Маленькія прынцы. Як Маляваныч і акторы з псыханэўралягічнага інтэрнату граюць на адной сцэне

Рэпэтыцыя спэктакля «Маленькі прынц»

Больш за 12 гадоў Аляксандар Ждановіч, той самы Маляваныч з Калыханкі, разам зь дзецьмі з псыханэўралягічнага інтэрнату стварае тэатар «Радасьць». Слова «дзеці» — умоўнае, большасьці актораў за дваццаць пяць гадоў. Недарэмна самы вядомы іхны спэктакль «Маленькі прынц» расказвае кранальную гісторыю дзяцей, што не сталеюць. Свабода трапіла на рэпэтыцыю, каб пабачыць, як ствараецца магія інклюзіўнага спэктаклю.

Маленькага прынца грае Сьвета — ёй за трыццаць, але Аляксандар усіх называе дзецьмі. І паўтарае, што ў гэтым спэктаклі дзеці, якія ніколі ня стануць дарослымі, граюць для дарослых, якія калісьці былі дзецьмі.

«Лётнік сутыкаецца не з красуном, а з шчасьлівай істотай, якая ніколі ня стане дарослаю»

«Я ўпэўнены, што так ніхто гэты матэрыял не адкрываў! — кажа Аляксандар Ждановіч, вядомы беларускі актор тэатру і кіно. — Маленькага прынца часта выяўляюць такім залатакудрым красуном, усё сыходзіць у бок казачнай фантастычнасьці. А на мой погляд, галоўная тэма — гэта крызіс чалавека, які расчараваўся ўва ўсіх сваіх жыцьцёвых каштоўнасьцях і які сутыкаецца зусім не з купідонам нейкім, а з шчасьлівай істотай, якая ніколі ня стане дарослаю».

Аляксандр Ждановіч

Невялікая сцэна, кардонныя каробкі з капелюшамі (для роляў дарослых) і чорная грыфэльная дошка, каб маляваць баранчыкаў (для роляў дзяцей). Рэпэтуюць і часьцей за ўсё граюць у актавай залі нядзельнай школы Сьвята-Елісавецінскага манастыра. Пры ім жа заснаваны дабрачынны фонд імя сьвятога Іаана Рускага. Менавіта ў гэты фонд дапамогі дзецям з асаблівасьцямі разьвіцьця ідуць сродкі з продажу квіткоў.

У двары Сьвята-Лісавецінскага манастыра

Спэктаклю «Маленькі прынц» ужо каля сямі гадоў. Яго паказвалі ў Санкт-Пецярбурзе і ў Бэрліне. Аляксандр грае лётчыка і прагаворвае ўсё, што адбываецца на сцэне. Іншыя акторы амаль бяссменныя, адзінае што за гэты час іх пасьпелі перавесьці з дзіцячага інтэрнату ў дарослыя.

«У Батуры нежная натура!» — жартуе Аляксандр.

Саша Батура грае баобаб і ружу. Мажны і павольны, спачатку граць не хацеў, але потым уцягнуўся і цяпер у захапленьні выдае імправізацыі. На апошнім спэктаклі ў фінальнай сцэне адмовіўся сыходзіць за кулісы і пакідаць лётчыка аднаго: сеў побач з Аляксандрам, абдымаў і шкадаваў, бо яго пэрсанажу было сумна. Так і пакінулі.

«Саша, так не стаяць ружы! Увесь час рабі нейкія рухі. Ты ружа!» — тлумачыць Аляксандр.

«Дзьве!» — дадае Батура.

«Дзьве ружы? Ты і Эдзік?».

Саша Батура ў ролі баобаба

«Цяпер Эдзік у штучнай коме»

Эдзік — адзіная замена ў спэктаклі. Раней ён быў галоўнай зоркай «Маленькага прынца».

«Цяпер Эдзік у штучнай коме, — распавядае Аляксандр. — І я вельмі не люблю гэтыя цуды-шмуды, але на словы „маленькі прынц“ ён рэагаваў і ківаў. Таму што для іх гэта частка жыцьця. Можа гэта і патасна гучыць».

Эдзік

У жыцьці Эдзік амаль не размаўляе, хіба што на сваёй «тарабарскай мове», але Аляксандр запэўнівае: Эдзік прыроджаны артыст, надзелены абаяльнасьцю, гумарам і здольнасьцю паглыбляцца ў характары. Але ў яго, як і ў большасьці людзей з сындромам Даўна, глыбокі парок сэрца.

Апошнія два гады ролі бізнэсмэна і караля замест Эдзіка выконвае Сярожа. Ён любіць сьпяваць, танцаваць і адразу засынае ад суму, калі хтосьці распавядае доўгую гісторыю. Чатыры гады ён езьдзіў у госьці да італьянскай сям’і, а пасьля ў іх з’явіліся дзеці.

