Максіма Лагуна не хвалюе арт-рынак і тэндэнцыі сучаснага мастацтва — ён проста малюе. А яшчэ грае ў тэатры, вучыцца ў школе і стварае анімацыю.
Пра аўтызм ведалі зь фільма “Чалавек дажджу”
«Я малюю ўсё, што ўнутры мяне і навокал», — кажа Максім. «Вакол мяне» — так называецца выстава 13-гадовага мастака.
Маці Максіма Кацярына Лагун згадвае, што хлопец пачаў маляваць даволі позна — пасьля пяці гадоў.
«Як нарадзіўся, быў капрызным і нэрвовым дзіцем. У тры гады павялі ў дзіцячы садок. Там Максім ні з кім не камунікаваў. Бывае, сядзе і глядзіць, як іншыя дзеці гуляюць. Тады мы зьвярнуліся ў Цэнтар раньняга ўмяшаньня», — кажа Кацярына.
Дыягназ «аўтызм» у Беларусі ставяць дзецям не раней, чым ім споўніцца тры гады. У цэнтры Кацярыне сказалі: «Ня хочам вас пужаць, але, хутчэй за ўсё, гэта аўтызм».
«Зразумела, у нас зямля з-пад ног паплыла. Усё, што мы ведалі пра аўтызм, — з фільма “Чалавек дажджу”», — кажа Кацярына.
Маці тлумачыць Максіму сьвет
Кацярына — правая рука Максіма. Чаляднік і мэдыюм, правадыр у гэты сьвет. «Калі я нешта ня так яму тлумачу і перадаю, ён можа псыхаваць і нават злавацца на мяне. Са мной можна, бо я ўсё разумею і дарую», — усьміхаецца маці Максіма.
У Максіма ня цяжкі аўтызм. Але зь дзяцінства ў хлопца зьявіліся свае рытуалы: хадзіць па адным маршруце, езьдзіць на метро, пазьбягаць крамаў і вялікіх натоўпаў.
Спэцыялісты параілі Максіму разьвіваць дробную маторыку. «Я брала яго руку ў сваю, і мы разам рысавалі лічбы, домікі, — кажа Кацярына. — Пасьля ён пачаў маляваць сам».
Апошнія шэсьць гадоў Максім ходзіць у народную арт-студыю «Востраў».
«Наша студыя ня вучыць маляваць у агульнапрынятым сэнсе, як у школе, калі перад дзіцем ставяць самавар, яблыкі, драпіроўку — давай малюй. Калі атрымалася блізка да арыгіналу — малайчына, калі не — практыкуйся яшчэ. У нас усё ня так. Чалавек стварае малюнак з нуля, робіць нябачнае бачным. Мы не абмяжоўваем, мы адкрываем у дзіцяці тое, што заклала ў яго прырода», — кажа кіраўнік арт-студыі Юры Іваноў.
У школе навучыўся сьпісваць, і нас гэта цешыць
Максім вучыцца ў 6-й клясе школы №177 у Менску. Гэта звычайная агульнаадукацыйная школа. У Максіма навучаньне інтэграванае. Большасьць заняткаў праходзяць у клясе зь цьютарам (спэцыялістам, які суправаджае дзяцей і дапамагае ім адаптавацца).
У Максіма былі выдатныя адзнакі па гісторыі, калі яе выкладалі празь візуальнае. Напрыклад, калі праходзілі Бабілён, настаўніца прасіла Максіма намаляваць Бабілёнскую вежу так, як ён яе ўяўляе. А цяперашні настаўнік гісторыі кажа, што гэта гісторыя, а не маляваньне, і задае вучыць даты.
«Нядаўна Максім навучыўся сьпісваць у школе. Іншыя бацькі такія рэчы не заахвочваюць, а нас гэта вельмі цешыць, — кажа Кацярына. — Людзей з аўтызмам важна ўключаць у звычайнае сацыяльнае жыцьцё, бо такія дзеці хутчэй капіююць паводзіны іншых».
Баяўся размаўляць, а цяпер выступае на сцэне
Максім больш за два гады займаецца ў сямейным інклюзыўным тэатры «І». Тут звычайныя дзеці займаюцца разам дзецьмі з аўтызмам. Рэпетуюць, ставяць п'есы і езьдзяць на гастролі па Беларусі.
У тэатар Максім прыйшоў адным зь першых, але баяўся сказаць і слова. Таму спачатку яму далі ролю маўклівага зайчыка ў спэктаклі «Флейта-чарадзейка». «Усьміхаўся і ківаў на сцэне — такая яго першая роля. Далі ў рукі атляс, каб было куды іх падзець», — успамінае дырэктарка тэатра Ірына Кісялёва.
У тэатры Максім яшчэ і дэкаратар. Ягоны мастацкі талент адразу заўважылі ў студыі. Па эскізах Макса зрабілі дэкарацыі да спэктакляў і касьцюмы. «Ён хутка ўключыўся: “Гэта ж мае малюнкі!”. Мы далі яму словы — і ён пачаў гаварыць!» — кажа Ірына Кісялёва.
Цяпер Максім іграе ў трох спэктаклях, чытае вершы.
Дзецям з аўтызмам прасьцей сканцэнтравацца на мастацтве
Дырэктарка тэатра прапанавала зрабіць выставу работ Максіма перад пастаноўкай «Аднойчы ў вялізным горадзе» ў музычным тэатры. За падрыхтоўку ўзялася куратарка Ларыса Фінкельштэйн.
«Дзеці з аўтызмам ня менш і ня больш таленавітыя за іншых дзяцей. У іх проста менш інфармацыйнага шуму. Таму яны могуць лепей сканцэнтравацца на мастацтве. Яны свабодныя ад нейкай замовы, якую дае ім вонкавы сьвет», — кажа куратарка.
Выставу Максіма можна пабачыць толькі перад спэктаклем у музычным тэатры. Для гэтага трэба набываць квіток на пастаноўку. «Гэта ня самае зручнае месца для выставы, але іншых прапаноў, на жаль, не было», — тлумачыць выбар месца Ларыса.
Людзям з аўтызмам пасьля 18 гадоў ставяць дыягназ «шызафрэнія»
У Максіма няма сяброў. Ён выдумляе віртуальных “сьмяшарыкаў” і гуляе зь імі. Аднак ня любіць, калі дадому прыходзяць госьці. Гэта адзіная тэрыторыя, дзе ён можа адпачыць ад усіх. У сваім пакоі Максім малюе ў фоташопе, на мабільным тэлефоне ў прыладзе SketchBook. З гэтых ілюстрацый хлопец стварае гіфкі і анімацыю.
«Аўтызму ў людзей пасьля 18 гадоў быццам бы няма ў Беларусі», — пра будучыню сына маці кажа няўпэўнена. Паводле Міністэрства аховы здароўя, у краіне 1 366 людзей з аўтызмам: дарослых зь іх — 23, а дзяцей — 1 343. Каб абнавіць клясыфікацыю хваробаў, патрэбны дзяржаўная рэформа і адукаваныя спэцыялісты. Цяпер людзям з аўтызмам пасьля 18 гадоў ставяць дыягназ «шызафрэнія». Знайсьці працу з такім дыягназам цяжка.
Наведаць выставу Максіма Лагуна «Вакол мяне» можна да канца сакавіка ў музычным тэатры ў Менску.