Як Каліноўскі аддзяліў Беларусь і Літву ад Польшчы

Хто стаў кіраўніком першага ў гісторыі ўраду Беларусі і гэтым назаўсёды ўпісаў сваё імя ў палітычную гісторыю краіны? Ёсьць два варыянты адказу. Кароткі: 1 лютага 1863 году ў Вільні быў створаны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале зь Вінцэнтам Канстанцінам Каліноўскім. Другі варыянт, з дэталямі, выглядае так.

ПОЎНАЯ ВЭРСІЯ КНІГІ «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» ў фармаце PDF

Сьцісла

  • 1 лютага 1863 году ў Вільні быў створаны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага
  • Гэта была першая ў гісторыі палітычная суб’ектнасьць новай Беларусі
  • Мадэрнай Польшчы не ўдалося цалкам усьвядоміць сябе ў межах Рэчы Паспалітай, бо гэтаму перашкодзіла дзейнасьць Каліноўскага і яго паплечнікаў
  • Падзеі 1863–1864 гадоў прывялі да вылучэньня з агульнапольскага руху беларускага і літоўскага нацыяналізмаў
  • Беларусь тады асэнсавала сябе ў сваіх геаграфічных і этнічных межах, якім яшчэ толькі належала ў будучыні стаць дзяржаўнымі

Процістаяньне з Варшавай

У паўстаньні 1863–1864 гадоў удзельнічалі тры партыі — «белыя», правыя «чырвоныя» і левыя (або радыкальныя) «чырвоныя».

Першыя хацелі далучыць былое Вялікае Княства Літоўскае да Царства Польскага і дамагчыся яго аўтаноміі. Другія дамагаліся стварэньня незалежнай Польшчы ў межах 1772 году. Трэція, да якіх належаў і Кастусь Каліноўскі, хацелі вырашыць сацыяльнае пытаньне і ў той ці іншай форме аднавіць існаваньне гістарычнай Літвы.

Восеньню 1861 году ў Вільні для арганізацыі і кіраваньня будучым паўстаньнем быў створаны Камітэт руху, праз год ператвораны ў Літоўскі правінцыйны камітэт, лідэрам якога стаў Кастусь Каліноўскі. У 1862 годзе ў Варшаве быў закладзены Цэнтральны нацыянальны камітэт.

З гэтага часу пачынаецца процістаяньне Каліноўскага з Варшавай. Галоўнаю прычынаю процістаяньня і канфлікту была адмова Каліноўскага прызнаць вяршэнства Варшавы і яго патрабаваньне партнэрскай роўнасьці ў дачыненьнях. Другою прычынаю канфлікту было жаданьне Каліноўскага не дапусьціць любой формы кантролю і юрысдыкцыі Варшавы над тэрыторыяй былога Вялікага Княства Літоўскага, уключна з Жамойцю і Інфлянтамі.

Польскі сучасьнік і гісторык паўстаньня 1863 году В. Пшыбароўскі пакінуў вымоўнае сьведчаньне пра той пэрыяд дзейнасьці Каліноўскага:

«... Ён, уваходзячы ў Літоўскі камітэт, не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы, а хацеў, каб гэты камітэт распараджаўся і кіраваў паўстаньнем самастойна і ў дачыненьні да Нацыянальнага ўраду займаў становішча ўлады роўнай і нікому не падначаленай».

З тэрытарыяльнай спрэчкі і ўзьнік першы сапраўдны канфлікт увосень 1862 году.

Варшава, не параіўшыся зь Вільняй, падпарадкавала сабе беластоцкую паўстанцкую арганізацыю і пачала там зьбіраць рэвалюцыйны падатак. У лістападзе падчас абмеркаваньня гэтага пытаньня на пасяджэньні Літоўскага правінцыйнага камітэту раззлаваны Каліноўскі, ужыўшы фізычную сілу, выкінуў з пакою камісара Цэнтральнага нацыянальнага камітэту ў Вільні Нестара Дзюлерана.

У тым жа месяцы Каліноўскі паслаў у Варшаву спачатку Эдмунда Вярыгу, а пасьля Баляслава Длускага з патрабаваньнем вярнуць Беласточчыну Вільні, забараніць Варшаве слаць сваіх прадстаўнікоў у Літву, мець толькі па адным камісары ў абедзьвюх сталіцах, роўнасьці ў дачыненьнях і супольнага вызначэньня даты пачатку паўстаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі

Варшава Беласточчыну вярнула, але роўнасьці не прызнала і паўстаньне пачала без узгадненьня зь Вільняй. Гэта адбылося ў ноч на 23 студзеня 1863 году. 22 студзеня Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве быў ператвораны ў Часовы нацыянальны ўрад і выдаў Маніфэст, якім пераняў уладу, скасаваў маскоўскія распараджэньні, абвясьціў усіх грамадзян такімі ж вольнымі, як «старапольская шляхта», і перадаў сялянам зямлю, якою яны карысталіся.

У Вільні пасьля некалькіх дзён разгубленасьці і спрэчак вырашылі далучыцца і надрукавалі кароценькую улётку з заклікам падтрымаць палякаў і фінальнымі словамі «Божа, збаў Польшчу», аўтарам якіх яўна быў не Каліноўскі. Ён тады меў іншы клопат — займаўся рэарганізацыяй Камітэту.

Стварэньне ўраду і яго разгром

1 лютага 1863 году, пасьля ўзгадненьня розных пазыцыяў, у Вільні было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, які сваім маніфэстам фактычна прадубляваў маніфэст варшаўскі. У Вільні вырашылі, што без палякаў самі рады пакуль не дадуць. Урад узначаліў Кастусь Каліноўскі.

Першы ўрад Літвы і Беларусі праіснаваў усяго 27 дзён. Сярод прынятых ім дакумэнтаў зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве інструкцыі новым паўстанцкім уладам.

У першай гаварылася, што «ўсе паветы Літвы і Беларусі павінны выступіць і пачаць барацьбу», каб падтрымаць Польшчу, а восьмы пункт другой інструкцыі загадваў публічна караць сьмерцю «найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян». Зноў мы разумеем, што за сацыяльным зьместам тут можа хавацца і нацыянальная пазыцыя — беларускіх сялян прыгнятаюць польскія паны. У этнічнай Літве восьмага пункту ў інструкцыі не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода знайшла пачатак невядомага раней верша, які можа належаць Каліноўскаму

У Варшаве факт стварэньня ўраду Літвы і Беларусі выклікаў шок. Тое самае адбылося і зь віленскімі «белымі». Пасьля шэрагу захадаў, таемных перамоваў і візытаў варшаўскі ўрад 27 лютага 1863 году выдаў пастанову аб роспуску Часовага ўраду Каліноўскага і аб стварэньні на яго месцы Аддзелу кіраваньня правінцыямі Літвы. Каліноўскаму было загадана перадаць Аддзелу «пячатку, дакумэнты, перапіску і грошы».

Пастановы ўраду Літвы і Беларусі былі скасаваныя, а яго членам было заяўлена, што ў выпадку непакоры іх імёны будуць абвешчаныя ў друку — інакш кажучы, выдадзеныя царскім уладам.

Як заўважыў гісторык Васіль Герасімчык, у пастанове Часовага нацыянальнага ўраду аб роспуску ўраду Літвы і Беларусі апошні па-ранейшаму называўся Літоўскім правінцыйным камітэтам. У Варшаве не жадалі нават заўважаць новых рэаліяў.

Каліноўскі напісаў пратэст на адрас Нацыянальнага ўраду ў Варшаве, у якім паведаміў, што вырашыў падпарадкавацца, бо

«не адчувае сябе дастаткова моцным, каб вырваць кіраўніцтва спраў з рук сваіх праціўнікаў».

Тут ён выразна назваў варшаўскі ўрад і прыхільнікаў адзінай Польшчы сваімі праціўнікамі. Пры гэтым ён з прыкрасьцю ўбачыў, што віленскіх «белых» падтрымалі варшаўскія «чырвоныя», якія кіравалі Часовым нацыянальным урадам. Для яго гэта быў важны сыгнал і навука пра перавагу нацыянальных інтарэсаў над усімі астатнімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Годны фінал 150-гадовай трагедыі. Як у Вільні разьвіталіся з Каліноўскім і яго паплечнікамі. ФОТА і ВІДЭА

Сытуацыя для Кастуся стала б яшчэ больш зразумелаю, калі б ён убачыў запіс, які Аляксандар Герцэн зрабіў у дзёньніку ў верасьні 1862 году пасьля перамоваў з варшаўскімі дзеячамі:

«Мне ўсё здаецца, што ім да сялянскай зямлі, у сутнасьці, мала справы, а да правінцыяў — занадта многа».

Зрэшты, Каліноўскі ўжо меў уласныя нацыянальныя інтарэсы, якія выявіліся ў назьве распушчанага палякамі ўраду Літвы і Беларусі.

Вымушаная паўза, але не адступленьне

У пачатку сакавіка Каліноўскі прымае ад «белых» прызначэньне на пасаду гарадзенскага вайсковага камісара і выяжджае ў Горадню, а затым у Беласток. У Беластоку ён выдае па-беларуску загад аб сваім заступленьні на пасаду.

Той дакумэнт пад назвай «Прыказ урадавага камісара ў Гарадзенскім ваяводзтве» можна лічыць гістарычным. Гэта было ні што іншае, як вяртаньне беларускай мовы ў дзяржаўнае справаводзтва пасьля забароны, уведзенай у Рэчы Паспалітай у 1696 годзе. Ініцыятарам вяртаньня стаў Кастусь Каліноўскі.

Вайсковыя аддзелы паўстанцаў на Горадзеншчыне былі самымі арганізаванымі і баяздольнымі. Менавіта на Горадзеншчыне ў часы кіраваньня Каліноўскага адбылася славутая бітва пад Мілавідамі.

У выніку над існаваньнем беларусаў задумваюцца і ў Варшаве. Праз два месяцы, у дзень Канстытуцыі 3 траўня, варшаўскі ўрад выдае па-беларуску адозву, у якой заклікае «братоў-беларусаў» дапамагчы Польшчы і абяцае ім зямлю бяз паншчыны і чыншу. Гэтак у выніку дзейнасьці Каліноўскага і яго паплечнікаў беларусы набылі суб’ектнасьць у вачах Варшавы.

У траўні ў Вільню прыяжджае новы генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў, які тут жа ўсчынае тэрор і сэквэстры маёмасьці. «Белыя» пачынаюць разьбягацца, павятовыя і ваяводзкія начальнікі паляць паперы і закопваюць у зямлю пячаткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крыважэрны Каліноўскі?» Гісторык адказвае прэс-сакратару праваслаўнай царквы ў Беларусі

Дзяржаўны пераварот і аднаўленьне ўраду

У гэтых умовах у пачатку чэрвеня ў Вільню нечакана вяртаецца Кастусь Каліноўскі. Ён і яго найбліжэйшы паплечнік, паўстанцкі начальнік Вільні Ўладзіслаў Малахоўскі зьдзяйсьняюць захоп улады.

Кіраўнік вайсковых справаў віленскіх паўстанцаў Юзаф Каліноўскі наступным чынам апісаў гэтую падзею ў сваіх мэмуарах:

«Канстанцін Каліноўскі з тагачасным начальнікам гораду Ўладзіславам Малахоўскім зрабілі сапраўдны coup-d’état і адважыліся стварыць уласнае ўпраўленьне».

Генадзь Кісялёў маляўніча апісаў, як Малахоўскі прыйшоў у кабінэт да лідэра Аддзелу кіраваньня правінцыямі Літвы, прадстаўніка «белых» Якуба Гейштара і кінуў яму на стол вырабленую на загад Каліноўскага пячатку бяз польскага Арла — толькі з Пагоняй. Гейштар усё зразумеў і падаў у адстаўку.

Пакуль яшчэ «Аддзел кіраваньня правінцыямі Літвы» ўзначаліў Каліноўскі. Таму выдадзены ім 11 чэрвеня па-беларуску славуты загад называўся «Прыказ ад Ронду Польскага над цэлым краем Літоўскім і Беларускім да народу зямлі Літоўскай і Беларускай».

Але пасьля дзяржаўнага перавароту, як пісаў ужо згаданы мэмуарыст, Кастусь Каліноўскі атрымаў правы сапраўднага дыктатара Літвы. З гэтай пазыцыі ён і пачаў свой апошні бой за бацькаўшчыну.

Варшава спрабуе ўскочыць у апошні вагон і дасылае ў Вільню новы загад аб стварэньні Выканаўчага аддзелу Літвы на чале з Каліноўскім. У дасланым празь некалькі дзён Статуце нарэшце прызнавалася роўнасьць Вільні і Варшавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму прэзыдэнту Польшчы пасьля прамовы ў Вільні варта зьмяніць сьпічрайтэраў

Гэта была перамога Каліноўскага і яго паплечнікаў. Выканаўчы аддзел Літвы робіцца аналягам лютаўскага Часовага ўраду Літвы і Беларусі. Сучасьнікі назвалі яго «Чырвоным жондам», пад гэтай назвай ён і ўвайшоў у гісторыю. Сёньня мы можам гаварыць пра два ўрады Каліноўскага — першы і другі.

Вядома, Варшава прызнала толькі роўнасьць, а не незалежнасьць. Тэрытарыяльныя спрэчкі працягваліся яшчэ нават у жніўні. І мы ня ведаем, чым бы гэтая справа скончылася ў выпадку перамогі паўстаньня — фэдэрацыяй, канфэдэрацыяй ці поўнай незалежнасьцю Беларусі і Літвы. Але гэта ўсё роўна было прызнаньнем іх суб’ектнасьці.

Крок да незалежнасьці

Тым часам Каліноўскі ідзе далей. Ён замаўляе гравэру новую пячатку Выканаўчага аддзелу з надпісам «Літоўскі камітэт. Свабода. Роўнасьць. Незалежнасьць».

Слова «незалежнасьць» там прысутнічала невыпадкова. Сучасьнікі ў адзін голас сьведчылі, што з гэтага часу Кастусь Каліноўскі бярэ курс на здабыцьцё былым Вялікім Княствам Літоўскім незалежнасьці ад Польшчы.

У ліпені з Варшавы у Вільню для перамоваў з Каліноўскім прыяжджае камісар Нацыянальнага ўраду Лявон Главацкі, які з жахам даведваецца, што Каліноўскі настойвае на адасабленьні былога Княства ад Польшчы.

20 ліпеня ў Вільню прыяжджае адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага ўраду Оскар Авэйдэ, якому Каліноўскі падчас некалькіх шматгадзінных перамоваў цьвёрда заяўляе, што

«Літва і Беларусь — зусім асобная і самастойная дзяржава».

Гэтую яго фармулёўку ў адзін голас прыводзяць і гісторыкі, і мэмуарысты.

І зноў тут трэба паўтарыць, што Літва і Беларусь ужо ўспрымаліся паўстанцамі дзьвюма краінамі, але яшчэ адзінаю дзяржавай. Каліноўскі і яго паплечнікі не ўяўлялі сабе мяжы там, дзе яе ніколі не было і дзе, паводле трапнага выразу Генадзя Кісялёва, пра яе ніколі не парупілася гісторыя. «Літва» ў шырокім сэнсе была для іх найбольш блізкім па часе гістарычным макратапонімам радзімы.

