Такога ў Беларусі, здаецца, яшчэ не было. Два дні маніфэстанты ходзяць па сталіцы дзе ім захочацца, кажуць прамовы, дазволу на гэтыя хаджэньні няма, але пры гэтым нікога ня б’юць і ня цягнуць у аўтазакі.
Відавочцы чулі ў гэтыя два дні перамовы па міліцэйскіх рацыях, і там увесь час гучала — спакайней, цішэй. Гэта — лішняе пацьверджаньне таму, што адсутнасьць міліцэйскага гвалту была вынікам прамога і жорсткага загаду.
Чаму?
Перш чым адказаць на пытаньне, варта нагадаць, што пэрыяды паслабленьняў адносна масавых акцый бывалі і ў мінулым. Скажам, са жніўня 2015 году, пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў, да лютага-сакавіка 2017 году, пратэстаў супраць дэкрэту аб «дармаедах», была прыкладна такая самая «адліга».
Тады гэта было часткай угоды з Эўразьвязам, адказам Менску на зьняцьцё санкцый і на нармалізацыю адносін. Цяпер адносіны быццам бы нармалізаваныя, вось Аляксандар Лукашэнка нават у Аўстрыю зьезьдзіў. Але пры гэтым грошай Захад не дае.
Дык чаму б і ня біць і не саджаць у аўтазакі маніфэстантаў? Палітычна стэрыльны парлямэнт, які атрымаўся ў выніку апошніх выбараў, ня сьведчыў пра тое, што беларуская ўлада адчувае цяпер такую ўжо вострую патрэбу ў тым, каб рабіць Захаду якія-небудзь сурʼёзныя саступкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дайшлі да амбасады Расеі. Як у Менску прайшоў другі 5-гадзінны маратон супраць «паглыбленай інтэграцыі»Так што вулічная вольніца 7-8 сьнежня — гэта па меншай меры ня толькі для Захаду. А для каго?
Праўладны тэлеграм-канал «Пул Першага» пракамэнтаваў акцыю 7 сьнежня рэплікай — «Беларусы сабраліся, каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на перамовах з Уладзімірам Пуціным». Рэпліка суправаджалася ўхмылістым смайлікам.
Але ў стратэгічным пляне яна была блізкая да праўды і перагукалася з заўвагай у ФБ арганізатара акцыі Паўла Севярынца, што ўлады зацікаўленыя ў посьпеху акцыі, паколькі таксама зацікаўленыя ў захаваньні незалежнасьці.
У гэтым, мабыць, і палягае тлумачэньне, чаму акцыі 7-8 сьнежня не разганялі. І часткова тлумачэньне — чаму яны былі адносна нешматлікія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыі ў абарону незалежнасьці ў Менску і перамовы ў Сочы: галоўныя высновыУ 1996 годзе ў адказ на заключэньне першага інтэграцыйнага пагадненьня з Расеяй у Менску на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч. Тады пагадненьне ўспрымалася як рэальная пагроза незалежнасьці, тады Лукашэнка на радасьцях біў чаркі ў крамлёўскіх палатах, тады ён інтэграцыі горача жадаў.
Цяпер ролі памяняліся, цяпер далейшая рэальная інтэграцыя — прамая пагроза яго ўладзе. Цяпер інтэграцыя для яго — навязаны Масквой сцэнар, з дапамогай якога ён імкнецца як найболей «выцягнуць» з расейцаў, але пры гэтым не ахвяраваць ніякімі істотнымі элемэнтамі сувэрэнітэту.
І аказалася, што цяпер публічная дэманстрацыя ў падтрымку незалежнасьці і супраць далейшай інтэграцыі — так, яна на яго карысьць, яна ўмацоўвае, узмацняе яго палітычныя пазыцыі.
І іншы аспэкт таго самага — адчуваньне ўлады, што ў гэты дзень разгон дэманстрацыі з такімі мэтамі, як той казаў, «не зразумеюць». І ня толькі Захад, але і беларусы.
У Беларусі дзесяцігодзьдзямі ідуць спрэчкі пра нацыянальную ідэю. Дык вось гэта яна і ёсьць, яе практычнае ўвасабленьне. Пры гэтым нацыянальная ідэя зусім не азначае ўсеагульную згоду і ўзаемнае замілаваньне.
Маніфэстантам, напэўна, было брыдка ўсьведамляць, што яны, нават пры наяўнасьці лёзунгаў супраць Лукашэнкі, сваімі дзеяньнямі ўмацоўваюць яго пазыцыі. Гэтак жа як і Лукашэнку, відаць, было брыдка аддаваць загад гэтым разам не разганяць маніфэстацыю яго палітычных апанэнтаў.
