У 1992 годзе ў Хэльсынкі была падпісаная міжнародная Дамова аб адкрытым небе, паводле якой над тэрыторыяй дзяржаў-удзельніц можна ладзіць назіральныя палёты, каб сачыць за вайсковай дзейнасьцю. Беларусь ратыфікавала дамову ў 2001 годзе, удзельнічае ў ёй у складзе групы з Расеяй. Агулам у дамове ўдзельнічаюць тры дзясяткі эўрапейскіх краінаў, Грузія, Турэччына і Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Але авіяцыя, напрыклад, Баўгарыі або Бэльгіі ня можа проста так у любы момант палятаць над Беларусьсю, каб пасачыць за вайсковай актыўнасьцю. Трэба папярэдзіць асобна:
- Міністэрства ўнутраных спраў;
- Міністэрства замежных спраў;
- Міністэрства прамысловасьці;
- Міністэрства сувязі;
- Камітэт дзяржаўнай бясьпекі;
- Дзяржаўны памежны камітэт;
- Дэпартамэнт авіяцыі Міністэрства транспарту;
- Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце;
- Ад 21 жніўня 2018 году — Службу бясьпекі прэзыдэнта.
Апошні пункт дадаўся пасьля публікацыі адпаведнай пастановы (PDF), падпісанай міністрам абароны, кіраўнікамі КДБ і ААЦ. Прычыны дапаўненьня сьпісу не паведамляюцца.