Для праціўнікаў Каліноўскага побач з макратапонімам «Літва» існаваў яшчэ супэртапонім «Польшча», што цалкам адпавядае распрацаванай у ХХ стагодзьдзі тэорыі шматузроўневай нацыянальнай сьвядомасьці жыхароў былога ВКЛ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА

Паводле сьведчаньня Васілія Ратча, Авэйдэ так і ня змог угаварыць Каліноўскага адмовіцца ад сэпаратызму. 22 жніўня Авэйдэ быў арыштаваны, пасьпеўшы перад гэтым перадаць Каліноўскаму сваю пячатку і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Літве і Беларусі. Гэтак Кастусь Каліноўскі засяродзіў у сваіх руках усю магчымую паўстанцкую юрысдыкцыю ў Літве і Беларусі.

З таго часу і да канца паўстаньня ён дзейнічаў як лідэр самастойнай дзяржавы Літвы і Беларусі — былога ВКЛ, яго ўладу прызналі ўсе цывільныя і вайсковыя паўстанцкія адміністрацыі ў ваяводзтвах і паветах. Прымаючы яго прызначэньні на пасады, дзясяткі людзей, часта на дваццаць і болей гадоў старэйшыя за яго, ішлі на верную сьмерць або катаргу — ва ўмовах паўсюднага тэрору і здрады іх арыштоўвалі ўжо праз тыдзень-два.

У сваіх паказаньнях сьледчай камісіі ўжо згаданы польскі афіцэр Юзаф Каліноўскі, які летам 1863 году быў блізкі да лідэра паўстаньня, расказаў пра амаль поўны разрыў Кастуся з Варшавай:

«Отчужденность от Народного правительства, в которой находился уполномоченный комиссар Литвы в последнее время, самым гибельным образом отозвалась в крае».

Але Каліноўскі зусім не зьбіраўся прайграваць. У апошнія паўгода свайго жыцьця ён разьвіў вельмі актыўную дзейнасьць.

Каб актывізаваць паўстаньне, ён стварае палявую жандармэрыю і палявыя суды для пакараньня здраднікаў, замяняе паўстанцкіх камандзіраў. Пад канец году ён распускае касінэраў па дамах на зімоўку і плянуе на вясну новае выступленьне.

Менавіта ў другой палове 1863 году Каліноўскі фармулюе сваё разуменьне будучыні Беларусі і беларускага народу, выкладзенае ім пасьля ў «Лістах з-пад шыбеніцы».

Ён таксама бачыць нацыянальныя патрэбы балцкага насельніцтва. У пачатку лістапада 1863 году ён прызначае этнічнага літоўца ксяндза Антанаса Мацкявічуса вайсковым кіраўніком Ковенскага ваяводзтва, але той неўзабаве гіне на шыбеніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледчык Вячаслаў Шалькевіч: «Лістоў з-пад шыбеніцы» было значна больш, чым тры вядомыя сёньня

Каліноўскі па-ранейшаму спадзяваўся на сілу друкаванага слова і да самага арышту рыхтаваў выданьне новага часопісу. Паводле Юзафа Каліноўскага,

«печатное слово всегда было его слабостью, он приписывал ему какое-то особенное значение».

У новым часопісе Каліноўскі, які за апошні год, з увагі на ход паўстаньня і пазыцыю Варшавы, перажыў істотную эвалюцыю, зьбіраўся, відавочна, сфармуляваць свае погляды на будучыню краіны і выкласьці іх папулярна. Арышт у ноч з 28 на 29 студзеня 1864 году перашкодзіў гэтаму.

Але нацыянальны запавет усё ж быў выкладзены ў турме на паперы і перададзены на волю ў выглядзе «Лістоў з-пад шыбеніцы», якіх, паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, было больш чым тры — частку сканфіскавалі сьледчыя. Месца іх знаходжаньня дагэтуль невядомае.

