У Генэральнай пракуратуры паведамілі, што справа аб зьнікненьні Ганчара, Красоўскага і Захаранкі не закрытая, таму ведамства ня можа рэагаваць на новыя факты, бо справай займаецца Сьледчы камітэт.
16 сьнежня Deutsche Welle апублікавала фільм-расьсьледаваньне аб зьнікненьні лідэраў беларускай апазыцыі ў канцы 90-х гадоў. Сэнсацыйным стаў удзел у ім чалавека па імені Юры Гараўскі, які назваў сябе адным з выканаўцаў забойства Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага. На відэазапісе Гараўскі сьцьвярджае, што ў 1999 годзе меў 18 гадоў і зьяўляўся байцом атраду міліцыі хуткага рэагаваньня. Паводле яго, разам зь некалькімі саслужыўцамі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі ён удзельнічаў у выкраданьні і забойстве апазыцыянэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нямецкая хваля»: былы спэцназавец МУС Беларусі прызнаўся ў забойствах апазыцыянэраўСвабода зьвярнулася па камэнтар у Сьледчы камітэт, які займаецца расьсьледаваньнем справы аб зьніклых палітыках. Афіцыйная прадстаўніца ведамства Юлія Ганчарова паведаміла, што ў Сьледчым камітэце ўжо ведаюць пра зьяўленьне фільма і новых сьведчаньняў.
«Пакуль мы ў стадыі высьвятленьня, — паведаміла Юлія Ганчарова. — Калі інфармацыя будзе падрыхтаваная, мы яе апублікуем».
У Генэральнай пракуратуры Свабодзе паведамілі, што рэагаваць на новыя факты, агучаныя ў апублікаваным нямецкімі журналістамі фільме, можа Сьледчы камітэт. Гэта абумоўлена тым, што справа аб зьнікненьні Ганчара, Захаранкі і Красоўскага па-ранейшаму расьсьледуецца.
«Справа не закрытая, яна расьсьледуецца, — паведаміў прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Дзьмітры Брылёў. — Уся новая інфармацыя, у тым ліку публікацыі ў СМІ, сьледчаму цікавыя. Яны могуць быць разгледжаныя. Пазыцыю наконт гэтага павінен фармаваць Сьледчы камітэт».
МУС на гэты момант для камэнтароў пакуль недасяжнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьніклі апанэнты Лукашэнкі. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла