуўся ў кампаніі з кіраўніком камуністычнай партыі «Справядлівы сьвет» Сяргеем Калякіным. І я кажу, што ў мяне картка ёсьць, пойдзем у сэнатарскую лоджыю. Мы пайшлі, і ён кажа: «Нічога сабе ты жывеш: камуністаў аблайваеш, а сам можаш 18-гадовы віскі піць бясплатна і колькі хочаш».
«Як першую асобу ў дзяржаве мяне ахоўвалі 6 чалавек, цяпер — 2000»
Калі Шушкевіч стаў старшынём Вярхоўнага Савету, да яго прыставілі асабістую ахову. Пакуль ён зь сямʼёй жыў у двухпакаёвай кватэры на вуліцы Адоеўскага, то ахоўнік пастаянна знаходзіўся на лесьвічным пралёце, каля сьмецьцеправоду. А ўжо перад новай чатырохпакаёвай кватэрай на праспэкце Машэрава была дадатковая аднапакаёўка, дзе пастаянна знаходзілася ахова.
Межы ва Ўсходняй Эўропе могуць зьмяніцца цягам 10 гадоў
Шушкевіч, які спрычыніўся да скону савецкай імпэрыі і зьяўленьня незалежных дзяржаў, лічыць, што ў найбліжэйшы час на мапе Ўсходняй Эўропы будуць новыя зьмены.
«Я маю на ўвазе Крым, Прыднястроўе, Данбас. Заўважце, усюды субʼектам зьяўляецца Расея, хоць яна адмаўляецца ад гэтага. Зьмены могуць быць і ў горшы бок — такая ядзерная краіна, як Расея, можа арганізаваць тут па лукашэнкаўскіх лекалах рэфэрэндум, на якім 82% беларусаў будуць за далучэньне да Расеі».
«Усе вакол жартавалі, што я рыхтаваў забойцу прэзыдэнта ЗША»
У 1963 годзе амэрыканца, якога Шушкевіч за два гады да таго вучыў граматыцы расейскай мовы, працуючы на радыёзаводзе ў Менску, прызнаюць адзіным абвінавачаным у забойстве прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі. Нагадваньні аб гэтым перасьледуюць Шушкевіча дасюль.
«Я ўжо перайшоў працаваць у БДУ. Было вельмі шмат жартаўнікоў, хто ні сустрэне: „Як, цябе ўжо выпусьцілі з КДБ? Ты ж рыхтаваў забойцу Кэнэдзі“».
Нягледзячы на афіцыйную вэрсію амэрыканцаў, Станіслаў Шушкевіч цьвёрда перакананы: гэта было сплянаванае забойства, дзе Освальд — падстаўная фігура, на якую можна было зваліць віну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менск павінен зарабляць на гісторыі Освальда»«У мяне і цяпер ёсьць асабістая зброя»
Пісталет маркі «Марголін» Станіслаў Шушкевіч часам бярэ з сабой, калі едзе на лецішча. А жонка палітыка — кандыдатка ў майстры спорту па стральбе зь пісталета.
Як «расстралялі» Антановіча
Станіслаў Шушкевіч ніколі не прызнаваў традыцыйнай забавы намэнклятуры — паляваньня. І вось чаму.
«Пра гэта мне расказаў першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц. Яго разам зь міністрам замежных спраў Антановічам і партыйнымі кіраўнікамі вывезьлі на паляваньне. І пасьля, добра выпіўшы, учынілі „расстрэл“ Антановіча — паставілі яго каля слупа і стралялі ў ягоны бок. Амбасадар ЗША сказаў мне, што такога дзікунства ён нідзе больш ня бачыў, апроч Беларусі. Я сказаў, што гэта не беларускае дзікунства, а дзікунства беларускага ўраду».
Клінтан пачаставаў сьнікерсам і адмовіўся ад беларускай ежы
За тыдзень да адстаўкі з пасады старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Шушкевіч у якасьці кіраўніка Беларусі прымаў 15 студзеня 1994 году Біла і Гілары Клінтанаў.
«Клінтана мы нічым не частавалі, але ён запрасіў мяне ў свой аўтамабіль і там пачаставаў сьнікерсам, які я захаваў для сына. Агулам амэрыканская дэлегацыя прабыла ў Менску 6 гадзін, але ніхто нічога ня еў, хоць стол быў накрыты».
«Даносы на бацьку пісала найлепшая сяброўка маці»
Бацька палітыка літаратар Станіслаў Шушкевіч 14 гадоў адбыў у ГУЛАГу. Пры дапамозе журналістаў палітык высьветліў, што даносы ў КДБ на яго пісала паэтка Эдзі Агняцьвет.
«Я не глядзеў справу свайго бацькі, але даручыў журналістам правесьці расьсьледаваньне. І таму цяпер ведаю, хто пісаў даносы на маіх родных. Я ніколі не дапускаў думкі пакараць гэтага чалавека, бо Эдзі Агняцьвет была найлепшай сяброўкай маёй маці».
«Дай кватэру і не брыкайся»
Станіслаў Шушкевіч расказаў, што ўжо праз шмат гадоў пасьля таго, як ён пакінуў пасаду кіраўніка Вярхоўнага Савету, неаднаразова сустракаў людзей на вуліцы, якія дзякавалі яму за кватэры.
«А я ж ведаю, што я нікому ніколі ніякіх кватэр не даваў і ня мог даць. Аказваецца што. Штомесяц у мяне быў прыём грамадзян. І я пісаў рэзалюцыю кіраўніку Менгарвыканкаму: „Прашу разабрацца ў сытуацыі і прыняць рашэньне“. Аказваецца, гэтая рэзалюцыя значыць — дай кватэру і не брыкайся».
Чаму лічыць Пазьняка «хілым» палітыкам
Шушкевіч прызнаў, што калі б у 1994 годзе ён зьняў сваю кандыдатуру пад Пазьняка, то ягоны электарат не прагаласаваў бы за Зянона. Што сьведчыць пра тое, што выбарнікі Пазьняка — больш адказныя людзі.
«БНФ — цудоўная структура, добра, што яны паднялі пытаньні аб нацыянальнай гісторыі, аб Курапатах. Але палітыкі хілыя, а самы хілы — дык гэта Зянон Пазьняк. Чаму? Ніякай дэмакратыі ў сваім асяродзьдзі: усё, што ён сказаў, — закон. Але ў Пазьняка больш беларускасьці, ва ўсякім выпадку, паказной. А я Беларусь любіў, але так, як ён, я Беларусі ня ведаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь можа стаць на ногі за год», — нашумелае інтэрвію з Пазьняком. Поўная тэкставая вэрсія«Я русафіл, але крэмляфоб»
У канцы 2010 году прэса актыўна цытавала выказваньне Станіслава Шушкевіча, у якім ён заклікаў тагачаснага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева ўвесьці войскі ў Беларусь, каб абараніць тут правы чалавека. Палітык патлумачыў, што тады казаў гэта жартам і насамрэч ня думае, што Расея можа сілай прынесьці дэмакратыю ў Беларусь.
«Я крэмляфоб за імпэрскасьць. Расея са скуры лезе, каб быць імпэрыяй, задаваць тон усюды, дзе раней была Расейская імпэрыя, у той час як 22 мільёны з 140 жывуць за мяжой жабрацтва.
А русафіл я, бо мне падабаецца вялікая расейская культура, я люблю перачытваць Пушкіна, Лермантава».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці мог КДБ арыштаваць Ельцына, Краўчука і Шушкевіча