Сярожа ў ролі караля

«... і лётчык адвозіў людзям лісты. Куды?»
«У Італію!»
«А ты куды?»
«У Кітай!»
«А ты?»
«Дзе сасіскі!»

Спачатку на сцэне Сярожы было няёмка, ён адчуваў сябе «пустым».

«Ня ведаю, што гэта значыць — пустым, — кажа Сярожа. — Як быццам я апынуўся ў новым памяшканьні, усё незнаёмае. Часам было, што я заходжу і не пазнаю месца: ці тое я на сваім месцы, ці тое не. Зараз я ўжо прызвычаіўся да сцэны, пачаў крыху цяміць, што рабіць».

Аляксандр Ждановіч не хавае, што захапленьне інклюзіўным тэатрам прыйшло не адразу. У інтэрнат яго прывяла жонка Людміла — акторка тэатра лялек па адукацыі яна была прыхажанкай Сьвята-Елісавецінскага манастыра. Спачатку дзеці падаліся Аляксандру зусім не кантактнымі, быў бар’ер. Пачынаў без ахвоты, але праз пару год без іх ужо ня мог. Кажа, што быць побач з людзьмі, якія ня носяць маскі, вельмі супакойвае.

«Ігнашка, скрэбаніся так, каб запомніцца на ўсё жыцьцё!»

Спэктакль інтэрактыўны. Удзельнікі просяць гледачоў маляваць, выходзіць на сцэну, задаюць пытаньні. На рэпэтыцыі, пакуль дарослыя спрачаюцца пра дакладны час захаду сонца, Сярожа дастае уяўны тэлефон і канстаціруе: «Гугл ёсьць, толькі пакуль што сыгнал не ловіць». Далей выклікае на сцэну «сухога» пацука.

«Ігнашка, ты зараз нейкую локшыну мнеш, — тлумачыць Аляксандр. — У пацука кіпцюры вось такія! Гэта твой зорны час, Ігнашка! Скрэбаніся так, каб запомніцца на ўсё жыцьцё!»

За сем год Ігнат мае адзіную сольную ролю і ўсяго на пару хвілін. Але ягоны пацук кожны раз выклікае бурную рэакцыю — Ігнат выяўляе вельмі дасьціпна і смешна. За такую адданасьць Аляксандр абяцае Ігнату галоўную ролю ў наступным спэктаклі.

Сьвета ў ролі маленькага прынцы і Аляксандр у ролі лётніка

«У нас звычайны бедненькі такі спэктакль, — кажа Аляксандр. — У нас няма ані касьцюмаў, ані дэкарацый, ніякіх тэатральных эфектаў. Мы голенькія. Але зазвычай я адчуваю гэтую энэргетычную дугу, якая ўтвараецца паміж заляй і сцэнай. Яны цудоўныя ў сваёй абаяльнасьці і непрадказальнасьці».

Паша Садоўскі грае ліса і сьцвярджае, што на гэтую ролю яго ўзялі з-за прыроджанай хітрасьці.

«А хто б граў Ліса, каб не я? — усьміхаецца Паша. — Замены мне няма! Адзін адзіны. У ролі Маленькага прынца для мяне зашмат тэксту. А для Ліса акурат!»

Па сцэне Паша перасоўваецца на вазку. «Можа на спэктаклі сказаць: „І самага галоўнага... Саша, падцягні вазок... вачыма не пабачыш“. Ніякі акцёр так не зрабіў бы, а для іх няма гэтай мяжы, для іх гэта жыцьцё», — кажа Аляксандр.

Паша Садоўскі ў ролі Ліса

У апошняй сцэне Ліс распытвае Маленькага прынца пра ягоную плянэту і жартуе: «На той іншай плянэце паляўнічыя ёсьць? А куры? А Радыё Свабода?» Паша вучыў нямецкую мову, цікавіцца мастацтвам і заўжды празьмерна хвалюецца, рыхтуючыся да ролі.

Аляксандр прыгадвае акцёрскі панятак — «тры футы над сцэнай». Менавіта ўзьняцца над уласным лёсам і ёсць, на яго думку, асноўнай мэтай гэтага спэктакля.

«Ня столькі нават мы ім патрэбныя, хаця напэўна мы робім іх жыцьцё больш яскравым, напоўненым, — разважае Аляксандр. — Хутчэй яны нам патрэбныя, каб сустрэцца з самім сабой, з Маленькім прынцам у пустыні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня ходзіць у школу, але стаў акторам у тэатры. Як сын паэтаў Жыбуляў жыве з сындромам Аспэргера
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я малюю ўсё, што ўнутры мяне і навокал». Незвычайныя карціны 13-гадовага мастака з аўтызмам