Беларусь і ЗША ўпершыню падпісалі двухбаковую дамову аб адкрытым небе

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь і Злучаныя Штаты Амэрыкі падпісалі двухбаковую дамову аб адкрытым небе. Дакумэнт стаў першай двухбаковай дамовай аб паветраным транспарце зь Беларусьсю, паведамляе сайт Дзярждэпартамэнту ЗША.

«Пагадненьні аб адкрытым небе вызначаюць правілы, якія спрыяюць росту эфэктыўнай міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, заснаванай на рынкавых правілах», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дакумэнт дапаможа стварыць дадатковыя магчымасьці для турыстаў, а таксама для бізнэсу, дапоўнілі ў Дзярждэпартамэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША абмяркоўваюць магчымасьць выхаду з Дамовы аб адкрытым небе, якую падпісала і Беларусь

Пагадненьне было падпісанае 3 сьнежня ў рамках перамоваў аб паветраных зносінах, арганізаваных Міжнароднай арганізацый грамадзянскай авіяцыі. У падзеі ўзялі ўдзел 71 дзяржава і 5 міжнародных арганізацый. Акрамя Беларусі, першыя двухбаковыя дамовы аб адкрытым небе ЗША падпісалі з Багамскімі астравамі і Кеніяй.

Дамова аб адкрытым небе — шматбаковая міжнародная дамова, які дазваляе свабодныя палёты няўзброеных выведных лятальных апаратаў у паветранай прасторы краінаў-падпісантаў. Яна была падпісаная 24 сакавіка 1992 году ў Хэльсынкі прадстаўнікамі 23 дзяржаў – сяброў АБСЭ. Цяпер удзельнікамі дамовы зьяўляюцца 32 эўрапейскія дзяржавы, а таксама Канада і ЗША.

Дамова накіраваная на садзейнічаньне празрыстасьці ваеннай дзейнасьці, памяншэньне недаверу i непаразуменьняў і садзейнічаньне маніторынгу пагадненьняў аб кантролі над узбраеньнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрытае неба»: каго трэба папярэдзіць перад назіральным палётам над Беларусьсю. СЬПІС

Беларусь ратыфікавала дамову ў 2001 годзе, удзельнічае ў ёй у складзе групы з Расеяй.

Але авіяцыя, напрыклад, Баўгарыі або Бэльгіі, ня можа проста так у любы момант палятаць над Беларусьсю, каб пасачыць за вайсковай актыўнасьцю. Трэба папярэдзіць асобна:

  • Міністэрства ўнутраных спраў;
  • Міністэрства замежных спраў;
  • Міністэрства прамысловасьці;
  • Міністэрства сувязі;
  • Камітэт дзяржаўнай бясьпекі;
  • Дзяржаўны памежны камітэт;
  • Дэпартамэнт авіяцыі Міністэрства транспарту;
  • Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце;
  • Ад 21 жніўня 2018 году — Службу бясьпекі прэзыдэнта.