Туск назваў адну з самых вялікіх памылак у гісторыі Эўразьвязу

Цяперашні і папярэдні старшыні Эўрапейскай рады Эўразьвязу, бэльгіец Шарль Мішэль і паляк Дональд Туск. Брусэль, 29 лістапада 2019

Былы старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск сказаў, што Brexit стаў «адной з самых грандыёзных памылак» (one of the most spectacular mistakes) у гісторыі Эўразьвязу.

У інтэрвію брытанскаму выданьню The Guardian Туск прызнаў, што Brexit быў «самым балючым і сумным досьведам» падчас ягонага пяцігадовага прабываньня на пасадзе ў Брусэлі.

«Гэта чыстая ілюзія [думаць], што лягчэй будаваць добрыя адносіны зь Вялікабрытаніяй, калі яна знаходзяцца навонкі [Эўразьвязу]», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Брытаніі выбачыўся за тое, што парушыў абяцаньне пра Brexit

Туск таксама пакрытыкаваў прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона за выказваньне пра «сьмерць мозгу» NATO і за ягоны супраціў пачаць размовы з Паўночнай Македоніяй і Альбаніяй аб іх далучэньні да Эўразьвязу.

«Калі мы хочам ставіцца да Макрона як да будучага лідэра ўсёй Эўропы ў палітычным сэнсе, то для гэтага нам патрэбен палітык, які адчувае больш адказнасьці за ЭЗ у цэлым, а ня толькі за Францыю», — сказаў былы прэм’ер-міністар Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі заявіў пра «сьмерць мозгу» NATO

Туск, які пакінуў сваю брусэльскую пасаду з канцом лістапада, 20 лістапада на кангрэсе ў Заграбе быў выбраны старшынём Эўрапейскай народнай партыі. Эўрапейская народная партыя (якая ўяўляе сабою кааліцыю партый права-цэнтрысцкага спэктру) цягам двух апошніх дзесяцігодзьдзяў утрымлівае ў Эўрапарлямэнце (у якім 751 дэпутат) найбольшую фракцыю (цяпер у яе 182 мандаты).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эўракалгас, эўрабюракратыя і эўракамунізм». Факты і міты пра Эўразьвяз