А хто сказаў, што нацыянальнае адзінства — гэта прыемна?
І беларускіх, і замежных назіральнікаў у акцыях 7-8 сьнежня ўражваў іх падкрэсьлена мірны і нават законапаслухмяны характар. Напэўна, тут сышлося многае. І ўсё ж пагроза гвалту (хто ведаў, што яго не будзе), і палітычны кантэкст акцыі — асноўны яе патас быў усё ж ня супраць сваёй улады, а супраць інтэграцыі з Расеяй. Партрэты Пуціна на акцыі рвалі, партрэты Лукашэнкі — не. Так што ў рэзкіх дзеяньняў супраць чаго б там ні было ў сваёй сталіцы не было асаблівых матывацый.
Хоць напэўна не ў апошнюю чаргу — і нацыянальны характар, нацыянальная палітычная культура.
У сваіх мэмуарах Уінстан Чэрчыль распавядаў пра тое, як Сталін у размовах зь ім некалькі разоў паўтараў гісторыю з свайго юнацтва. У 1907 годзе малады Сталін прыехаў у Ляйпцыг разам з 200 нямецкімі камуністамі на міжнародную канфэрэнцыю. Цягнік прыбыў на станцыю дакладна паводле раскладу, аднак не было кантралёра, які мусіў сабраць у пасажыраў квіткі. Таму ўсе нямецкія камуністы паслухмяна прачакалі дзьве гадзіны, пасьля чаго сышлі з плятформы. З гэтай прычыны яны не патрапілі на пасяджэньне, дзеля якога прыехалі здалёк.
Можа, аповед і крыху ўтрыраваны, але ён даволі дакладна перадаваў асаблівасьці нацыянальнага характару, якія так уразілі носьбіта зусім іншага культурнага коду — грузіна і расійскага рэвалюцыянэра.
Акцыі 7-8 сьнежня сёлета — падобная гісторыя пра ўсходнеславянскіх «немцаў».
Вяртаючыся да палітычнага сэнсу гэтых акцый, напэўна, ня варта быць занадта ўжо рамантычным. Наўрад ці акцыя 7 сьнежня была колькі-небудзь значным фактарам, які паўплываў на вынік перамоваў у Сочы Лукашэнкі і Пуціна.
Усе апошнія заявы прадстаўнікоў беларускай улады сьведчылі пра тое, што вынік будзе хутчэй такім, чым процілеглым.
Некалькі сотняў людзей, максымум пару тысяч, якія выйшлі на вуліцу ў падтрымку незалежнасьці ў двухмільённым горадзе і 9.5-мільённай краіне — гэта няшмат.
Паказальна таксама, што на другі дзень людзей выйшла можа і не кардынальна менш, але і не відавочна больш. Тут дзейнічалі два супрацьлеглыя імпульсы.
7 сьнежня ня білі — гэты фактар дзейнічаў на карысьць павелічэньня колькасьці маніфэстантаў 8 сьнежня, калі не б’юць, то выйсьці на вуліцу маглі і больш асьцярожныя.
З іншага боку, сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы скончылася нічым, 8 сьнежня дакладна не адбылося ніякага падпісаньня «лёсавызначальных» праграм і пагадненьняў. Вось менавіта 7 сьнежня здачы незалежнасьці не адбылося дакладна — і гэта дзейнічала хутчэй у бок зьмяншэньня гатовасьці выходзіць на маніфэстацыю 8 сьнежня: прамая пагроза незалежнасьці мінула, дык чаго выходзіць?
У выніку гэтыя супярэчлівыя фактары ўзаемна анігіляваліся. Іншымі словамі, хада акцыі 8 сьнежня ня сьведчыла пра тое, што гэта — пачатак «гарачай зімы».
Але нацыянальнае адзінства праявіліся. Яно наогул ня тая рэч, якая дэманструецца кожны дзень і на запыт, а толькі ў сапраўды крытычныя моманты.
І вынікі сочынскай сустрэчы сьведчаць аб тым, што яно беларусам можа ў хуткім часе ізноў спатрэбіцца.
Лукашэнка невыпадкова прыгадаў у Сочы цану 200 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Яе два гады таму назваў Пуцін на саміце ЭАЭС, калі Лукашэнка ўчыніў скандал па газавай праблеме.
Беларусь адстаяла сваю незалежнасьць. Вельмі верагодна, што Расея цяпер пяройдзе да «пляну Б» і выставіць Беларусі рахунак за незалежнасьць, прымушаючы заплаціць за яе.