Гістарычны трылер «Цана праўды», які супольна зрабілі Польшча, Украіна і Вялікая Брытанія, ужо назвалі найлепшай стужкай пра Галадамор. Сёлета на Гдынскім кінафэстывалі фільм атрымаў Гран-Пры.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўзнагародзіў рэжысэрку фільму Агнешку Голянд ордэнам Княгіні Вольгі за «значны ўнёсак ва ўшанаваньне памяці ахвяраў Генацыду ўкраінскага народу і асьвятленьне праўды пра Галадомор».
Пра што фільм і чаму яго варта паглядзець?
Пра Галадамор і ня толькі
Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі аб тым, як былы кансультант брытанскага ўраду ў міжнародных справах Гарэт Джонс, журналіст-пачатковец, едзе ў Маскву, каб узяць інтэрвію ў Сталіна і разабрацца, як савецкая ўлада фінансуе сфэру абароны.
Пасьля свайго інтэрвію з Гітлерам Гарэт Джонс спрабуе пераканаць брытанскі ўрад, што трэба рыхтавацца да новай глябальнай вайны, а для супрацьстаяньня гітлераўскім плянам ствараць альянс з Савецкім Саюзам. Але ягоны выступ ва ўрадзе Вялікай Брытаніі ўспрымаюць са сьмехам — маўляў, трэба ратаваць «эканоміку ад дэпрэсіі», а не фантазіяваць пра немагчымае.
Ужо ў Маскве журналіст даведваецца аб гібелі свайго калегі, які першым пачаў зьбіраць матэрыял пра голад ва Ўкраіне. Савецкія ўлады наклалі табу на гэтую тэму, а замежныя журналісты, акрэдытаваныя ў СССР, не закраналі яе са згоды ўрадаў сваіх краін. Эўропа і США разглядалі супрацу з Савецкім Саюзам як шанец на адраджэньне нацыянальных эканомік.
У той час дзейнасьць замежных журналістаў у Маскве каардынаваў кіраўнік бюро амэрыканскага выданьня The New York Times Уолтэр Дуранці, які за кнігу аб сталінскай індустрыялізацыі атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.
Гарэту Джонсу ўдаецца выехаць з Масквы ў савецкую Ўкраіну, падрабіўшы дакумэнт. Па дарозе ён уцякае ад свайго «спадарожніка з органаў» і мяняе зацьверджаны ім маршрут. Ва ўкраінскіх вёсках ён бачыць чэргі па хлеб, адпраўку збожжа ў Маскву, назірае, як зьбіраюць на вуліцах целы памерлых, а нават сам есьць чалавечыну...
Але яго арыштоўвае НКВД разам з шасьцю іншымі брытанскімі спэцыялістамі, якіх абвінавачваюць у шпіянажы. Умоваю вызваленьня Гарэта Джонса становіцца адмова ад публікацыяў пра Галадамор у абмен на жыцьцё іншых арыштаваных брытанцаў. Вярнуўшыся на радзіму, ён, нягледзячы на ціск сваіх уладаў, якія кіруюцца «геапалітычнай мэтазгоднасьцю», адмаўляецца замоўчваць праўду пра Галадамор ва Ўкраіне. І гэта руйнуе ягоную карʼеру і асабістае жыцьцё.
Зорны склад стваральнікаў
Праца над фільмам пачалася ў 2017 годзе. Здымкі адбываліся ва Ўкраіне, Польшчы і Шатляндыі.
Стужку паставіла вядомая польская рэжысэрка Агнешка Голянд — старшыня Эўрапейскай кінаакадэміі, намінантка прэміяў Oscar, BAFTA, уладальніца «Срэбнага мядзьведзя» Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю (2017).
Ролю Гарэта Джонса выканаў брытанскі актор Джэймс Нортан. Ён стаў вядомым пасьля ролі Андрэя Балконскага ў мінісэрыяле BBC «Вайна і мір» і Алекса Годмана ў амэрыканска-брытанскім сэрыяле «МакМафія».
Яшчэ адна брытанская акторка Ванэса Кірбі, вядомая роляю прынцэсы Маргарэт у сэрыяле Netflix «Карона» аб гісторыі брытанскай каралеўскай сямʼі, выканала ролю рэпартэркі New York Times Ады Брукс, якая дапамагала галоўнаму герою стужкі Гарэту Джонсу ў расьсьледаваньні.
У здымках удзельнічалі і шэраг украінскіх актораў — Якаў Ткачэнка, Алег Драч, Уладзімір Федарук, Ганна Шайдзюк, Анастасія Чала і Аліна Кавальская.
Афіцыйным саўндтрэкам да фільму стала аднайменная песьня «Цана праўды», якую напісала вядомая ўкраінская сьпявачка крымскататарскага паходжаньня Джамала.
Хто фінансаваў
Стужку супольна стваралі ўкраінскія кінакампаніі Kinorob і Film.ua, польская Film Produkcja і брытанская Crab Apple Film.
Фінансавую падтрымку для здымак фільму далі Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях кіно, Польскі інстытут кінэматаграфіі, Kraków Film Commission, ORKA, Kino Świat і кампанія Creative Scotland.
Агульны бюджэт «Цаны праўды» склаў 262,2 мільёна грыўняў (амаль 11 млн даляраў).
Прэмʼера на вялікім экране адбылася 28 лістапада — перад днём, калі ва Ўкраіне ўшаноўваюць памяць ахвяраў Галадамору. Налета заплянаваная тэлевізійная прэмʼера на тэлеканале «Україна».
За тыдзень кінапаказаў, паводле вытворцаў, стужку ва Ўкраіне паглядзелі 40 тысяч 957 гледачоў, а зборы на сёньня склалі амаль 4 мільёны грыўняў (прыблізна 300 тысяч беларускіх рублёў).
Чаму гэта важна і для Беларусі
Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала Галадамор 1932–1933 гадоў генацыдам украінскага народу ў лістападзе 2006 году. Ад таго часу ўкраінская ўлада праводзіць пасьлядоўную вонкавую палітыку аб прызнаньні гэтага факту на міжнародным узроўні. Паводле гісторыкаў, у той час ад голаду было зьнішчана да 4 мільёнаў украінцаў.
За 13 гадоў на парлямэнцкім узроўні Галадамор прызналі генацыдам Грузія, Эквадор, Эстонія, Калюмбія, Латвія, Літва, Мэксіка, Парагвай, Пэру, Польшча, Вугоршчына. Таксама — на парлямэнцкім і рэгіянальным узроўні — у Аўстраліі, Канадзе і Партугаліі. На рэгіянальным (муніцыпальным) узроўні адпаведныя рашэньні таксама прынялі ў Аргентыне, Бразыліі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, ЗША.
Беларусь, нягледзячы на заклік украінскай дыпляматыі, дагэтуль не прызнае Галадамор генацыдам украінскага народу. Хаця ў тыя часы беларускі народ таксама выміраў ад голаду, спрычыненага «індустрыяльнай» палітыкай Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі галадамор. 10 фактаў пра голад у БССР у 30-х і 40-х гадахЗгодна з архіўнымі дакумэнтамі, менскае партыйнае кіраўніцтва нават было вымушана прызнаваць факты канібалізму ў беларускіх вёсках і патрабаваць ад «цэнтру» дапамогі, каб прыдушыць хлебныя бунты.
Пра голад у Савецкай Беларусі ў 1933 годзе згадваў у адным са сваіх артыкулаў і Гарэт Джонс. Што праўда, маштабы беларускага галадамору, паводле гісторыкаў, нельга параўноўваць з украінскімі.
Падтрымка — на дзяржаўным узроўні
Ва Ўкраіне ўшанаваньне памяці ахвяраў Галадамору стала неадʼемнаю часткаю ўнутранай і замежнай палітыкі. Нягледзячы на частую зьмену ўрадаў, дзяржава падтрымлівае і фінансуе ўсе мастацкія праекты, прысьвечаныя гэтай старонцы ўкраінскай гісторыі.
На стварэньне фільму «Цана праўды» зь дзяржаўнага бюджэту пайшло больш за мільён даляраў.
У 2008 годзе ў цэнтры Кіева паўстаў мэмарыял ахвярам Галадамору, наведаньне якога замежнымі дэлегацыямі фактычна адразу было ўключана ў дзяржаўны пратакол.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка за ўсю гісторыю сваіх візытаў у Кіеў наведаў мэмарыял толькі ў 2017 годзе. На сустрэчы з тагачасным прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ён паведаміў, што гэты музэй зрабіў на яго «вялікае ўражаньне». Але гэтае ўражаньне не наблізіла ўладу Беларусі да прызнаньня гістарычнага факту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЖЭС-арт — тая ж „апошняя дыктатура Эўропы“». Пра прагу беларусаў да чысьціні зьнялі фільм ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4,5 мільёна. Навукоўцы падлічылі рэальную колькасьць ахвяр Галадамору ва Ўкраіне