Навучэнцы дзьвюх груп, трэцяга і чацьвёртага курсаў Гомельскага пэдагагічнага каледжу імя Льва Выгоцкага, накіравалі скаргі дырэктару ўстановы і ў пракуратуру на выкладчыцу пэдагогікі.
Паводле навучэнцаў, яна сярод іншага:
- распаўсюджвае на занятках прадукцыю «Арыфлэйм»;
- у абавязковым парадку зьбірае грошы «на корм кацянятам»;
- прапануе датэрмінова здаць іспыт за плату;
- тым, хто не згадзіўся аплочваць гадзіны, заніжае адзнакі;
Навучэнцы групы П-41 напісалі, што «адчуваюць псыхалягічны дыскамфорт на занятках з гэтым выкладчыкам».
«Актыўна і пасьпяхова займаецца „Арыфлэймам“ і валянтэрствам — за кошт нашых дзяцей»
Падобную заяву напісалі дырэктару і бацькі навучэнцаў.
Яны абвінавачваюць выкладчыцу ў «вымаганьні» грошай.
«Нашы дзеці пастаянна просяць грошы на „валянтэрства“, якім актыўна і пасьпяхова за чужы кошт займаецца гэтая выкладчыца. Яна арганізоўвае збор грошай зь фіксацыяй кожнага прозьвішча, забірае гатоўку асабіста і траціць яе на свой розум».
Паводле заяўнікаў, выкладчыца
- мае найвышэйшы рэйтынг па платных паслугах у каледжы,
- настойліва рэкамэндуе аплаціць тры-пяць гадзін кожнаму навучэнцу за праверку курсавой, у выніку гэта складае ад 39 да 60 рублёў з кожнага.
Навучэнцы каледжу сьцьвярджаюць, што калі набываць у настаўніцы касмэтыку, будзе лепшы бал. А грошы «на корм кацянятам» — насамрэч для таго, каб здаць іспыт.
«За праверку курсавых толькі з нашай групы ёй выйшла больш за 1200 рублёў», — сказалі Свабодзе навучэнцы.
«Гэта нехта з дарослых рэжысуе дзяцей»
Дырэктар пэдагагічнага каледжу Мікалай Валодзін пацьвердзіў, што яшчэ 14 лістапада дзьве групы папрасілі зьмяніць ім выкладчыка пэдагогікі з прычыны «пабораў» і збораў на касмэтыку і каціны корм.
Ён сказаў, што ня мае законных падстаў проста так звольніць выкладчыка. Таму ён неадкладна
- зьвярнуўся ў міліцыю, каб там далі прававую ацэнку заяве навучэнцаў,
- паведаміў пра сытуацыю ў галоўнае ўпраўленьне адукацыі і адміністрацыю Цэнтральнага раёну.
«18 лістапада я сабраў навучэнцаў і кожнаму, хто падпісаў заяву, даў індывідуальны адказ. Там было пазначана, што праверку правядзе міліцыя і дасьць сваю ацэнку, а потым будзем прымаць ці не прымаць меры», — зазначыў дырэктар.
Паводле дырэктара, выкладчыца пэдагогікі назвала абвінавачаньні паклёпам і заявіла, што будзе зьвяртацца ў пракуратуру.
Мліцыя ўжо пачала праверку і апытвае навучэнцаў.
Цяпер на занятках пэдагогікі разам з навучэнцамі прысутнічае намесьніца дырэктара. «Яна папярэдзіла выкладчыцу і дзяцей, каб не было ніякіх платных паслуг», — сказаў Мікалай Валодзін.
Дырэктар лічыць, што «нехта з дарослых рэжысуе дзяцей». Ён кажа, што навучэнцы часам лянуюцца, не выконваюць заданьні, а выкладчыца — прынцыповы пэдагог, і таму супраць яе паўсталі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-чыноўніка Менгарвыканкаму другі раз асудзілі за паборы з камбінатаў школьнага харчаваньня