Нацыянальна-палітычны запавет

У «Лістах з-пад шыбеніцы» ўтрымліваюцца яшчэ не сыстэмна сфармуляваныя, але ўжо дакладна акрэсьленыя пастуляты беларускай нацыянальнай ідэі. Іх дзесяць. І ўсе яны дагэтуль актуальныя:

1. Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе зь беларускім народам, фактычна, называе сябе беларусам і сьцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу:

«...Каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае».

«...Енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш сьпявае».

«... Нам пад рондам польскім не заўсёды было добра».

2. Каліноўскі называе першаступеннай каштоўнасьцю сувэрэнітэт народу:

«Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль... гэтак ня робіць»

3. У некалькіх месцах Каліноўскі называе вялікай каштоўнасьцю патрыятызм. Вось адно зь іх:

«...Ты, аднак, народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні

4. Каліноўскі ставіць пытаньне пра сацыяльную справядлівасьць у будучым беларускім грамадзтве:

«...Ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага за ўсяго карыставаць».

5. Каліноўскі адкідае расейскі тэзіс пра «брацтва» беларускага і расейскага народаў, моцна яго крытыкуе, піша пра рэкруцкія наборы, высылкі ў Сыбір і параўноўвае расейскіх чыноўнікаў з саранчой. Паводле Каліноўскага, Расея

«пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаваньне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся».

6. Каліноўскі разумее, што з усіх суседзяў Беларусі менавіта Расея распрацавала найбольш грунтоўны комплекс ідэалягічных і гістарычных аргумэнтаў для асыміляцыі беларусаў. Ён піша пра несправядлівую забарону Ўніяцкай царквы і, фактычна, выказваецца за яе вяртаньне:

«... Каб сьлёзы мужыцкія ня трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху — нашу веру ўніяцкую».

7. Каліноўскі ставіць пытаньне пра адукацыю на роднай мове. Два апошнія тэзісы, відавочна, разумеюцца ім як процівага асыміляцыі:

«... Маскаль... там, дзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску».

8. Каліноўскі высоўвае тэзіс пра разьвіцьцё ў будучай Беларусі ўсеагульнай адукацыі, культуры і навукі як гарантыю ўсеагульнага дабрабыту:

«...Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толькі магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскія адрасы паўстанцаў Каліноўскага. МАПА

9. Каліноўскі называе найбуйнейшую геапалітычную пагрозу для існаваньня Беларусі і беларускага народу. Гэта — «маскаль», Расея:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».

10. Каліноўскі ставіць пытаньне пра неабходнасьць арыентацыі Беларусі на Польшчу, а значыць — на Захад. Ён відавочна яшчэ ня мае яснага бачаньня далейшага лёсу сваёй краіны, ня ведае, у якой форме будзе захаванае адзінства Польшчы, Літвы і Беларусі — фэдэрацыі, канфэдэрацыі ці нейкай іншай форме дзяржаўнага саюзу — і ці будзе яно захаванае наогул. Але праз увесь тэкст «Лістоў з-пад шыбеніцы» параўноўвае парадкі і падыходы «ронду польскага» з «рондам маскоўскім» і прыходзіць да высновы, што

«... Польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасьці дзела».

«Для таго, Народзе, як толькі калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду... грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную».

Арыентацыю на Польшчу ХІХ стагодзьдзя ва ўмовах тагачаснага процістаяньня з Расеяй — у ХХІ-м стагодзьдзі можна трактаваць як заклік Каліноўскага да празаходняй геапалітычнай арыентацыі Беларусі і жыцьцёвую неабходнасьць такой арыентацыі для народу і краіны ў будучыні.

Апошняя цытата наогул усёабдымная. Яна адна можа быць і палітычным запаветам, і нацыянальнай ідэяй. Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу тэзіс пра «чалавечае права» (захаваньне правоў чалавека), пра «народнае права» (захаваньне нацыянальных правоў), а за заклікам ваяваць «за сваю зямлю родную» зноў стаіць тэзіс пра вялікую каштоўнасьць патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны.

