Падзеі 17 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
17 сьнежня 1936 году ў Аргентыне нарадзіўся Францішак, папа Рымскі з сакавіка 2013 году. Францішак стаў першым папам, ад імя якога ў кастрычніку 2013 году ў Беларусь быў перададзены дакумэнт на беларускай мове. Гэта была падзяка Ядвізе Пастарнак зь Вілейскага раёну за служэньне Касьцёлу.
Таксама ў гэты дзень
1903 — браты Райт зьдзейсьнілі першы ў гісторыі палёт на маторным самалёце.
1924 — утворанае прафэсійнае аб’яднаньне беларускіх кінэматаграфістаў і фатографаў «Белдзяржкіно». У гонар гэтае падзеі сёньня адзначаецца Дзень беларускага кіно.
1926 — у СССР адбыўся першы ўсесаюзны перапіс насельніцтва. Насельніцтва БССР у той час складала 4 985 000 чалавек.
1933 — у СССР уведзеная крымінальная адказнасьць за гомасэксуалізм.
1988 — у Беластоку адбыўся І зьезд Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС). БАС узьнік у 1981 годзе, але тады польскія камуністычныя ўлады адмовілі яму ў рэгістрацыі. Тагачасным лідэрам БАСу быў Ян Максімюк, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Паўторны заснавальніцкі сход БАСу адбыўся 14 красавіка 1988 году ў Варшаве. Старшынём адноўленага БАСу стаў Яўген Вапа.
1998 — ЗША і Вялікая Брытанія пачалі ваенную апэрацыю супраць Іраку.
У гэты дзень нарадзіліся
1883 — Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.
1889 — Данiла Васiлеўскi, беларускі краязнаўца, гісторык, літаратуразнаўца, пэдагог.
1905 — Ёсіф Хейфец, савецкі кінарэжысэр беларускага паходжаньня.
У памяці
1630 — памёр Мялеці Сматрыцкі, беларускі і ўкраінскі пісьменьнік і рэлігійны дзяяч, біскуп, які выступаў супраць Берасьцейскай уніі 1596 году. У 1610 годзе выдаў кнігу «Трэнас», у якой заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб’яднаньня супраць каталіцкай экспансіі. Ягоным найбольш вядомым творам лічыцца «Граматыкі славенскае правільная сынтагма», у якой упершыню на высокім навуковым узроўні тлумачыліся артаграфія, этымалёгія і сынтаксіс стараславянскай мовы. У 1627 годзе Сматрыцкі перагледзеў свае погляды і перайшоў ва ўніяцтва.
2006 — памёр Іван Навуменка, беларускі пісьменьнік.