Гэта — клясыка беларускай палітычнай ідэі, яе вытокі.

Першая палітычная суб’ектнасьць Беларусі

Трэба дакладна разумець, што пасьля адстаўкі Якуба Гейштара ў чэрвені сытуацыя фактычна, а пасьля і юрыдычна вярнулася да 1 лютага 1863 году. У выніку цяжкай барацьбы Кастусь Каліноўскі з паплечнікамі вырвалі ў Варшавы саступкі і другі раз на працягу 1863 году аднавілі суб’ектнасьць былога Вялікага Княства Літоўскага. А яно, у іх разуменьні, ужо складалася зь дзьвюх нацыянальных частак, якія пачыналі ўсьведамляць сябе палітычна, — Літвы і Беларусі.

Гэта — першая палітычная суб’ектнасьць Беларусі ў гісторыі пад яе новай, мадэрнай назвай.

Першым урадам абвясьціў сябе Літоўскі правінцыйны камітэт, які складаўся з Кастуся Каліноўскага, Ахілеса Банольдзі, Эдмунда Вярыгі, Баляслава Длускага, Эразма Заблоцкага, Антона Залескага, Яна Козела, Юрыя Кучэўскага-Порая, Баляслава Сволькена, Пятра Чакатоўскага і Зыгмунта Чаховіча.

У лютым справамі ў Вільні кіравалі Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Чаховіч, астатнія разьехаліся з даручэньнямі Каліноўскага або атрымалі прызначэньні ў паўстанцкія структуры на месцах.

Будынак Дамініканскага кляштару ў Вільні, дзе перад пакараньнем сьмерцю трымалі кіраўніка «Чырвонага жонду» Кастуся Каліноўскага.

Пасьля чэрвеньскага перавароту «Чырвоны жонд» у Вільні складаўся з Кастуся Каліноўскага, Цітуса Далеўскага, Ігната Здановіча, Фэлікса Зянковіча, Мечыслава Дарманоўскага і Ўладзіслава Малахоўскага.

Гэта людзі, якія ў тых складаных умовах здолелі кінуць выклік ня толькі Санкт-Пецярбургу, але і Варшаве.

Трое членаў першага ўраду Каліноўскага — Эдмунд Вярыга, Ян Козел і Зыгмунт Чаховіч — пасьля катаргі здолелі праз шмат гадоў вярнуцца ў Беларусь і ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя леглі ў родную зямлю. Пры гэтым Чаховіч пасьпеў стаць апекуном суседзкага юнака і выхаваць у яго асобе пераемніка, а нам, будучым пакаленьням, нацыянальнага прарока — Янку Купалу.

Член другога ўраду Фэлікс Зянковіч, жывучы пасьля катаргі ў Варшаве, празь ліставаньне стаў апекуном беларускай паэткі другой паловы ХІХ стагодзьдзя Зоф’і Манькоўскай.

Нараджэньне краіны

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, на сутыку эпох Рамантызму і Мадэрну, па ўсёй Эўропе актывізаваліся нацыянальныя рухі. Працэс гэты ахапіў і славянскія народы.

Ва ўсходняй частцы Эўропы з апераджэньнем суседзяў актыўна фармавалася мадэрная польская нацыя, якая ў рамках пошуку гістарычных аргумэнтаў спрабавала ахапіць сабой усю тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай. Аднак новай Польшчы не ўдалося тады цалкам усьвядоміць сябе ў межах Рэчы Паспалітай, бо гэтаму перашкодзіла дзейнасьць Каліноўскага і яго паплечнікаў.

Падзеі 1863–1864 гадоў прывялі да вылучэньня з агульнапольскага руху беларускага і літоўскага нацыяналізмаў. Прычым беларускі ўзьнік раней за літоўскі, але пасьля запаволіўся і адстаў ад апошняга з прычыны татальных рэпрэсіяў супраць сваіх носьбітаў — удзельнікаў паўстаньня. Да таго ж літоўцы мелі два важныя фактары нацыягенэзу, якіх у беларусаў не было — неславянская мова і прыналежнасьць да Каталіцкай царквы большасьці народу.

Таму варта паўтарыць яшчэ і яшчэ раз. 1 лютага 1863 году, у дзень стварэньня Часовага ўраду Літвы і Беларусі, узьнікла першая ў гісторыі палітычная суб’ектнасьць новай Беларусі. Старая Беларусь, што існавала раней пад назвамі і Русь, і Літва, пачала ўсьведамляць сябе новай мадэрнай Беларусьсю ў сваіх этнічных межах.

Гэта адбылося менавіта ў 1863–1864 гадах, прычым раней, чым гэта ўбачылі і зразумелі ў Расеі. Там яшчэ ў другой палове 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя ў прывітальным вершы Мураўёву-вешальніку паэт Нікалай Някрасаў пісаў:

Мятеж прошёл, крамола ляжет,
В Литве и Жмуди мир взойдёт;
Тогда и самый враг твой скажет:
Велик твой подвиг... и вздохнёт.

Але самі ўдзельнікі «мятежа» ўжо назвалі сваю краіну Беларусьсю і нават пасьпелі ў паўстанцкім паролі прызнацца ёй у любові.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пароль, які немагчыма ўзламаць ніякімі хакерскімі атакамі

Гэта праўда, што Кастусь Каліноўскі і большасьць яго паплечнікаў паходзілі з заходняй часткі Беларусі — зь Віленшчыны, Беласточчыны і Горадзеншчыны. Але прысутнасьць у шэрагах яго аднадумцаў Станіслава Сангіна з Гомельшчыны, Пятра Чакатоўскага і Цэлястына Цеханоўскага з Магілёўшчыны, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і Марцэля Карафы-Корбута зь Віцебшчыны, Уладзіслава Малахоўскага і Францішка Юндзіла зь Берасьцейшчыны, ня кажучы ўжо пра шматлікіх ураджэнцаў Меншчыны, паказвае, што мы маем справу з завяршальным этапам нацыянальнай кансалідацыі. Яна, як і ў іншых народаў, адбываецца найперш сярод актыўнай часткі грамадзтва.

У першай палове — сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя галоўнымі прапагандыстамі назвы «Беларусь» сапраўды былі ўраджэнцы Вільні, Беласточчыны і Горадзеншчыны. Але працэс нацыянальнага ўсьведамленьня праходзіў на ўсёй тэрыторыі краіны. Калі будучыя ўніяцкія прафэсары зь Беласточчыны (Міхал Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Язэп Ярашэвіч і інш.), якіх называюць пачынальнікамі беларускай ідэі, у 10-я гады ХІХ стагодзьдзя паступілі ў Віленскі ўнівэрсытэт, там ужо існаваў уніяцкі беларускі гурток, створаны Антонам Марціноўскім, сынам уніяцкага сьвятара зь Меншчыны.

Нішто не зьяўляецца зьніадкуль. Сучасныя межы Рэспублікі Беларусь, уключна з дыялектна спэцыфічнай Берасьцейшчынай (Уладзіслаў Малахоўскі паходзіў з Кобрына), акрэсьліліся менавіта ў часы Каліноўскага.

І менавіта тады на сьвет паўстала мадэрная краіна Беларусь у сваіх геаграфічных і этнічных межах, якім яшчэ толькі належала ў будучыні стаць дзяржаўнымі.

***

Прыведзеныя ў тэксьце цытаты ўзятыя з кніг:

Васіль Герасімчык. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Горадня, 2018
Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць. Творы, дакумэнты. Укладальнік Генадзь Кісялёў. Мн., 1999
Генадзь Кісялёў. Смак Беларушчыны. Мн., 2013
Генадзь Кісялёў. Выбранае. Мн., 2016

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

Як у Вільні пахавалі паўстанцаў Каліноўскага. Толькі фота

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму